Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць праграміста і супрацоўніка «Беларусьнафты» за ўдзел у маршы


Дзьмітры Грышчанка
Дзьмітры Грышчанка

Суд Цэнтральнага раёну Гомля разглядае крымінальную справу за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй». Абвінавачаныя — праграміст Станіслаў Мачалаў і былы супрацоўнік «Беларусьнафты» Дзьмітры Грышчанка.

Станіслава Мачалава затрымалі ў траўні 2021 году. На ператрусе маці на пытаньне, за што затрымалі сына, ёй адказалі: «Няма чаго было рабіць гуманітарную візу ў Польшчу».

Дзьмітрыя Грышчанку затрымалі ў траўні пасьля таго, як міліцыя атрымала доступ да закрытага чату прадпрыемства, дзе абмяркоўвалася палітычная сытуацыя ў краіне.

Цяпер абодва праходзяць у адной справе: за тое, што нібыта 20 верасьня 2020 году на маршы ў Гомлі ўзялі ўдзел у масавых беспарадках і «ўчынілі гвалт і пагрозу гвалту над міліцыяй».

Справу разглядае судзьдзя Віктар Казачок. На судзе былі і пацярпелыя — супрацоўнікі міліцыі «Іваноў і Ларын» (асабістыя зьвесткі несапраўдныя. — РС). Яны прысутнічаюць на судзе ў масках і балаклавах.

«Учыніў пагрозу гвалту да міліцыянта, робячы пагрозьлівыя ўдары рукамі і нагамі ў бок Ларына»

Грышчанку і Мачалава абвінавацілі ў тым, што ўзялі «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». «Пасьля прарыву ачапленьня міліцыі Мачалаў і Грышчанка выйшлі на праезную частку дарогі на чырвонае сьвятло, што прывяло да парушэньня руху транспарту».

20 верасьня група гамельчукоў рухалася калёнай па праспэкце Перамогі. На скрыжаваньні з вуліцай Савецкай дарогу людзям перагарадзіў АМАП. Міліцыянты стварылі затор. Яны патрабавалі, каб людзі ішлі ў бок ўнівэрмагу «Гомель». Але там стаялі аўтазакі. Людзі, каб ня быць затрыманымі, перабеглі цераз дарогу па вуліцы Савецкай.

Мачалава абвінавацілі ў тым, што ён «пагражаў гвалтам міліцыянту, робячы пагрозьлівыя ўдары нагамі і рукамі ў бок Ларына». Таксама яго абвінавацілі ў тым, што «пад вагой цела Мачалава» міліцыянт упаў на асфальт.

На судзе пацярпелы міліцыянт дадаў, што, калі ён ляжаў на асфальце, Мачалаў «утрымліваў мяне за форменнае абмундзіраваньне».

«Шэсьце было мірным, віны не прызнаю»

Дзьмітры Грышчанка сказаў на судзе, што 20 верасьня 2020 году людзі прыйшлі на мірнае шэсьце, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю мірным шляхам, «былі натхнёныя і вясёлыя, настроеныя рашуча, але мірна». Падчас шэсьця не перашкаджалі працы транспарту, крамам і іншым арганізацыям. Прапускалі людзей падчас шэсьця і пераходзілі дарогу выключна па пешаходным пераходзе на зялёнае сьвятло, стараліся знайсьці выйсьце з сытуацыі, каб не ісьці на канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі.

«Канфліктную сытуацыю справакавалі супрацоўнікі АМАП — не далі людзям разысьціся, накіроўвалі іх у небясьпечны для людзей бок, бо там былі аўтазакі, не прапускалі людзей перайсьці па пешаходным пераходзе на зялёнае сьвятло. У які бок рухацца, людзі калегіяльна вырашалі, асобнага лідэра або арганізатара не было», — тлумачыў Дзьмітры. Ён сваёй віны не прызнаў.

Мачалаў адмовіўся ад паказаньняў. Віны не прызнае.

«Яны выкрыквалі антыпалітычныя лёзунгі, прапагандавалі сваю сымболіку»

Міліцыянты, прызнаныя пацярпелымі, далі паказаньні ў судзе. Абодва папрасілі кампэнсацыю пакут — на 600 і 2500 рублёў.

«Ня ведаю, зь якой мэтай людзі сабраліся. Нечым былі незадаволеныя. Яны выгуквалі антыпалітычныя лёзунгі, абражалі супрацоўнікаў міліцыі. Было відаць, што яны агрэсіўна настроеныя, што яны яўна супраць міліцыі і ўлады. Яны крычалі: „Горад — наш!“. Прапагандавалі сваю сымболіку, бел-чырвона-белую», — сказаў на судзе міліцыянт.

Ён дадаў, што міліцыя спрабавала спыніць натоўп, але «нас было менш, у нас гэтага не атрымалася». «Вельмі добра памятаю Мачалава — ён стаяў і крычаў усялякія непрыстойнасьці, і намеры ягоныя былі агрэсіўныя. Мяне зьбілі з ног. Калі я спрабаваў падняцца , Мачалаў і іншыя мяне ўтрымлівалі», — казаў міліцыянт.

На судзе прысутнічалі сваякі Мачалава і Грышчанкі. Міліцыянт пачаў скардзіцца судзьдзі на іх: «Я ад іх адчуваю ціск».

Пасяджэньне працягваецца, дапытваюць сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG