Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўка Ярмошынай — гэта спроба рэбрэндынгу


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Напярэдадні новай электаральнай кампаніі Лукашэнка імкнецца вярнуць легітымнасьць ЦВК. А для гэтага трэба зрабіць рэбрэндынг, замяніць ранейшы, сапсаваны брэнд на новы.

Сьцісла:

  • Ярмошына забясьпечвала легітымнасьць існага рэжыму і яго кіраўніка.
  • Галоўны вынік 25-гадовай працы Лідзіі Ярмошынай на пасадзе старшыні ЦВК — гэта стварэньне своеасаблівай выбарчай машыны, якая чвэрць стагодзьдзя працуе як гадзіньнік, дае патрэбны ўладам вынік.
  • Ярмошына — гэта ня проста чалавек з такім прозьвішчам, ня проста чыноўнік на адказнай пасадзе. За 25 гадоў гэтае прозьвішча стала брэндам.
  • Аднак нізкі давер да ЦВК спрычыніўся і да сумнеўнай легітымнасьці прэзыдэнцкіх выбараў 2020 г.

Здавалася, гэтая кар’ера ня скончыцца ніколі. Мяняліся міністры, кіраўнікі ўраду, старшыні КДБ, кіраўнікі адміністрацыі прэзыдэнта і старшыні аблвыканкамаў. А яна заставалася. Чвэрць стагодзьдзя. Бо яе пасада больш важная. Яна забясьпечвала нешта такое, што вызначаецца такім мудрагелістым, трохі эфэмэрным тэрмінам, як «легітымнасьць» існага рэжыму і яго кіраўніка.

Яе зьяўленьне на пасадзе старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) адбылося з парушэньнем закону. Прызначэньне кіраўніка ЦВК было прэрагатывай Вярхоўнага Савету. Аднак Лукашэнка парушыў заканадаўства і ў 1996 годзе прызначыў Лідзію Ярмошыну на пасаду старшыні ЦВК сваім указам. А яе папярэдніка, законнага кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара, супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта літаральна вынесьлі на руках з кабінэта. То бок яе кар’ера пачалася, з прававога гледзішча, з своеасаблівай родавай траўмы. І гэтая сумнеўная законнасьць спадарожнічала ёй увесь час яе працы.

Галоўны вынік 25-гадовай дзейнасьці Лідзіі Ярмошынай — гэта стварэньне своеасаблівай выбарчай машыны, якая чвэрць стагодзьдзя працуе як гадзіньнік, дае патрэбны ўладам вынік. Гэтая машына настолькі дасканалая, што ўвойдзе ў падручнікі, якія апісваюць мэханізм несапраўдных выбараў. Гэта нават няправільна было б назваць фальсыфікацыямі. Падчас беларускіх выбараў адбываецца нешта вельмі своеасаблівае і непаўторнае. Проста волевыяўленьне выбаршчыкаў падчас галасаваньня і афіцыйныя вынікі — гэта дзьве паралельныя рэальнасьці, якія ніколі не перасякаюцца.

Не адна Ярмошына стварала гэтую выбарчую машыну. Гэта была праца ўсяе выканаўчае вэртыкалі. Аднак кіраўніца ЦВК займалася юрыдычным афармленьнем, палітычным апраўданьнем, рытарычным абгрунтаваньнем. І рабіла гэта віртуозна, натхнёна, з энтузіязмам, выкарыстоўваючы ўвесь свой нядобры талент дзеля ўмацаваньня рэжыму.

Таму Ярмошына — гэта ня проста чалавек з такім прозьвішчам, ня проста чыноўнік на адказнай пасадзе. За 25 гадоў гэтае прозьвішча стала брэндам. Таму Лукашэнка так доўга за яе трымаўся. Бо пакуль яна заставалася на чале ЦВК, усе кіраўнікі вэртыкалі на месцах, старшыні выбарчых камісій добра разумелі, што выбары павінны прайсьці па звычайнай схеме.

Але 2020 год усё паламаў. Аказваецца, паводле дадзеных Інстытуту сацыялёгіі, рэйтынг даверу Цэнтравыбаркаму ў Менску ў красавіку таго году складаў 11 працэнтаў. Нізкі давер да ЦВК спрычыніўся і да сумнеўнай легітымнасьці прэзыдэнцкіх выбараў. Наступствы гэтага мы добра бачылі. Выбары не прызнала ні большасьць беларускага грамадзтва, ні Захад. Зразумела, ня толькі Ярмошына ў гэтым вінаватая. Але ж яна — брэнд.

І напярэдадні новай электаральнай кампаніі Лукашэнка імкнецца вярнуць легітымнасьць ЦВК, усёй працэдуры галасаваньня і іх вынікам. А для гэтага трэба зрабіць рэбрэндынг, замяніць ранейшы сапсаваны брэнд на новы, іншы, які не нясе нэгатыўнай нагрузкі.

Аднак наўрад ці з гэтага нешта выйдзе. Бо тут, як у вядомым анэкдоце, сыстэму мяняць трэба, а не асобных чыноўнікаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG