Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: «Омікрон» ужо ў 89 краінах, у Лёндане абвясьцілі надзвычайную сытуацыю


Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) папярэджвае, што новы штам каранавірусу «Омікрон» распаўсюджваецца па сьвеце з пагрозьлівай хуткасьцю. З-за рэзкага росту захворваньня, зьвязанага са зьяўленьнем новай мутацыі, у Лёндане абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі, піша Руская служба BBC.

САЗ паведаміла, што новы штам «Омікрон» распаўсюдзіўся ўжо ў 89 краінах сьвету, колькасьць заражэньняў «Омікронам» расьце значна хутчэй, чым «Дэльтай» (папярэднім дамінантным варыянтам). Паводле дадзеных арганізацыі, колькасьць інфікаваных у сярэднім падвойваецца прыкладна кожныя тры дні.

Выбухны рост інфікаваньняў у Эўропе і ЗША выклікае ў экспэртаў асаблівую занепакоенасьць. Калі ён працягнецца, то сыстэмы аховы здароўя нават у разьвітых краінах могуць аказацца пад пагрозай перагрузкі. У прыватнасьці, гэта пагражае сыстэмам аховы здароўя Вялікай Брытаніі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, папярэджваюць у САЗ.

Мяркуючы па статыстыцы, чарговая хваля пандэміі працягваецца, але тэмпы захворваньня крыху зьніжаюцца. Паводле дадзеных Унівэрсытэта Джонса Хопкінса, за апошні тыдзень у сьвеце каранавірусам заразіліся каля 4,3 млн чалавек, а тыднем раней — каля 4,36 млн. Папярэдні пік росту прыйшоўся на жнівень, і рост тады складаў каля 4, 6 млн чалавек за 7 дзён. Цяперашнія паказчыкі захворваньня крыху вышэй, чым у канцы сьнежня 2020 году (амаль 4 млн чалавек).

На сёньняшні дзень у сьвеце зроблена больш за 8 млрд прышчэпак ад каранавірусу, з улікам таго, што для поўнай імунізацыі аднаго чалавека, як правіла, неабходны дзьве дозы.

У Лёндане аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі

Адной з самых пацярпелых ад новай мутацыі каранавірусу краін стала Вялікая Брытанія. Тут тры дні запар фіксаваліся самыя высокія паказчыкі інфікаваньня за ўвесь час пандэміі: у мінулую пятніцу было выяўлена каля 93 тысяч новых выпадкаў, у суботу лічба крыху зьнізілася (90,4 тыс. дыягназаў). Рызыка перагрузкі сыстэмы аховы здароўя прымусіла мэра Лёндану Садзіка Хана 18 сьнежня абвясьціць у горадзе рэжым надзвычайнай сытуацыі. Першымі масавымі мерапрыемствамі, адмененымі з-за «Омікрона» на гэтым тыдні сталі матчы англійскай Прэмʼер-лігі: 5 з 6 прызначаных на суботу сустрэч адклалі праз высокую колькасьць хворых футбалістаў.

Мэр Лёндана адзначыў, што пераважная большасьць людзей, якія трапілі ў бальніцы, не былі вакцынаваныя і заклікаў людзей як мага хутчэй рабіць трэція прышчэпкі (так званыя бустэры). Раней брытанскія навукоўцы ўсталявалі, што для паўнавартаснай абароны ад «Омікрона» патрабуюцца тры дозы вакцыны.

Жорсткі лакдаўн у Нідэрляндах

На фоне хуткага распаўсюду «Омікрона» Нідэрлянды зноў увялі жорсткі лакдаўн. Прэмʼер-міністар Марк Рутэ абʼявіў аб карантынных мерах, якія пачнуць дзейнічаць ужо зь нядзелі 19 сьнежня. Згодна зь імі, у Нідэрляндах будуць зачыненыя ўсе крамы, акрамя прадуктовых. Закрываюцца таксама бары, рэстараны, школы, цырульні, трэнажорныя залі і іншыя грамадзкія ўстановы. Жыхароў краіны просяць як мага менш выходзіць з дому і не зьбірацца вялікімі кампаніямі. У дамы дазволяць пускаць да двух гасьцей старэйшых за 13 гадоў адначасова, у Каляды і перад навагодняй ноччу — да чатырох чалавек. Карантынныя меры ўведзеныя сама меней да сярэдзіны студзеня.

Цяпер тэмпы заражанасьці ў Нідэрляндах не такія высокія і ў краіне вакцынавана больш за 85% насельніцтва, аднак бустэры пры гэтым зрабілі толькі каля 9% жыхароў, а гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Эўропе.

Іншыя эўрапейскія краіны таксама паступова ўзмацняюць абмежаваньні

Пакуль аб увядзеньні новых мер абʼявілі Францыя, Нямеччына і Ірляндыя. Ва ўсіх гэтых трох краінах сёньня для наведваньня публічных месцаў патрабуецца сэртыфікат аб вакцынацыі. Акрамя таго, Францыя нядаўна рэзка абмежавала ўезд у краіну зь Вялікай Брытаніі.

Нямеччына з 20 сьнежня ўводзіць двухтыднёвы карантын для тых, хто ўяжджае зь Вялікай Брытаніі. Таксама для ўезду ў краіну спатрэбіцца адмоўны тэст на каранавірус.

Мяркуючы па дадзеных Эўразьвязу, высокая заражанасьць каранавірусам цяпер захоўваецца ў Нямеччыне, Францыі, амаль усіх краінах Усходняй Эўропы і некаторых частках Гішпаніі. Агульная колькасьць памерлых ад захворваньня з пачатку пандэміі ў Эўропе набліжаецца да паўтара мільёна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG