Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заявілі, што ўсе грошы пайшлі мігрантам, і параілі ехаць да іх на мяжу». Былы палітзьняволены з інваліднасьцю застаўся бяз пэнсіі


Аляксей Раманаў

23 лістапада з калёніі ў Глыбокім вызваліўся палітвязень Аляксей Раманаў. Ён інвалід другой групы, мае анкалягічнае захворваньне. Да калёніі ён атрымліваў пэнсію па інваліднасьці. Цяпер яе не даюць, бо не прыйшлі дакумэнты з калёніі.

«У мяне такое адчуваньне, што ўлады хочуць маёй галоднай сьмерці! Калі мяне пасадзілі, я чатыры месяцы не атрымліваў пэнсіі па інваліднасьці — столькі часу ішлі паперы з Гомля ў Глыбокае. Цяпер тая ж гісторыя, толькі іншая геаграфія. Мне ня плацяць пэнсіі, бо не прыйшлі паперы з Глыбокага! Як я ўжо меў такі досьвед, ведаю, што яны могуць ісьці яшчэ некалькі месяцаў», — расказаў Аляксей Раманаў.

Працаваць ён ня можа па стане здароўя, цяпер чакае новай апэрацыі — за час зьняволеньня абвастрыўся рак.

«Пайшоў я ў Гомлі ў Чырвоны Крыж — яны ж нібыта дапамагаюць бедным. Мне там заявілі, што ўся дапамога цяпер ідзе мігрантам на мяжу. Адзінае, прапанавалі ношаную вопратку. Тады я пайшоў у Цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Яны таксама заяўляюць, што дапамагаюць „уразьлівым катэгорыям насельніцтва“. Там супрацоўніца сказала: „У нас нічога няма, пустыя фонды, усё пайшло мігрантам на мяжу“. Калі я пачаў абурацца, яна мне параіла, прычым зьдзекліва, ехаць на мяжу да мігрантаў і там прасіць дапамогі», — дадаў былы палітвязень.

Улетку 2020 году Аляксей Раманаў браў актыўны ўдзел у агітацыйнай кампаніі за Сьвятлану Ціханоўскую. Раманаў выступаў на пікетах, якія ладзіліся ў райцэнтрах Гомельскай вобласьці. За выказваньні на пікеце ў Хойніках ён атрымаў крымінальную справу за «абразу прэзыдэнта». 16 сьнежня 2020 году суд пакараў яго годам калёніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG