Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Аўстрыі заклікаў увесьці «Паўночны паток – 2» у эксплюатацыю


Карл Нэгамэр
Карл Нэгамэр

Новы канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр заявіў, што санкцыі супраць газаправоду «Паўночны паток – 2» праз сытуацыю на расейска-ўкраінскай мяжы нашкодзяць Эўразьвязу. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію газэце Die Welt.

Канцлер заклікаў увесьці газаправод у эксплюатацыю, як і плянавалася, бо краінам ЭЗ патрэбныя газ і нафта. Ён заявіў, што ў тым ліку Аўстрыі важна гарантаваць энэргазабесьпячэньне як мага з большай колькасьці крыніц.

«Я ня зьвязваю ўвод у эксплюатацыю „Паўночнага патоку – 2“ з паводзінамі Расеі ўва Ўкраіне. Але зразумела і тое, што гвалт ня можа быць палітычным сродкам. Парушэньне міжнароднага заканадаўства будзе мець адпаведныя наступствы, як гэта ўжо было ў мінулым», — сказаў Нэгамэр.

Раней улады ЗША заклікалі Нямеччыну адмовіцца ад «Паўночнага патоку – 2», які мае дастаўляць расейскі газ праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну і ЭЗ, калі Расея ўварвецца ва Ўкраіну.

Газаправод ужо дабудавалі, але яшчэ не сэртыфікавалі. Міністарка замежных справаў ФРГ Анналена Бэрбак 12 сьнежня патлумачыла гэта тым, што праект «Паўночнага патоку – 2» не адпавядае эўрапейскім праўным нормам, таму пакуль ня можа быць запушчаны. Пасьля яе заявы цана газу ў Эўропе перавысіла 1400 даляраў за тысячу кубамэтраў упершыню з пачатку кастрычніка.

Супраць будаўніцтва газаправоду выступаюць ЗША, Украіна і шэраг краін Эўразьвязу. Праціўнікі праекту лічаць, што Расея зможа выкарыстаць яго як вагар ціску на іншыя краіны. Кіеў таксама асьцерагаецца, што праз «Паўночны паток – 2» спыніцца транзыт газу праз украінскую тэрыторыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG