Чырвоны крыж пачаў надзвычайны збор 10 мільёнаў эўра на дапамогу мігрантам ля беларускіх межаў

Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца абвесьціла надзвычайны збор на суму 9,5 мільёнаў швайцарскіх франкаў (каля 10 мільёнаў эўра).

Мэта збору — дапамога краінам у пераадоленьні крызісу зь мігрантамі на мяжы Беларусі, Літвы і Польшчы. Пра гэта паведаміла дырэктарка Эўрапэйскага рэгіянальнага офісу арганізацыі Біргітэ Бішоф Эбэзэн.

У закліку, апублікаваным арганізацыяй, гаворыцца, што дапамога патрэбная 12 тысячам чалавек, а ўсяго праблема закранула прыкладна 20 тысяч чалавек, пераказвае Zerkalo. io.

«Гэтая лічба ўключае нядаўнія дадзеныя беларускіх уладаў аб 7000 мігрантаў у Беларусі, а таксама 3500 мігрантаў у цэнтрах у Літве і невядомую колькасьць у цэнтрах у Польшчы», — гаворыцца ў дакумэнце.

Сабраныя грошы плянуюць накіраваць нацыянальным таварыствам Чырвонага Крыжа ў Беларусі, Літве і Польшчы. Чакаецца, што гэтая сума пойдзе на дапамогу з разьмяшчэньнем, перамяшчэньнем, абаронай здароўя, а таксама побытавыя патрэбы.

«Як толькі мы зьбяром дадзеную суму, будзе аказана дапамога БТЧК. Мы ўжо перавялі некаторую суму, якая з’яўляецца часткай гэтай міжнароднай падтрымкі — 266 тысяч эўра», — распавёў выданьню Sputnik кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Расіі і Беларусі Джон Энтвісол.

Акрамя таго, да працы на беларуска-польскай мяжы падключаць міжнародных экспэртаў, якія дапамогуць беларускім калегам сваімі ведамі.

Штодня, паводле зьвестак гендырэктара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, выдаткі толькі на ежу складаюць каля 10 тысяч эўра.

26 лістапада Аляксандр Лукашэнка падчас візыту ў лягер у «Брузгах», Аляксандар Лукашэнка сказаў, што на мігрантаў Беларусь ужо выдаткавала 12,6 мільёнаў даляраў.

У Горадзенскім аблвыканкаме растлумачылі, што ўтрыманьне мігрантаў патрабуе немалых затрат, і «кожны дзень гэтая сума расьце». Грошы, прыкладам, ідуць на аплату паслуг ЖКГ, уборку цэнтра, прадукты, мэдычную дапамогу. Пральных машын там няма, адпаведна, сюды неабходна ўключыць паслугі пральні. Акрамя таго, гэта яшчэ і праца мэдыкаў, памежнікаў, мытнікаў і іншых адмыслоўцаў.

​
XS
SM
MD
LG