Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зброю пакінуў на базе. Што вядома пра польскага вайскоўца, які нібыта ўцёк у Беларусь


Жаўнеры 11-га Мазурскага артылерыйскага палку 16 сьнежня. Менавіта ў гэтым палку служыў Эміль Чэчка
Жаўнеры 11-га Мазурскага артылерыйскага палку 16 сьнежня. Менавіта ў гэтым палку служыў Эміль Чэчка

Прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын пацьвердзіў зьнікненьне вайскоўца Ўзброеных сіл Польшчы на мяжы зь Беларусьсю. Раней беларускі Памежны камітэт заявіў, што польскі жаўнер папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

Паводле паведамленьня беларускіх памежнікаў, польскі вайсковец Эміль Чэчка ня згодзен з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і з практыкай негуманнага абыходжаньня зь мігрантамі, менавіта таму ён зьвярнуўся па палітычны прытулак у Беларусі. У Твітэры апублікаваны фатаздымак, на якім прапагандыстка дзяржаўнага беларускага каналу размаўляе з імаверным польскім жаўнерам.

Станіслаў Жарын пацьвердзіў факт зьнікненьня польскага жаўнера, але абставінаў гэтага здарэньня ён не агучыў. На думку Жарына, паведамленьне беларускага боку можа быць непраўдзівым.

З заявай наконт зьнікненьня жаўнера выступіла кіраўніцтва адзінкі, дзе служыў зьніклы жаўнер:

«У чацьвер, 16 сьнежня, пасьля абеду, была зафіксаваная адсутнасьць жаўнера 11 артылерыйскага палка, які зьнік падчас выкананьня службовых заданьняў у ваколіцы мясцовасьці Нараўка, Семяноўка і Семяноўскае вадасховішча». — гаворыцца ў паведамленьні для прэсы.

Паведамляецца, што пошукі пачаліся адразу пасьля таго, як было заўважана зьнікненьне жаўнера, і працягваюцца да гэтага часу.

«Мы не пацьвярджаем інфармацыі ў некаторых СМІ пра нібыта ўцёкі жаўнера ў Беларусь. Мы высьвятляем гэтае здарэньне», — гаворыцца з звароце.

Эміль Чэчка нарадзіўся ў 1996 годзе ў горадзе Барташыцэ на паўночным усходзе Польшчы, непадалёк ад мяжы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі. Як паведаміла Gazeta Wyborcza, сваю зброю жаўнер пакінуў на базе, што каля Бельску Падляскага на Беласточчыне.

Жаўнеры палка, у якім служыў Чэчка. 16 сьнежня, у той самы дзень, калі ён уцёк у Беларусь
Жаўнеры палка, у якім служыў Чэчка. 16 сьнежня, у той самы дзень, калі ён уцёк у Беларусь

Эміль Чэчка зьяўляецца вайскоўцам 11-га Мазурскага артылерыйскага палка 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі, часткі якой былі перакінуты для забесьпячэньня аховы ўчастку мяжы зь Беларусьсю ў пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча на прымежных тэрыторыях Польшчы. Паводле польскіх СМІ, неўзабаве Чэчка павінен быў пакінуць армію.

15 сьнежня менавіта жаўнеры палка, у якім служыў Чэчка, выцягнулі чатырох мігрантаў з Сырыі і Іраку, якія загразьлі ў багне на беларуска-польскай мяжы. Іх знайшлі пры дапамозе вайсковага дрона. Дваіх з выратаваных шпіталізавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG