Лінкі ўнівэрсальнага доступу

44 тысячы чалавек выйшлі на акцыю ў Вене супраць санітарных абмежаваньняў


Акцыя супраць санітарных абмежаваньняў, Вена, Аўстрыя, 6 сьнежня

Людзі пратэставалі супраць строгіх захадаў па стрымліваньні распаўсюду COVID-19, уключаючы абавязковую вакцынацыю.

Паліцыя паведамляе, што на мітынгу ў сталіцы Аўстрыі было каля 44 тысяч чалавек, дэманстрацыі супраць строгіх санітарных абмежаваньняў адбыліся чацьвёртыя выходныя запар, піша BBC.

У лістападзе Аўстрыя стала першай заходнеэўрапейскай краінай, якая зноў увяла строгія абмежаваньні, зьвязаныя з каранавірусам. Яны дзейнічаюць і для тых, хто прышчэплены. У нядзелю абмежаваньні для вакцынаваных завяршаюцца, але захаваюцца для непрышчэпленых людзей.

Пратэстоўцы, якіх падтрымлівае крайне правая Партыя свабоды, выступаюць супраць рашэньня ўраду зь лютага зрабіць вакцыны абавязковымі. Краіна першай у Эўразьвязе прыняла такое рашэньне, яно распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў, старэйшых за 14 гадоў, за выключэньнем асобных выпадкаў, зьвязаных са станам здароўя.

Пратэстоўцы заяўляюць, што людзі павінны мець свабоду самастойна вырашаць, ці рабіць прышчэпку. Урад абяцае, што нікога не прышчэпяць сілай, але тыя, хто адмовіцца ад уколу, атрымаюць штраф да 3600 эўра.

Удзельнікі акцыі несьлі транспаранты з надпісамі «Не абавязковай вакцынацыі» і скандавалі «Мы — народ» і «Супраціў». Меншыя за венскую дэманстрацыі прайшлі ў гарадах Клягенфурт і Лінц.

Аўстрыя з насельніцтвам 8,9 мільёна чалавек зарэгістравала 1,2 мільёна інфэкцый на ўласнай тэрыторыі і больш за 13 000 сьмерцяў з пачатку пандэміі, паведамляў Унівэрсітэт Джона Гопкінса. Каля 68% насельніцтва краіны цалкам вакцынавана, гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Заходняй Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG