Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў турмой жыхарку Гомля з псыхічным разладам за тое, што ўзяла за руку амапаўца


Ларыса Кузьменка, жыхарка Гомля, якая мае псыхічны разлад.
Ларыса Кузьменка, жыхарка Гомля, якая мае псыхічны разлад.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес прысуд 49-гадовай Ларысе Кузьменцы. За «гвалт над міліцыяй» (яна схапіла за руку супрацоўніка АМАП. — РС) жанчына пакараная 2 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

У Ларысы дэпрэсія і кляўстрафобія. Яна са жніўня знаходзіцца ў турме. На судзе жанчына першапачаткова не давала паказаньняў з прычыны цяжкага псыхалягічнага стану.

27 верасьня 2020 году ў Гомлі праходзіла акцыя пратэсту. Да яе ўдзельнікаў супрацоўнікі АМАП прымянілі сьлезацечны газ і сьвятлашумавую зброю. Паводле абвінавачаньня, падчас разгону дэманстрантаў Ларыса Кузьменка схапіла за руку супрацоўніка АМАП, чым «прычыніла яму фізычны боль».

Гомель, акцыя пратэсту. На фота ў сьветлай спадніцы — Ларыса Кузьменка на маршы 27 верасьня 2020 году.
Гомель, акцыя пратэсту. На фота ў сьветлай спадніцы — Ларыса Кузьменка на маршы 27 верасьня 2020 году.

На першым пасяджэньні Ларыса Кузьменка заявіла, што віны сваёй не прызнае.

Пракурор у спрэчках выказаўся, што дзеяньні Ларысы былі «падрыхтаванымі і сплянаванымі», а злачынства зроблена ёю «ў складзе групы асоб».

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць віну Ларысы Кузьменкі цалкам даказанай.

Пракурор прасіў для абвінавачанай пакараньне ў выглядзе двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі агульнага рэжыму.

«Супрацоўнікі міліцыі знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы», — заявіў пракурор.

Адвакатка зьвярнула ўвагу суду на тое, што сярод матэрыялаў справы няма ніводнага скрыншоту зь відэа, дзе адлюстраваныя моманты, як яе падабаронная хапае за руку пацярпелага. Адвакатка падкрэсьліла, што пацярпелы на трох допытах даваў розныя паказаньні. Толькі на трэцім допыце ён загаварыў пра Ларысу Кузьменку, раней яна ніякім чынам ім ня згадвалася.

Сам пацярпелы на суд не зьявіўся.

«Заяўляць, што супрацоўнік міліцыі пацярпеў ад дзеяньняў маёй падабароннай, толькі на падставе таго, што жанчына, якую ён убачыў на відэа, апранутая ў сьветлую спадніцу і чорную куртку, недапушчальна», — лічыць адвакатка.

«Мае бацькі вучылі мяне быць добрай і дапамагаць людзям. За свае 49 гадоў я ні разу нікога не пакрыўдзіла. Я слабая жанчына. Я ніколі не асьмелілася б накінуцца на чалавека ў пагонах. Я ні ў кога не павісала на руках! Я была каля цырку, дзе наагул не было супрацоўнікаў АМАП. Я так спадзявалася, што сьледчы разьбярэцца ў маёй справе. Цяпер я спадзяюся на тое, што разьбярэцца суд. Не пазбаўляйце мяне таго часу, які адмераны мне і маім бацькам», — сказала Ларыса ў апошнім слове.

У Ларысы Кузьменкі старыя і хворыя бацькі, малы ўнук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG