Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаў апірышча «каляровых рэвалюцый», вярнуў у школы ваенрукоў. 10 фактаў пра Ігара Карпенку, які ўзначаліў ЦВК


Ігар Карпенка, архіўнае фота

Лукашэнка прызначыў новым кіраўніком Цэнтравыбаркаму міністра адукацыі і лідэра праўладнай Кампартыі Ігара Карпенку. Свабода сабрала факты і інфармацыю пра ўчынкі Карпенкі, якімі ён запомніўся на сваіх ранейшых пасадах.

Родам з Расеі

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Новакузьнецку Кемераўскай вобласьці Расеі. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і ангельскай мовы», Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны».

Ідэйны камуніст

Сябра КПСС з 1984 году, адзін зь ініцыятараў адраджэньня Камуністычнай партыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ і першым сакратаром Менскага гарадзкога камітэту КПБ.

У кастрычніку 2012-га яго выбралі першым сакратаром Цэнтральнага камітэту КПБ, якая зьяўляецца праўладнай і ўсяляк падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. На пасадзе намесьніка старшыні Менгарвыканкаму адказваў за ідэалягічную і грамадзка-палітычную дзейнасьць. З пасады кіраўніка партыі ён сышоў, калі стаў міністрам адукацыі.

Быў пад санкцыямі Эўразьвязу

Па выніках леташніх палітычных узрушэньняў Ігар Карпенка пазьбег трапляньня ў санкцыйныя сьпісы, але меў такі досьвед 10 гадоў таму. Ад 2011-га, пасьля чарговых сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, у якасьці дэпутата Палаты прадстаўнікоў і кіраўніка камісіі міжнародных спраў апынуўся пад візавымі і эканамічнымі абмежаваньнямі Эўразьвязу.

Падчас працяпленьня адносінаў з Захадам пэрсанальныя санкцыі былі зьнятыя. Ягоная папярэдніца Лідзія Ярмошына за фальсыфікацыі выбарчых кампаній пад санкцыямі была практычна заўсёды.

Не арганізаваў дыстанцыйнага навучаньня падчас пандэміі

Апошнія 5 гадоў Ігар Карпенка узначальваў Міністэрства адукацыі і запомніўся дачыненьнем да шэрагу спрэчных навацый ды ціскам на выкладчыцкую супольнасьць.

Летась у прэзыдэнцкую адміністрацыю паступіла пэтыцыя з патрабаваньнем адстаўкі міністра адукацыі. Прычынай звароту паслужыла тое, што міністар адукацыі ня справіўся з праблемамі, якія ўзьніклі ў выніку пандэміі каранавірусу.
Указвалася, што чыноўнік ня змог арганізаваць дыстанцыйнага навучаньня для вучняў і студэнтаў, не гарантаваў бясьпекі найбольш уразьлівым групам. За тыдзень пад пэтыцыяй падпісаліся больш за 5 тысяч чалавек.

Шукаў апірышчы «каляровай рэвалюцыі»​ сярод прыватных школ

Сёлета Ігар Карпенка адзначыўся, заявіўшы, што «паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзкіх ці рэлігійных аб’яднаньняў» выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апірышчам для «каляровай рэвалюцыі». А іх супрацоўнікі і кіраўнікі аказаліся ў «дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню».

Датычны да перасьледу выкладчыкаў

Пасьля леташніх выбараў і пратэстаў ўлады разгарнулі кампанію перасьледу работнікаў сыстэмы адукацыі, якія адмаўляліся ўдзельнічаць у фальсыфікацыях выбараў, далучыліся да розных формаў пратэстаў і проста выказвалі сваю пазыцыю. Многія зь іх страцілі працу, трапілі пад адміністрацыйны і крымінальны перасьлед.

Выказаўся пра звальненьне Ганны Севярынец за верш пра Колю Лукашэнку

Адным з самых гучных стала непрацягненьне кантракту ў смалявіцкай гімназіі з пэдагогам і літаратаркай Ганнай Севярынец. Падставай стаў яе верш пра Аляксандра Лукашэнку са згадваньнем ягонага сына Мікалая «А я за вас не галасавала ніколі» на сайце Свабоды 6 чэрвеня 2020-га. Тады Ігар Карпенка сказаў, што пэдагог ня мае права маніпуляваць дзецьмі, каб дагадзіць сваім палітычным поглядам.

Вярнуў у школы ваенрукоў

Ад 1 верасьня 2021 году зь ініцыятывы Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны ў школах вярнулі пасаду кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Усяго каля дзьвюх тысяч ставак, удакладніў Ігар Карпенка. Па яго словах, улады распрацавалі адмысловую праграму ў рамках Рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхаваньня. Маўляў, гэта трэба, каб моладзь усьведамляла свой абавязак перад Айчынай і ня думала, што служба ў войску — гэта страта часу.

Таксама міністар непасрэдна спрычыніўся да фармалізацыі гімназічнай адукацыі праз «ураўнілаўку» ўсіх школаў і вучняў. Вынікам стала адмена іспытаў пры паступленьні ў гімназіі пасьля 4-й клясы. Гэта пры тым, што ў 1990-х дзеці праходзілі адмысловую гутарку перад залічэньнем нават у 1-ю клясу.

Па-беларуску не выступаў

Падчас кадэнцыі Ігара Карпенкі яшчэ больш пагоршылася сытуацыя зь беларускамоўным навучаньнем. Закрылася вялікая колькасьць беларускіх школаў у вёсках, гарадзкія ўстановы адукацыі русыфікаваліся.

Сам чыноўнік не валодае беларускай мовай, прынамсі ніводнага разу не прамаўляў на ёй публічна. Мала таго, у якасьці намесьніка старшыні Менгарвыканкаму неаднаразова выказваўся супраць пашырэньня беларускай мовы ў грамадзкім ужытку, у прыватнасьці адмаўляў беларускую лацінку, прапануючы перакладаць назвы станцый мэтро на расейскую мову.

Ужо адказваў за выбары

Заступаючы на новую пасаду, Ігар Карпенка адзначыў, што мае досьвед «выбарчых кампаній», нават узначальваў Менскую гарадзкую выбарчую камісію.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман, камэнтуючы асобу «зьменшчыка Ярмошынай», адзначыў што гэта «найлепшае пацьверджаньне таго, што ніякіх рэформаў у выбарчай арыфмэтыцы ўлада не плянуе». Па яго словах, экс-лідэр кампартыі яшчэ намесьнікам кіраўніка Менгарвыканкаму арганізоўваў патрэбныя вынікі на выбарах у сталіцы, як міністар адукацыі выдатна спраўляўся з пакаваньнем настаўнікамі і дырэктарамі тысяч выбаркамаў, а пасьля 2020-га — з чысткамі сыстэмы ад неляяльных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG