Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 сьнежня: затрымалі настаўніцу музыкі і мастачку; далі 3 гады за сутычку з АМАП

абноўлена

Пратэсты жніўня-2020 у Маладэчне

У Беларусі працягваюць асуджаць старых фігурантаў спраў за пратэсты супраць уладаў і затрымліваць новых.

Сілавікі прыйшлі з вобшукам да заснавальніка «Кінашколы»

У заснавальніка «Кінашколы» Андрэя Палупанава сёньня праходзіць вобшук. Пра гэта @by_culture паведамілі яго суседзі. Падрабязнасьцяў пра прычыны і наступствы вобшуку пакуль няма.

Андрэй Палупанаў — рэжысэр, прадусар, сцэнарыст, дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно, заснавальнік уласнай кінашколы-студыі.

У Мастах затрымалі настаўніцу музыкі

У горадзе Масты Горадзенскай вобласьці ранкам 16 сьнежня на працы затрымалі выкладчыцу сальфэджыа і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў Галіну Цярэнцьеву. Зь ейных словаў, прычынай стала «фота ў Facebook», піша «Вясна».

3 гады за патасоўку з АМАПам

Маладэчанца, якога затрымалі ў Расеі і дэпартавалі ў Беларусь, асудзілі за штурханіну з амапаўцамі. Суд Маладэчанскага раёну агучыў прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з прымяненьнем гвалту) ў дачыненьні Сяргея Непагоды, якога затрымалі ў Расеі, зьмясьцілі ў СІЗА на паўгода, а пасьля дэпартавалі ў Беларусь.

Судзьдзя Аляксей Петрусевіч асудзіў мужчыну да 3 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, Непагода павінен выплаціць 2500 рублёў «маральнай кампэнсацыі» пацярпеламу амапаўцу.

Сяргей Непагода — трэці асуджаны фігурант справы за сутыкненьне зь сілавікамі 19 чэрвеня мінулага году ў Маладэчне пасьля акцыі салідарнасьці, калі пратэстоўцы адбівалі затрыманага, а амапавец дастаў пісталет. Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцігнеева асудзілі да 3 гадоў калёніі яшчэ ў канцы верасьня.

Новы суд за пратэсты ў Мазыры

Пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні Мікіты Сілівончыка і Максіма Куксачэнкі, 2003 году нараджэньня. Юнакоў абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч.1 арт 342 КК) і ў гвалце альбо пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Згодна з абвінавачваньнем, хлопцы станавіліся ў счэпку, кідалі камяні і бутэлькі ў бок міліцыянтаў, палілі аўтамабільныя пакрышкі.

Перад судом міліцыянты фактычна прызналі тое, што МУС мае кепскую рэпутацыю ў насельніцтва. Паводле хадайніцтва пацярпелых, судовае паседжаньне зрабілі закрытым у сувязі з тым, што «ў краіне складаная палітычная сытуацыя, людзі настроеныя супраць супрацоўнікаў МУС, могуць быць раскрытыя пэрсанальныя дадзеныя пацярпелых».

Затрымалі 2D-мастачку

Мастачку Галіну Семечку з кампаніі Vizor Games затрымалі сілавікі, паведамляюць праваабаронцы. У «пакаяльным» відэа Галіна «прызнаецца», што была падпісана на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а ў жніўні 2020 году ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрыцьці дарог.

Як вядома, падобныя паказаньні ў прававой дзяржаве пад увагу не прымаюцца, паколькі выбіваюцца гвалтам і пагрозамі, адпаведна, ня маюць ніякай юрыдычнай сілы. У Беларусі суды найчасьцей ігнаруюць сьведчаньні людзей аб тым, што да іх прымяняўся гвалт, каб прымусіць падпісаць патрэбныя сілавікам паказаньні.

45 сутак запар. Тацяну Батуру зноў арыштавалі за «дробнае хуліганства»

Пасьля 30 сутак арышту ня выйшла на волю 32-гадовая Тацяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзьняволенай Вольгай Залатар.

15 сьнежня сваякі чакалі жанчыну пад Акрэсьціна, але стала вядома, што яе перавезьлі ў Фрунзэнскі РУУС. Там яна нібыта «зьдзейсьніла правапарушэньне», таму на яе склалі чарговы пратакол, паведамляе «Вясна».

16 сьнежня адбыўся суд, справу разглядала Юлія Блізьнюк. Адвакат выказаў пратэст, што Тацяну Батуру трэці раз не азнаёмілі з матэрыяламі справы. Агулам судзьдзя адхіліла шэсьць хадайніцтваў, якія заявіў абаронца, задаволіла толькі аб выкліку сьведкі.

Паводле пратаколу, 15 сьнежня каля 17.10 на тэрыторыі Фрунзэнскага РУУС жанчына «паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, на заўвагі не рэагавала». За гэта на яе склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Па словах самой Тацяны Батуры, участковы Сяргей Дзяшко ў ЦІП прапанаваў ёй праехаць на гутарку, а пасьля адмовы адказаў, што яна яшчэ не адбыла свой тэрмін і гэта неабходна зрабіць. Ва ўпраўленьні яна не ўчыняла ніякіх хуліганскія дзеяньняў і дабраахвотна зайшла за міліцыянтамі ў будынак. Але судзьдзя вырашыла, што неабходнасьці ў праглядзе відэа з камэр назіраньня няма.

Яна таксама заявіла, што міліцыянты пагражаюць некалькі месяцаў утрымліваць яе на Акрэсціна. Ім не спадабалася, што праваабаронцам трапілі аўдыёзапісы затрыманьня Тацяны Батуры 15 лістапада.

Стала вядома, што ад 18 лістапада да 5 сьнежня яе ўтрымлівалі ў карцары, апошнія пяць дзён яна трымала галадоўку.

Ніякія аргумэнты на суд не падзейнічалі — чарговыя 15 сутак арышту.

Яшчэ падчас першага суду Тацяна Батура паскардзілася на зьбіцьцё ў Фрунзэнскім РУУС — яе ўдарылі галавой аб шафу, што дыягнаставалі ў лякарні. Аднак тады судзьдзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта ня мае дачыненьня да справы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG