Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля 2020 году ўсе дапамагалі адно аднаму». Удзельніца пратэстаў стварыла ў Варшаве суполку для беларускіх стартапэраў


Вераніка Ліндарэнка
Вераніка Ліндарэнка

Айцішніца Вераніка Ліндарэнка выехала зь Беларусі з палітычных прычынаў. Цяпер яна жыве і працуе ў Варшаве. Увесну Вераніка стварыла тэлеграм-канал суполкі беларускіх стартапэраў Ū-Hub, які сёньня налічвае амаль паўтысячы ўдзельнікаў.

Ужо некалькі месяцаў суполка арганізоўвае сустрэчы, дзеляцца ідэямі, знаходзяць новыя знаёмствы, працу і супрацоўнікаў у сваю каманду. Падрабязьней пра суполку Вераніка расказала Свабодзе.

«Заставацца ў краіне было небясьпечна»

Вераніка Ліндарэнка, як і тысячы беларусаў, цяпер у прымусовай эміграцыі. Дзяўчына пакінула Беларусь празь некалькі дзён пасьля вызваленьня са сьледчага ізалятару. Туды яна трапіла летась у верасьні за ўдзел у акцыі падтрымкі салігорскага страйкаму.

Адразу Вераніка з хлопцам вырашылі проста паехаць адпачыць на два тыдні ва Ўкраіну, аднак у выніку на радзіму яны ўжо больш не вярнуліся.

«Мы паглядзелі на тое, што адбываецца, сытуацыя толькі пагаршалася: мяне выклікалі ў РАУС, пачалі правяраць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Да і хлопец таксама ўдзельнічаў у акцыях. Значыць, заставацца ў краіне было небясьпечна для нас абаіх», — тлумачыць Вераніка.

Потым пара пераехала ў Польшчу. Такое рашэньне яны прынялі пасьля таго, як даведаліся аб праграме польскага ўраду Poland.Business Harbour, створаную для падтрымкі беларускіх праграмістаў і прадпрымальнікаў у IT-сфэры.

Менавіта з гэтым зьвязная праца Веранікі.

З 2012 года Вераніка Ліндарэнка была маркетолягам у некалькіх IT-кампаніях.

Вераніка Ліндарэнка.
Вераніка Ліндарэнка.

Да рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва, яна працавала ў кампаніі OneSoil, пасьля звальненьня зь якой у 2020 годзе пачала займацца кансультацыямі для стартапаў.

«Я разумела, што ў гэтым я экспэрт і змагу дапамагчы іншым, плюс такі спэцыяліст патрабаваўся на рынку, і я вырашыла паспрабаваць. Таксама троху яшчэ ўдзельнічала ў іншых стартапах і і распрацоўвала для іх маркетынгавыя стратэгіі. Таму і адкрыла ІП, бо хацела, каб усе было афіцыйна», — расказвае суразмоўца.

Паралельна Вераніка займалася ўласным праектам SwaPlants — аплікацыяй для абмену хатнімі расьлінамі і інфармацыяй аб іх доглядзе.

«Паколькі я працавала раней у стартапе, я ведала, як „прасоўваць“ гэтыя аплікацыі. І тэма, зьвязаная з расьлінамі, мне самой была цікавая», — кажа Вераніка.

Для працы над праектам яна змагла сабраць каманду беларусаў, разам зь якой потым узяла ўдзел у некалькіх хакатонах, дзе SwaPlans аказаўся ў ліку пераможцаў.

«Спачатку ў нас быў фокус на экалёгіі і на тым, каб людзі сустракаліся пасьля ковіду і зноў пачыналі сябраваць. Пазьней з SwaPlans мы трапілі ў польскую аксэлерацыйную праграму (pre-acceleration program) пры падтрымцы Google. І ўжо там зразумелі, што трэба шмат чаго мяняць, каб гэта быў сапраўдны бізнэс, а не камэрцыйны праект. Засталася толькі тэма — расьліны, а ў астатнім трэба было рабіць pivot (зьмена курсу руху стартапу з мэтай тэставаньня новага кірунку разьвіцьця. — РС), які б заняў 2-3 месяцы».

Вераніка вырашала паставіць праект на паўзу, каб захаваць сілы і фінансава ўладкавацца ў новай краіне.

На той момант яна яшчэ працавала ў фрылансе, а таксама стварыла тэлеграм-канал суполкі беларускіх стартапэраў.

«Я была ў стрэсе, у стане, калі выходзіш з зоны камфорту і можаш шмат чаго зрабіць»

«Я не плянавала рабіць суполкі, калі толькі прыехала ў Варшаву, бо хацела вывучыць мову і арганізаваць неяк сваё жыцьцё, — кажа суразмоўца, — Але склалася так, што знаёмы хлопец-стартапэр, зь якім разам раней працавалі, аднойчы сказаў: „Ты ж умееш рабіць гэтыя суполкі! Ну давай!“ (у Беларусі Вераніка мела такі досьвед, бо рабіла лекцыі аб маркетынгу ў стартапах. — РС). Здаецца, я была ў моцным стрэсе, у стане, калі выходзіш з зоны камфорту і можаш шмат чаго зрабіць, таму і пагадзілася».

Спачатку Вераніка спыталася ва ўдзельнікаў тэлеграм-чату Poland.Business Harbour (PBH), ці шмат сярод іх зацікаўленых ва ўзьнікненьні такой суполкі. Адказы былі розныя, але большасьць выказалася станоўча. Упершыню ўжывую ўдзельнікі суполкі сустрэліся ў траўні гэтага году.

«Я вельмі хвалявалася, як усе адбудзецца, таму што ніколі ня бачыла гэтых людзей. Але сустрэча была вельмі цёплая: мы сядзелі разам за агульным сталом, павесілі наш бел-чырвона-белы сьцяг. Нават прыехала Наста Хаменкова з Іmaguru, ня ведаю, знарок ці проста так. Усе былі настроены на сяброўства, хацелі абмяркоўваць ідэі, пітчылі (рабілі кароткія прэзэнтацыі праектаў, бізнэс-ідэй. — РС)», — успамінае Вераніка Ліндарэнка.

«Нават беларусы пыталіся: „А хто за гэта плаціць?“»

Пазнаёміўшыся з аўдыторыяй, Вераніка празь нейкі час пачала ставіць для суполкі больш канкрэтныя мэты. Просты абмен ідэямі паступова ператварыўся ў адукацыю.

«Мы прыдумалі назву, было сапраўднае галасаваньне і вырашылі пакінуць Ū-Hub. Лягатып нам зрабіў удзельнік суполкі, — кажа Вераніка. — Аднак проста гутарыць ня так цікава, як рабіць нэтворкінг (стварэньне і разьвіцьцё сеткі карысных знаёмстваў) пасьля лекцый, каб людзям было што абмеркаваць».

Паколькі ў Веранікі быў досьвед з арганізаваньнем мітапаў (нефармальных збораў спэцыялістаў для абмеркаваньня пытаньняў і перадачы ведаў. — РС) у Беларусі, яна вырашыла праводзіць іх і для суполкі.

«У новай краіне знайсьці памяшканьне для арганізацыі мерапрыемстваў і кантакты цяжка», — прызнаецца Вераніка.

Паводле яе, прапановаў пляцоўкі для мітапу ад розных арганізацый і кампаній паступала шмат, аднак у большасьці выпадкаў гэтая паслуга была за грошы.

«Калі спачатку са мной размаўлялі нават беларусы, то яны пыталіся „А на каго ты працуеш?“, „Хто за гэта ўсе плаціць?“, а мне было проста цікава размаўляць з новымі людзьмі і хацелася неяк ім дапамагчы, напрыклад з працай у цікавых праектах, знаёміць стартапы зь інвэстарамі, аксэлератарамі. Проста мне задаецца, што пасьля 2020 году ўсе дапамагалі адзін аднаму і немагчыма было спыніцца. І паколькі я рабіла ўсё гэта на валянтэрскіх пачатках, то шукала каворкінгі не са зьніжкай нават, а бясплатна».

Сустрэча U-hub Warsaw ў Варшаве.
Сустрэча U-hub Warsaw ў Варшаве.

І ў Веранікі гэта пасьпяхова атрымлівалася. У выніку спатканьні з суполкай праводзілі, сярод іншага, у WeWork, офісе кампаніі Connectis, Venture Cafe Warsaw (CIC), Elektrownia Powiśle, Беларускім доме і, паводле плянаў, яны адбудуцца ў іншых месцах.

«15-16 сьнежня нас паклікаў у госьці прадстаўнік мясцовай улады Лодзі. Ён зацікаўлены ў тым, каб да іх прыяжджалі беларускія кампаніі. Таму мы паедзем туды, паглядзім горад, пазнаёмімся з новымі людзьмі з нашай сфэры. І потым раскажам пра ўбачанае беларусам у Варшаве. Можа, хтосьці захоча распачаць свае праекты там, будзем такімі „пасламі добрай волі“», — жартуе дзяўчына.

«Удзельнікі публічна не расказваюць, як ім дапамагла суполка»

Вераніка кажа, што ня ўсе ўдзельнікі тэлеграм-суполкі раней былі зьвязаныя са стартапамі:

  • 41% зь іх робяць свой стартап;
  • 10% працуюць у стартапе;
  • 36% працуюць у ІТ;
  • 10% займаюцца нетэхналягічным бізнэсам;
  • 3% —так званыя «тусоўшчыкі», якія хочуць набыць новыя знаёмствы.

Такімі атрымаліся вынікі апытаньня, якое Вераніка правяла нейкі час таму.

Тыя, каму дапамагла суполка, пра свае посьпехі публічна пакуль не расказваюць, прызнаецца суразмоўца:

«Success cases — адзін хлопец знайшоў сабе ў каманду распрацоўшчыка і дызайнэра, цяпер яны ўжо зрабілі MVP (мінімальна жыцьцяздольны прадукт) і тэсьцяць яго. І ведаю, што адзін ці два стартапы атрымалі інвэстыцыі празь інвэстара, які трапіў у наш чат. Але публічна расказваць яны пра гэта ня хочуць. Магчыма, ня ўпэўненыя ў тым, што ўсё будзе добра, але калі б яны расказалі, гэта было б і матывацыяй для іншых».

Вераніка расказала, што ў будучыні для суполкі будзе створаны сайт:

«Гэта вельмі зручна, плюс яго можна паказаць мясцовай уладзе, аўдыторыі. Такая „вітрына“, пры дапамозе якой можна ўзаемадзейнічаць. Магчыма, будзе нейкі форум ці блог, інфармацыйныя старонкі і месца, дзе можна будзе напісаць, што нехта шукае працу ці супрацоўніка».

Вераніка таксама згадала, што сустрэчы з суполкай дапамагалі і ёй знайсьці новыя працоўныя знаёмствы, веды і нават сяброў.

«Я спадзяюся, што мы вернемся, але ўсё роўна людзі спрабуюць асымілявацца і падчас гэтага цягнуцца да сваёй нацыі. Таму я за тое, каб людзі сустракаліся, як гэта робім мы», — кажа дзяўчына.

Вераніка Ліндарэнка.
Вераніка Ліндарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG