Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куля засталася за сантымэтар ад аорты». Як беларускія доктаркі ў Чэхіі дапамагаюць пацярпелым ад гвалту беларусам


Аскепак сьвятлашумавой гранаты, які дасталі ў чэскім шпіталі зь цела аднаго з пацярпелых беларусаў

Каля 40 беларусаў лечацца ў Чэхіі па праграме дапамогі пацярпелым ад гвалту сілавікоў падчас пасьлявыбарчых пратэстаў. У межах праграмы Medevac, якую ладзіць Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі, працуюць і беларускія лекары ды псыхолягі.

Вера Каралёва працавала ў шпіталі чэскага гораду Градэц-Кралавэ, але сёлета яна ў дэкрэтным адпачынку. У апошнія месяцы, калі малая дачка засынала, Вера рабіла іншую працу — ад верасьня яна ў так званым «гуманітарным кансыліюме», які дапамагае падбіраць пацыентаў для Medevac.

«Я вывучала мэдычную дакумэнтацыю, гутарыла з пацыентамі і складала нейкі канспэкт, зь якім ужо мог апэратыўна працаваць чэскі бок. Спачатку я думала, што трэба падрабязна абмеркаваць патрэбы пацыента і мэту яго прыбыцьця ў Чэхію. Усё ж такая вандроўка — гэта таксама стрэс і не абавязкова будзе на карысьць. Але выявілася, што на такія дыскусіі няма часу. Бо значная частка нашых пацыентаў падавалі заяўку на ўдзел у праграме не таму, што ў Беларусі лекаваньне было немагчымае, але празь перасьлед з боку беларускай міліцыі.

Да гэтых людзей прыходзілі ў больніцы і намякалі на адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а то і наўпрост ёю пагражалі. То бок беларускія дактары і сястрычкі змаглі б дапамагчы гэтым пацыентам, але тыя былі вымушаныя як мага раней выпісвацца ці ўвогуле хавацца і не зьвярталіся па мэдычную дапамогу».

«Менскія дактары не рызыкнулі апэраваць»

Вера Каралёва кажа, што было і некалькі чалавек, якім у Беларусі сапраўды было цяжка атрымаць адэкватнае лячэньне. «Але такіх была меншасьць, усё ж такі беларуская мэдыцына, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, застаецца на добрым узроўні. Згадваю ў першую чаргу хлопца з агнястрэльным раненьнем лёгкага — куля засталася за сантымэтар ад аорты, і менскія дактары не рызыкнулі апэраваць. Ці мужчына з субдуральнай гематомай [від гематомы ў мозгу. — РС] з Маладэчна, рашэньне па лекаваньні якога мусіў прыняць нэўрахірург, а ў Маладэчне такога няма. Жонка гэтага пацыента проста фізычна ня справілася б вазіць яго ў Менск».

Вера Каралёва
Вера Каралёва

Каралёва тлумачыць, што дактары бралі пад увагу цяжкасьць раненьня, але парадокс у тым, што пра перавозку самых цяжкіх трэба б было дамаўляцца з уладамі Беларусі, а тыя не далі б дазволу.

Aддзяленьне функцыянальнай дыягностыкі, праскі шпіталь Na Bulovce
Aддзяленьне функцыянальнай дыягностыкі, праскі шпіталь Na Bulovce

«Доктарка-беларуска — гэта была перавага»

Пасьля прыбыцьця ў Чэхію пацыенты праходзілі агляд у мясцовых больніцах. Адным з такіх месцаў быў праскі шпіталь Na Bulovce. Доктар Ян Зэман, загадчык аддзяленьня функцыянальнай дыягностыкі ў гэтым шпіталі, кажа, што да іх зьвярнулася Міністэрства ўнутраных спраў.

«Адзін з галоўных кірункаў нашага аддзяленьня — комплексная дыягностыка стану здароўя пацыентаў. Да таго ж перавагай было тое, што ў нас ёсьць доктарка-беларуска, якая мае і адпаведную мэдычную кваліфікацыю, і можа камунікаваць з пацыентамі безь перакладчыкаў».

Доктар Ян Зэман, загадчык аддзяленьня функцыянальнай дыягностыкі і доктарка Анастасія Багушэвіч, тэрапэўтка ў гэтым аддзяленьні.
Доктар Ян Зэман, загадчык аддзяленьня функцыянальнай дыягностыкі і доктарка Анастасія Багушэвіч, тэрапэўтка ў гэтым аддзяленьні.

«Турэмны доктар вырашыў, што ён ня мае патрэбы ў дапамозе»

Доктарка Анастасія Багушэвіч, якая працуе ў аддзяленьні, абсьледавала 10 пацыентаў зь Беларусі.

«Я вызначала іх агульны стан, а потым ужо накіроўвала да вузейшых спэцыялістаў нашага шпіталя. Часьцей за ўсё гэта было артапэдычнае аддзяленьне.

У людзей былі наступствы ад удараў — пашкоджаньні грудной клеткі, брушной сьценкі, галавы, пераломы канцавін, вывіхі суставаў. У аднаго з пацыентаў пасьля зьбіцьця былі пашкоджаньні палавых органаў — яго мы накіравалі ва ўралёгію.

Было ня так проста наладзіць кантакт з пацыентамі — яны збольшага замкнёныя, асабліва маладзейшыя хлопцы. У асноўным іх білі ў мікрааўтобусах, аўтазаках, а потым у зьняволеньні. У турмах яны доўгі час не маглі атрымаць мэдычную дапамогу, хоць некаторыя зь іх нават трацілі прытомнасьць.

Адзін з пацыентаў расказаў, што турэмны доктар, агледзеўшы яго, вырашыў, што ён ня мае патрэбы ў мэдычнай дапамозе. Пры гэтым у пацыента было страсеньне мозгу, вывіх рукі ў плечавым суставе і пералом».

Анастасія Багушэвіч
Анастасія Багушэвіч

«Людзі часта прымяншаюць уласныя траўмы»

«Раны большасьці пацыентаў ужо зажылі, першую дапамогу ім аказалі нашыя беларускія калегі пасьля іх вызваленьня, але ўсе пацыенты без выключэньня мелі патрэбу ў псыхалягічнай рэабілітацыі», — кажа Анастасія Багушэвіч.

«Яны мелі адчуваньні страху, перасьледу, асабліва гэта тычылася маладзейшых людзей — наймаладзейшаму пацыенту было 15 гадоў. Большасьць пацыентаў я накіравала да псыхолягаў, а некаторых — да псыхатэрапэўтаў».

Псыхоляг Шцепан Выметал каардынаваў комплексную псыхалягічную дапамогу ў праекце Medevac:

«Мы арганізуем для ўсіх кліентаў псыхалягічную дапамогу і тэрапію траўмы. Падчас уступнага трыяжу мы высьветлілі, што прыкладна 25% кліентаў устойлівых, 50% могуць мець праблемы і ў 25% ёсьць рызыка разьвіцьця посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Далей адбываўся індывідуальны псыхалягічны догляд і ладзіліся тэрапэўтычныя групы. Псыхалягічны догляд забясьпечвалі 15 чэскіх псыхолягаў з гэтак званай Інтэграванай ратавальнай сыстэмы Чэскай Рэспублікі, якія спэцыялізуюцца на лячэньні траўмы, адна псыхіятарка і адна беларуская псыхалягіня. Яшчэ тры расейскамоўныя тэрапэўты праводзяць для кліентаў групавую арт-тэрапію і псыхарэляксацыю. Псыхалягічная дапамога ў межах Medevac мае добрыя вынікі – псыхічны стан большасьці кліентаў выразна палепшыўся».

Псыхоляг і псыхатэрапэўт Юлія Макоўская працуе ў Празе зь пяцьцю пацярпелымі беларусамі.

«Я займаюся траўмамі альбо посттраўматычным стрэсавым сындромам. Людзі змагаюцца са страхам, з трывогай, са злосьцю. Ім вельмі цяжка засынаць, бо зьяўляюцца нейкія моманты, зь якімі яны сутыкнуліся ў Беларусі.

Гэта ня толькі моманты, якія здарыліся асабіста зь імі. Яны былі сьведкамі таго, што было зь іншымі людзьмі. Вельмі часта гучыць такая фраза: "У мяне яшчэ нічога, а вось у таго ўсё нашмат складаней. Мне яшчэ пашчасьціла". Людзі часта прымяншаюць уласныя траўмы».

Юлія Макоўская
Юлія Макоўская

Юлія Макоўская кажа, што часам наступствы праяўляюцца праз доўгі час пасьля траўматычных падзеяў.

«Чалавеку здаецца, што зь ім усё добра, што фізычна ён цэлы і здаровы. І, напрыклад, толькі празь некалькі месяцаў могуць пачаць разьвівацца пэўныя сымптомы. Калі чалавек адчувае павышаную трывожнасьць, страх, злосьць, апатыю і не спраўляецца з гэтымі сваімі эмоцыямі, дык варта задумацца пра дапамогу спэцыяліста».

«Атрымаў кулю ў грудзі. А яго ж нават не пыталі, за каго галасаваў»

Паводле Макоўскай, цяпер у Беларусі, асабліва па-за вялікімі гарадамі, часта можа быць немагчыма атрымаць псыхалягічную дапамогу. Яна раіць у такіх выпадках зьвяртацца ў інтэрнэт-групы псыхалягічнай падтрымкі.

Агулам беларускія дактары кажуць, што амаль усе пацярпелыя беларусы хочуць дапамагаць іншым. Вось што кажа Вера Каралёва:

«Напрыклад, адзін з пацярпелых — прафэсійны масажыст. Ён прапанаваў, што ў вольны час будзе рабіць масаж астатнім. Мяне зьдзівіла, як можна не абурыцца на цэлы сьвет пасьля таго, як цябе зьбілі, зьневажалі проста за "не такое" меркаваньне? А шмат каго — увогуле выпадкова. Вось чалавек проста ехаў у машыне і атрымаў кулю ў грудзі. А яго ж нават не пыталі, за каго ён галасаваў.

Але большасьць удзельнікаў праграмы сапраўды ня хочуць быць пасіўнымі атрымальнікамі дапамогі. Ня ведаю, ці змагла б я ў такіх абставінах захаваць хоць нейкі аптымізм і прагу да жыцьця».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG