Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Схапіла супрацоўніка АМАП за руку, чым прычыніла боль». Жыхарку Гомля з псыхічным разладам судзяць за «гвалт над міліцыянтам»


На фота ў сьветлай спадніцы — Ларыса Кузьменка на маршы 27 верасьня 2020

24 лістапада суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыянтам» у дачыненьні да 49-гадовай Ларысы Кузьменка. Жанчына пакутуе ад псыхічнага разладу — кляўстрафобіі і дэпрэсіі. Яна з 6 жніўня ў турме.

У чым вінавацяць жанчыну

27 верасьня 2020 году ў Гомлі праходзіла акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікаў міліцыя і АМАП залівала газам, страляла са сьвятлашумавых патронаў, шмат людзей трапілі пад затрыманьне. Апынулася ў аўтазаку, а затым — у ІЧУ, і Ларыса Кузьменка. За ўдзел у акцыі суд пакараў яе арыштам на 7 сутак. Жанчыне зрабілася блага, і яна трапіла ў псыхіятрычны шпіталь. У яе пацьвердзілі кляўстрафобію і дэпрэсіўны разлад. Паўтара месяца Ларыса Кузьменка правяла ў лякарні. Яна пакутуе на разлад каля дзесяці гадоў. Затрыманьне выклікала нэрвовы зрыў, што прывяло да рэцыдыву хваробы.

6 жніўня 2021 году Ларысу Кузьменка затрымалі другі раз. Ёй выставілі абвінавачаньне ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Паводле сьледзтва, падчас маршу 27 верасьня яна, «прымяніўшы фізычную сілу, узяла за руку супрацоўніка праваахоўных органаў і не дазваляла яму выконваць свае абавязкі». Са жніўня жанчына ў турме.

Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што 27 верасьня Ларыса Кузьменка, «дзейнічаючы з матываў палітычнай варожасьці», прычыніла пабоі і боль супрацоўніку АМАП.

Як менавіта пацярпеў міліцыянт

Пацярпелы супрацоўнік АМАП Пятроў (прозьвішча несапраўднае, бо «супрацоўнік легендызаваны». — РС) на суд не прыйшоў. Прасіў разглядаць справу безь ягонага ўдзелу.

У справе маюцца тры допыты супрацоўніка АМАП. На думку адваката, усе паказаньні на допытах супярэчаць адно аднаму.

У сваіх паказаньнях на першым допыце міліцыянт расказвае, як 27 верасьня, у той момант, калі ён перакрываў шлях калёне, нейкая «жанчына ў бэжавым паліто» нанесла яму ўдар локцем. Ён «адчуў боль у плячы», ад гэтага апусьціў руку, і натоўп прарваў ачапленьне. На другім допыце супрацоўнік АМАП казаў, што «мужчына ў чорнай масцы» «тузаў мяне ззаду за бронекамізэльку, дзе замацаваныя спэцсродкі і зброя». Той мужчына ўцёк. На трэцім допыце міліцыянт казаў, што быў яшчэ «мужчына пажылога веку», які «хапаў за руку», і была жанчына «з БЧБ-сьцягам на плячах», якая «ці адцягвала таго мужчыну, ці дапамагала гэтаму мужчыну». На трэцім допыце зьявілася і «незнаёмая мне цёмнавалосая жанчына ў акулярах і ў масцы», якая «схапіла мяне за руку і павісла на ёй», чым прычыніла фізычны боль.

У гэтай жанчыне ён апазнаў па пашпартнай базе Ларысу Кузьменку.

Што піша з турмы Ларыса Кузьменка

«Гэта не ўкладваецца ў мяне ў галаве. Сваёй віны я не прызнаю. Сьледчая абяцала мне разабрацца ў маёй справе, але не зрабіла гэтага», — сьцьвярджае Ларыса. Ад дачы іншых паказаньняў яна адмовілася праз кепскае самаадчуваньне і псыхалягічны стан.

Дома Ларысу чакаюць дачка і ўнук. Маці штодня дасылае дачцэ лісты і паштоўкі зь СІЗА. Дачка Аліна падзялілася з рэдакцыяй сайту «Гомельская вясна» яе лістамі.

«У мяне ў галаве не ўкладваецца. Я законапаслухмяны чалавек, і мяне выводзяць у калідор падчас праверак у кайданках, а мая сукамэрніца парэзала кагосьці п’яная і выходзіць без кайданкоў. Учора пад вечар у 20:15 адключылі сьвятло, стала вельмі цёмна. Такое было на мінулым тыдні, толькі раніцою, а цяпер увечары. Цёмна, закрытая прастора. Сукамэрніца, якая тут сядзіць паўтара года, сказала, што пры ёй раней такога не было», — піша Ларыса.

«Думаю, што сёньня буду знаёміцца са сваёй справай. Вельмі хвалююся і баюся, што яны там напісалі. Даруй, дзяўчынка мая, што табе даводзіцца пра мяне думаць і хвалявацца, трэба, каб было наадварот», — гаворыцца ў лісьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG