Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як эвакуавалі пакалечаных сілавікамі беларусаў. Крысьціна Шыянок — пра ўнікальную праграму дапамогі


Крысьціна Шыянок

Прадстаўніца беларускай нацменшасьці ў камітэце пры магістраце Прагі, судовая перакладчыца Крысьціна Шыянок расказвае пра чэскую ўрадавую праграму Medevac, што дапамагала ў лячэньні і рэабілітацыі дзясяткам пацярпелых ад рэпрэсій беларусам і дактарам, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазыцыю.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты з размовы

«Medevac — унікальная праграма»

— Крысьціна, ведаю, што ад мінулай восені і да сёлетняй вясны табе давялося пакінуць убаку перакладчыцкую працу і практычна круглыя суткі працаваць у рамках праграмы Medevac, трымаючы многія рэчы ў таямніцы, каб не нашкодзіць беларусам, якія прыехалі ў Чэхію дзякуючы гэтай унікальнай праграме дапамогі. Цяпер, напэўна, можна расказаць болей.

Крысьціна Шыянок
Крысьціна Шыянок

— Я не выключэньне, многім беларусам і беларускам за апошні год давялося прымераць на сябе ролю актывістаў і актывістак, якая, магчыма, была для іх нетыповая і нязвыклая. Я, безумоўна, займалася беларускай справай, але менш ангажавалася ў дзеяньні, якія можна назваць актывізмам. Гэта нетыпова для перакладчыкаў, асабліва судовых перакладчыкаў, якія павінны займаць нэўтральную пазыцыю. Тым ня менш падзеі разьвіваліся такім чынам, што давялося пакінуць асноўныя абавязкі і займацца іншым.

Medevac — унікальная праграма ў тым сэнсе, што яна рэалізуецца на дзяржаўным узроўні пад эгідай Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта не праграма, створаная адмыслова для беларусаў і беларусак, яна існуе з 1990-х гадоў. Першапачаткова яна дапамагала на Балканах, пазьней перафарматавалася і ў асноўным высылала сваіх мэдыкаў у краіны, дзе адбываюцца войны, дзе ёсьць праблемы з даступнасьцю мэдычнай дапамогі. Выключэньнем быў Майдан, калі ў Чэхію прывезьлі пацярпелых на Майдане і забясьпечылі ім лячэньне і рэабілітацыю. У нашым выпадку праграму давялося перафарматаваць яшчэ болей.

«Усе бачылі, што нарабілі гэтыя гранаты, і рэакцыя чэскіх палітыкаў была хуткая і адэкватная»

— Як пачалася праграма, хто быў ініцыятарам?

— Супаў шэраг фактараў. Чэхія перажывала пандэмію, і многія праграмы былі спыненыя, гэта тычылася адпраўкі чэскіх мэдыкаў у іншыя краіны. А ў праграмы ёсьць бюджэт, значная частка якога заставалася нявыдаткаванай. Адначасова ў межах міністэрства былі размовы, як можна было б дапамагчы беларусам, і гэта супала з тым, што мы распачалі пэўны ціск на чэскіх палітыкаў. Ён быў абумоўлены здымкамі зь менскіх вуліц, дзе былі відаць аскепкі гранатаў чэскай вытворчасьці. Дагэтуль няма доказаў, што Чэхія парушала эмбарга, ёсьць верагоднасьць, што гэтая зброя была перапрададзеная праз трэці бок і не было прамых дачыненьняў паміж Беларусьсю і Чэхіяй у гэтым пытаньні. Тым ня менш усе бачылі, што нарабілі гэтыя гранаты, і рэакцыя чэскіх палітыкаў была хуткая і адэкватная. Усе пагадзіліся, што асноўнае, што можна зрабіць, — забясьпечыць мэдычную дапамогу для тых, хто пацярпеў.

Праграму давялося яшчэ раз перафарматаваць пад беларускую супольнасьць, таму што ўпершыню Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі не магло супрацоўнічаць з афіцыйнымі ўладамі. Чэскае міністэрства пайшло на сур’ёзны крок даверу да нас і супрацоўнічала, па сутнасьці, з дыяспарай.

Мы трымалі ўсю інфармацыю ў таямніцы да таго моманту, пакуль у Чэхіі не апынуліся ўсе, хто быў улучаны ў нашыя сьпісы. Напрыклад, прыяжджаў пацярпелы, а сямʼя заставалася ў Беларусі, і ўлады распачыналі ціск на гэтую сямʼю...

У межах першай фазы праграмы Medevac, якая была скіраваная на дапамогу перадусім фізычна пацярпелым, удалося прыняць 60 асобаў. Гэта пацярпелыя і іх сямейнікі, некаторыя прыехалі з малымі дзецьмі. На сёньня на тэрыторыі Чэхіі знаходзяцца 46 асобаў. Некаторыя прынялі рашэньне вярнуцца назад альбо пераехаць у іншыя краіны, дзе былі сваякі і знаёмыя, дзе яны пачуваліся адразу больш інтэграванымі, чым у Чэхіі.

«Менавіта з гэтага хлопца і пачалася для нас праграма»

— Мы на Свабодзе рабілі некалькі рэпартажаў і пра пра ахвяраў гвалту, і пра дактароў, якім дапамаглі ў Чэхіі. Якія гісторыі цябе найбольш кранулі?

— Кожная гісторыя вартая кнігі, вартая экранізацыі, незалежна ад ступені фізычных раненьняў. Часам псыхалягічныя траўмы мацнейшыя за фізычныя раны, якія можна вырашыць шляхам апэрацыі ці рэабілітацыі. Найбольшыя эмоцыі выклікалі гісторыі, калі гвалт учынілі ў дачыненьні да непаўналетніх. Самае страшнае, што той бок ведаў, што чалавек непаўналетні, бо яны агучвалі свой узрост, тым ня менш сілавікоў гэта не спыняла.

Гэта гісторыя непаўналетняга хлопца, які трапіў у кому ў выніку жорсткага зьбіцьця ў жніўні. Менавіта з гэтага хлопца і пачалася для нас праграма. Жанчына, якая жыла ў Чэхіі, была сяброўкай сямʼі. Калі яшчэ не было зразумела, у якім фармаце будзе рэалізоўвацца дапамога, жанчына зьвярнулася да нас як да дыяспары і папрасіла дапамагчы гэтаму хлопцу. Ён стаў, па сутнасьці, нашым першым пацыентам, але фізычна трапіў у Чэхію самым апошнім, ужо тады, калі праграма завяршалася.

Узьніклі перашкоды, пачынаючы з паўторнага затрыманьня, канчаючы сьмерцю ягонай маці, а таксама пытаньні з дазволамі на выезд зь іншых краін, бо на той момант ён знаходзіўся ўжо не ў Беларусі. Пераезд зь бясьпечнага месца на тэрыторыю ЭЗ расьцягнуўся на пару месяцаў. У выніку ён апынуўся ў Празе і цяпер інтэгруецца, жыве жыцьцём, якім належыць жыць 18-гадоваму чалавеку — вучыць мову, закохваецца, знаходзіць сяброў. Хоць псыхалягічныя траўмы, зь якімі ён сутыкнуўся, пакідаюць адбітак на ўсё жыцьцё. Мы, са свайго боку, робім усё магчымае, каб чалавек не заставаўся сам-насам са станам дэпрэсіі ці апатыі, каб спрабаваў пачаць новае жыцьцё і жыць далей.

«Пацярпелыя падавалі заявы ў Сьледчы камітэт у сувязі з учыненым гвалтам, а ў адказ там распачыналі справы супраць іх саміх»


— Як склаўся лёс удзельнікаў першага этапу праграмы Medevac?

На сайце МУС Чэхіі некалькі дзён таму зьявілася падрабязная інфармацыя пра тое, якім чынам Чэхія дапамагае беларусам, беларускам, беларускай грамадзянскай супольнасьці. Скажу ў агульных рысах. Праграма была ад пачатку разьлічаная на тое, што людзі пройдуць неабходнае лячэньне, атрымаюць псыхалягічную падтрымку, у некаторых выпадках крызісную інтэрвэнцыю, крыху рэабілітуюцца і вернуцца. У нейкі момант стала зразумела, што супраць гэтых людзей распачынаюць крымінальныя справы. Некаторыя пацярпелыя падавалі заявы ў Сьледчы камітэт у сувязі з учыненым гвалтам, а ў адказ там распачыналі справы супраць іх саміх, а ня супраць тых, хто іх біў.

Стала зразумела, што яны будуць вымушаныя застацца. Давялося яшчэ раз перафарматаваць праграму і зарыентаваць яе на першасную інтэграцыю. Міністэрства забясьпечыла курсы чэскай мовы. Пасьля таго як людзі атрымалі статус міжнароднай абароны, ім была прапанавана магчымасьць стаць бэнэфіцыярамі дапамогі ў межах дзяржаўнай інтэграцыйнай праграмы цягам 12 месяцаў. Там былі ня толькі моўныя курсы, але і дапамога сацыяльных работнікаў і работніц, дапамога з настрыфікацыяй адукацыі, атрыманай у Беларусі, дапамога з пошукам працы. На сёньня я магу сказаць, што ўсе ўдзельніцы і ўдзельнікі Medevac і дзяржаўнай інтэграцыйнай праграмы першасна інтэграваныя, многія зь іх ужо працуюць.

— Гэтыя людзі — патэнцыйныя сьведкі на будучым міжнародным працэсе ў справе гвалту над беларусамі?

— Мы кіруемся пэўнымі прынцыпамі і ня можам нікога ні да чога прымушаць. Гэта робяць толькі тыя людзі, якія самі вырашылі гэта зрабіць. Гэта моцная псыхалягічная траўма, хтосьці ня хоча вяртацца да таго, што было. Цяпер місія ААН, якая атрымала адпаведны мандат, зьбірае сьведчаньні гэтых катаваньняў, і шэраг удзельнікаў і ўдзельніц праграмы пагадзіліся супрацоўнічаць.

«Магчыма, гэта будзе праграма падтрымкі палітвязьняў, якія ўжо адбылі свае тэрміны»

— Як зьявіўся другі этап праграмы — дапамога беларускім лекарам?

— У межах першай фазы праграмы мы зрабілі гуманітарны кансыліюм, у які ўвайшлі мэдыкі, якія маюць беларускае паходжаньне, жывуць і працуюць у Чэхіі. Нам спатрэбілася іх дапамога для вэрыфікацыі некаторых выпадкаў. Адна зь іх — Вольга Жарнасек, яна стваральніца арганізацыі мэдыкаў з замежнай адукацыяй, якія жывуць у Чэхіі.

Калі завяршалася першая частка праграмы, пачыналіся масавыя рэпрэсіі супраць мэдыкаў, якія выходзілі супраць гвалту, падпісвалі лісты супраць гвалту, некаторыя зь іх бралі ўдзел у агульных маршах і траплялі за краты. І мы падумалі, што трэба дбаць пра мэдыкаў, якія дапамагалі пацярпелым, якія былі сьведкамі гэтага гвалту. МУС Чэхіі адразу падтрымала гэтую ідэю.

Другая фаза адрозьніваецца ад першай тым, што гэта была ў нейкім сэнсе працоўная міграцыя. Праграма аўтаматычна не прапаноўвала падачы на статус міжнароднай абароны, хутчэй на атрыманьне працоўных картак і іншых дакумэнтаў для легальнага далейшага знаходжаньня ў Чэхіі. У праграме ўдзельнічала некалькі дзясяткаў мэдыкаў. Ня ўсе засталіся тут. Магчыма, некаторым умовы падаліся не такімі, як яны іх уяўлялі.

Спачатку была настрыфікацыя Ня зь першай спробы, але ў выніку ва ўсіх атрымалася настрыфікаваць свае дыплёмы. Другі этап — апрабацыйныя іспыты. Іх можна здаваць на працягу двух гадоў, але цягам гэтага часу чалавек не адлучаны ад мэдыцыны. Чэскае заканадаўства дазваляе працаваць пад наглядам, калі ўжо ёсьць настрыфікацыя, але яшчэ няма апрабацыі.

Я спадзяюся, што ўдасца запусьціць трэцюю частку праграмы Medevac альбо іншую праграму, якая будзе накіраваная на гуманітарную дапамогу беларусам. Магчыма, гэта будзе праграма падтрымкі палітвязьняў, якія ўжо адбылі свае тэрміны альбо былі вызваленыя на падставе памілаваньня. Шанцы на падтрымку гэтай праграмы вельмі вялікія. Чэхія — адзіная краіна, якая ажыцьцявіла такога кшталту падтрымку на дзяржаўным узроўні пад эгідай Міністэрства ўнутраных спраў, а не няўрадавых арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG