Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьпяховы 2021-ы: што ўратавала беларускую эканоміку


Аналіз беларускай эканомікі ў 2021-м годзе
Аналіз беларускай эканомікі ў 2021-м годзе

Што стала за год з эканомікай, адукацыяй, бізнэсам ды іншымі важнымі для жыцьця беларусаў сфэрамі? Падсумоўваем разам з экспэртамі ў пяці выніковых інтэрвію. Гэтым разам гаворка пра эканоміку.

Рост ВУП і экспарту, нягледзячы на палітычны крызіс і санкцыі. Пра тое, што адбылося зь беларускай эканомікай за год і што яе ўратавала, гаворым зь фінансавым аналітыкам «Альпары Эўразія» Вадзімам Іосубам.

Вынікі эканамічнага году
Вынікі эканамічнага году

— Як можна ацаніць мінулы год для беларускай эканомікі?

— Для эканомікі год у цэлым быў пасьпяховы. Цікава, што ў гэтым посьпеху няма заслугі беларускай эканамічнай палітыкі. Усё добрае адбылося з вонкавых прычын. Было сур’ёзнае ўзнаўленьне сусьветнай эканомікі, попыту і рост цэнаў на шэраг таварных пазыцый. Беларусі пашанцавала, бо ўзнаўляўся попыт і расьлі цэны на пазыцыі беларускага экспарту. Гэта тычыцца нафтапрадуктаў, прадуктаў харчаваньня, драўніны. Вельмі моцна вырасьлі транспартныя паслугі, транзыт чыгуначным транспартам праз тэрыторыю Беларусі.

Шмат у чым экспарт выцягнулі і паслугі — тут і рост ІТ-сэктару, і транспартных паслуг. Золатавалютныя рэзэрвы вырасьлі болей, чым чакалася. У выніку не давялося пазычаць так шмат, як здавалася ў пачатку году. Ад гэтага да канца году ўдалося падысьці са станоўчай дынамікай ВУП і з даволі стабільным курсам рубля.

— Ці былі сфэры, дзе справы склаліся ня так добра?

— Ня вельмі добра цяпер з прамымі замежнымі інвэстыцыямі, з будаўніцтвам. Ня вельмі добра справы зь сельскай гаспадаркай з прычыны няўдалага ўраджаю.

«Для беларускай эканомікі гэты год быў пасьпяховы, але ў гэтым няма заслугі ўладаў. Гэта адбылося з-за ўзнаўленьня сусьветнай эканомікі»
«Для беларускай эканомікі гэты год быў пасьпяховы, але ў гэтым няма заслугі ўладаў. Гэта адбылося з-за ўзнаўленьня сусьветнай эканомікі»

«Санкцыі пакуль не пачалі працаваць»

— Ці быў нейкі эфэкт ад санкцый?

— Яны пакуль што амаль не працавалі. Гучаць асобныя лічбы ад ураду, гавораць аб страце каля 80 мільёнаў долараў у нафтаперапрацоўчай сфэры. Былі і ёсьць страты ў авіяперавозках. Аднак гэтыя страты агулам у эканоміцы краіны ня вельмі глябальныя. Санкцыі, прынятыя ўлетку, не закранулі кантрактаў, падпісаных да лета. Амэрыканскія санкцыі, якія датычацца банкаўскай сыстэмы, пачынаюць працаваць толькі цяпер.

Што тычыцца нафтаапрацоўкі, у прыватнасьці заводу «Нафтан», да яго санкцыі прымянілі ўлетку. Расейскія нафтавыя кампаніі сьцьвярджаюць, што не прадаюць туды нафту, а завод як працаваў, так і працуе. Часткова санкцыі, якія пачалі працаваць зь лета, навучыліся абыходзіць.

«Санкцыі пакуль не пачалі працаваць. Часткова, іх навучыліся абыходзіць»
«Санкцыі пакуль не пачалі працаваць. Часткова, іх навучыліся абыходзіць»

— Калі гаварыць аб нядаўна ўведзеных санкцыях і аб санкцыях, якія пачнуць дзейнічаць у пачатку году, ці не будзе іх абыходу?

— Відавочна, што кампаніі, супраць якіх уводзяць санкцыі, будуць шукаць спробы абыходу. Наколькі гэта атрымаецца пасьпяхова, залежыць ад краін, якія гэтыя санкцыі ўводзілі. Наколькі яны будуць адсочваць гэтую сытуацыю.

— Людзі сталі жыць бядней?

— Сёлета растуць рэальныя даходы ў параўнаньні зь мінулым годам, хоць гэты рост моцна запавольваецца. Налета разам з падзеньнем эканомікі, пэўна, зьнізяцца і рэальныя даходы.

«Сёлета растуць рэальныя даходы людзей ў параўнаньні зь мінулым годам, але гэты рост моцна запавольваецца»
«Сёлета растуць рэальныя даходы людзей ў параўнаньні зь мінулым годам, але гэты рост моцна запавольваецца»

«Інтэграцыя з Расеяй нічога не дала эканоміцы»

— Што да інтэграцыі з Расеяй: пра гэта шмат гавораць, але ці ёсьць нейкі эканамічны эфэкт ад гэтага?

— Не. Папраўдзе, саюзныя праграмы, якія зацьвярджалі і падпісвалі, шмат у чым дэкляратыўныя. Калі казаць, аб чым бакі дамовіліся, то яны дамовіліся дамаўляцца далей. Самы яскравы прыклад з апошняй практыкі — гісторыя пра ўвядзеньне падатку на дадатковую вартасьць для онлайн-крамаў з Расеі, Wildberries напрыклад. Гэтыя крамы зарэгістраваныя ў Расеі і там плацяць ускосныя падаткі, у тым ліку падатак на дадатковую вартасьць. А ў Беларусі хочуць, каб яны і ў іх падаткі плацілі, то бок гэта падвойнае падаткаабкладаньне. Цікава, што адна з саюзных праграм якраз тычылася гарманізацыі ўскосных падаткаў, каб выключыць падобныя сытуацыі.

— Для беларускага рубля гэты год склаўся пасьпяхова?

— Усе тры замежныя валюты цяпер каштуюць менш, чым у пачатку году. Даляр і расейскі рубель ня значна патаньнелі з пачатку году, але эўра патаньнеў на 9%. Гэта зьвязана з падзеньнем эўра на сусьветных рынках. Былі хваляваньні з сакавіка, потым рубель умацоўваўся. У другой палове лістапада рубель крыху страціў. Асноўная прычына таго, што рубель прайшоў год пасьпяхова, — на рынку ў асноўным быў чысты продаж валюты ўсімі ўдзельнікамі рынку.

З пачатку году на чыстай аснове ўсе ўдзельнікі рынку (прадпрыемствы, банкі, людзі) прадалі амаль 1,5 мільярда даляраў. Палова гэтай сумы прыпадае на прадпрыемствы, прыкметна валюту прадавалі прадпрыемствы-нерэзыдэнты. Зусім ня шмат, але прадавалі грамадзяне. У аснове перавышэньня продажу над попытам якраз той экспартны цуд, які здарыўся сёлета. Гэта дазволіла вырашыць дзьве задачы: з аднаго боку, рубель умацаваўся, з другога — Нацбанк нарошчваў рэзэрвы. Па выніках 11 месяцаў ЗВР склаў 8,5 мільярда даляраў. А па плянах яны мусілі быць ня менш за 6 мільярдаў даляраў. 1 мільярд — гэта разьмеркаваньне ад МВФ, якога не плянавалі. Але і бяз гэтага мільярда ЗВР вышэйшы за пляны на 1,5 мільярда даляраў.

«Інтэграцыя з Расеяй нічога не дала беларускай эканоміцы»
«Інтэграцыя з Расеяй нічога не дала беларускай эканоміцы»

«Людзі прадавалі валюты больш, чым куплялі»

— Тое, што людзі прадавалі валюты больш, чым набывалі, сьведчыць, што яны пачалі траціць свае запасы?

— Людзі ўстойліва больш прадаюць валюты, чым купляюць, зь ліпеня. Гэта зьвязана з запавольваньнем рэальных даходаў і неабходнасьцю лезьці ў заначку. Таксама гэта можна зьвязаць з тым, што частка людзей, якія выехалі зь Беларусі на працу, актыўна пералічваюць у Беларусь грошы.

— Наколькі праблемны цяпер беларускі доўг? Ён складае 18,2 мільярда даляраў.

— Апошнія гады вонкавы доўг адносна стабільны. Пакуль удавалася рэфінансаваць доўг. Новыя даўгі бралі, каб пагашаць старыя. Апошні год рэфінансаваць вонкавы доўг стала больш складана. Сёлета ў гэтым дапамог экспарт.

— А на сёньня Беларусі засталося ў каго пазычыць, апроч Расеі?

— Былі размовы аб тым, што ў Беларусі ёсьць такі стратэгічны сябра, як Кітай. Але зь лета мінулага году ад яго ніякіх крэдытаў не было. Былі дробныя крэдыты, не зьвязаныя з Расеяй. Ёсьць фінансавыя арганізацыі, якія могуць крыху падкінуць. Аднак Беларусі штогод трэба ня менш за 2,5 мільярда даляраў на год. Таму гэтыя альтэрнатыўныя гульцы ролі асабліва ня граюць. Застаецца Расея. Гэта могуць быць крэдыты ўраду, расейскіх дзяржбанкаў ці крэдыты Эўразійскага банку разьвіцьця. Іншых, у каго можна пазычыць, не відаць.

«У наступным годзе будзе зьмяншэньне экспарту і ВУП»

— Чаго чакаць у пачатку наступнага году?

— Так добра, як у 2021-м, ня будзе, бо добра было нарошчваць экспарт зь нізкай базы 2020 году. У сьвеце заклапочаныя ростам інфляцыі, ідзе згортваньне працы друкаванага станка ў ЗША, чакаецца рост ставак, запаволіцца рост цэнаў на тавары. Могуць пайсьці ўніз цэны на нафту і нафтапрадукты, таму такога патоку экспартных грошай чакаць ня варта.

Пачнуць дзейнічаць новыя санкцыі, якія датычаць нафтаперапрацоўкі і хіміі. Лепш ад гэтага ня стане дакладна. Таму налета будзе сьцісканьне ВУП, зьмяншэньне экспарту, а значыць, будзе складаней, чым у 2020 годзе.

«Налета разам з падзеньнем эканомікі могуць зьнізіцца рэальныя даходы людзей»
«Налета разам з падзеньнем эканомікі могуць зьнізіцца рэальныя даходы людзей»

Што адбылося ў эканоміцы за год:

  • Экспарт вырас на 32%
  • Людзі і прадпрыемствы прадалі 1,5 мільярда даляраў
  • ЗВР аказаўся на 2,5 мільярда большы, чым плянавалі
  • Беларусы вінаватыя банкам 16,2 мільярда рублёў
  • Замежны доўг Беларусі (18,2 мільярда даляраў) з пачатку году зьменшыўся на 1,6%

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG