Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі зафіксавалі першы выпадак сьмерці ад штаму «Омікрон»


Паводле словаў прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Борыса Джонсана, на омікрон-штам прыпадае 40% усіх новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у Лёндане.

Улады Вялікай Брытаніі, паводле ТАСС, зарэгістравалі першы выпадак сьмерці чалавека, які заразіўся омікрон-штамам каранавірусу. Пра гэта ў панядзелак паведаміў прэм’ер-міністар Злучанага Каралеўства Борыс Джонсан.

«На жаль, мы назіраем выпадкі шпіталізацыі ў выніку заражэньня омікрон-штамам. Памёр сама меней адзін пацыент, інфікаваны „Омікронам“», — адзначыў кіраўнік ураду, выступаючы перад журналістамі пасьля наведваньня цэнтру вакцынацыі на захадзе Лёндану.

У сувязі з выяўленьнем першага сьмяротнага выніку пасьля заражэньня «Омікронам» прэм’ер заклікаў жыхароў краіны не адкладаць прышчэпку бустэрнай дозай вакцыны ад каранавірусу. «Я думаю, што нам трэба пакінуць убаку меркаваньне аб тым, што „Омікрон“ — мякчэйшая вэрсія каранавірусу. Трэба прызнаць, што ён распаўсюджваецца з высокай хуткасьцю сярод насельніцтва. Найлепшае, што мы можам зрабіць у такой сытуацыі, — гэта атрымаць бустэрную дозу», — сказаў Джонсан.

Паводле словаў прэм’ера, на омікрон-штам прыпадае 40% усіх новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у Лёндане. «Ужо заўтра большасьць [новых] выпадкаў будуць зьвязаныя з гэтым штамам», — дадаў ён.

Важнасьць рэвакцынацыі

У нядзелю галоўныя санітарныя лекары Ангельшчыны, Паўночнай Ірляндыі, Валіі і Шатляндыі абвясьцілі пра павышэньне ступені пагрозы, якая паходзіць ад каранавірусу, з трэцяга ўзроўню да чацьвёртага (усяго іх пяць) на фоне актыўнага распаўсюджваньня штаму «Омікрон». Джонсан праінфармаваў, што праграма рэвакцынацыі будзе распаўсюджана на ўсіх жыхароў каралеўства, старэйшых за 18 гадоў, да канца бягучага году. Цяпер забраніраваць час наведваньня цэнтру вакцынацыі для атрыманьня бустэрнай дозы могуць асобы, старэйшыя за 30 гадоў, і пацыенты з хранічнымі захворваньнямі.

Пра важнасьць рэвакцынацыі 10 сьнежня таксама паведаміла Агенцтва бясьпекі ў галіне аховы здароўя Вялікай Брытаніі (UKHSA). Паводле ягоных дадзеных, бустэрная доза вакцыны ад каранавірусу «значна павышае» эфэктыўнасьць прэпаратаў, забясьпечваючы пацыентаў абаронай ад заражэньня зь верагоднасьцю 70–75%.

Апублікаванае ў панядзелак дасьледаваньне навукоўцаў Оксфардзкага ўнівэрсытэту пацьвердзіла тэзу аб тым, што дзьвюх дозаў вакцыны можа быць недастаткова для прадухіленьня заражэньня омікрон-штамам. Амаль за тры месяцы ад моманту старту праграмы рэвакцынацыі ў каралеўстве бустэрную дозу атрымалі 23 100 000 чалавек (40% насельніцтва, старэйшага за 12 гадоў).

Раней на фоне распаўсюджваньня гэтага штаму ўлады Вялікай Брытаніі ўзмацнілі жорсткасьць каранавірусных абмежаваньняў. Працадаўцам рэкамэндавана вярнуць супрацоўнікаў на дыстанцыйны рэжым працы, нашэньне масак ізноў стала абавязковым у большасьці зачыненых памяшканьняў. Упершыню было ўведзенае абавязковае патрабаваньне дэманстраваць электроннае пасьведчаньне аб поўнай вакцынацыі пры наведваньні некаторых масавых мерапрыемстваў і начных клюбаў.

«Омікрон» у Вялікай Брытаніі

Усяго ў краіне выяўлена 3137 выпадкаў заражэньня омікрон-штамам каранавірусу, зь якіх 1239 былі выяўлены за апошнія суткі. Яшчэ 9 сьнежня кіраўнік брытанскага Міністэрства аховы здароўя Саджыд Джавід заявіў, што ў рэальнасьці гэты паказьнік можа ўжо дасягаць 10 тыс. выпадкаў.

10 сьнежня UKHSA праінфармавала, што пры захаваньні цяперашняга тэмпу распаўсюджваньня омікрон-штаму да канца году ў краіне будзе зарэгістравана каля 1 млн выпадкаў заражэньня. Ужо да сярэдзіны сьнежня штам «Омікрон» можа стаць дамінуючым у каралеўстве.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG