Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прыпыніла частку гуманітарных паставак харчаваньня ў паўночную Этыёпію праз рабаўніцтва


Раздача харчаваньня ўцекачам з зоны канфлікту ў адной зь мясцовасьцяў паўночнай Этыёпіі, 2021
Раздача харчаваньня ўцекачам з зоны канфлікту ў адной зь мясцовасьцяў паўночнай Этыёпіі, 2021

Узброеныя людзі пагражалі супрацоўнікам гуманітарнай місіі і забіралі харчы на свае патрэбы. Ужо звыш 400 тысяч жыхароў краіны ў стане голаду. Пры гэтым гуманітарная місія ААН знаходзіцца пад магутным ціскам як ураду, так і паўстанцаў: некалькі супрацоўнікаў у турме.

У Этыёпіі (Усходняя Афрыка) працягваецца крывавы канфлікт урадавых войскаў з Народным фронтам вызваленьня Тыграю. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла, што вымушана прыпыніць пастаўкі харчоў у два гарады на поўначы краіны ў рэгіёне Амхара — Дэсі і Камболчу — з прычыны рабаўніцтва, піша «Голас Амэрыкі».

Прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык паведаміў, што Сусьветная харчовая праграма ня можа прадухіліць рабаўніцтва, ужо здараліся выпадкі запалохваньня, калі супрацоўнікам пагражалі зброяй. У прыватнасьці, у горадзе Камболча гэтым займаліся баевікі Народнага фронту вызваленьня Тыграю.

Забесьпячэньне мясцовага насельніцтва харчаваньнем асабліва ўскладнілася ў ліпені, калі тыграйскія загоны выціснулі ўрадавыя войскі са свайго рэгіёну і занялі пэўныя тэрыторыі суседніх рэгіёнаў Амхара і Афар. Гэта прывяло да найгоршага гуманітарнага становішча цягам усяго 13-месячнага ўзброенага процістаяньня.

Як паведамляе ААН, звыш 9,4 млн насельнікаў гэтых земляў адчуваюць вострую патрэбу ў ежы. У Тыграі каля 400 тысяч чалавек фактычна ўжо знаходзяцца ва ўмовах голаду. Дзюжарык адзначыў, што паўстанцы скіроўвалі захопленыя грузавікі на свае базы для ўласных патрэбаў, таму ў некаторых выпадках дапамога зусім не даяжджала да тых, каму прызначалася.

Раней Этыёпія трапіла ў сьпіс 22 дзяржаў сьвету, дзе эліты адбіраюць ежу ў бедных. Туды ж трапіла і суседняя Эрытрэя, якая аддзялілася ад Этыёпіі ў 1993 годзе і таксама мела ўзброены канфлікт зь ёй.

ААН у краіне не даюць працаваць на поўную сілу як урад, так і сілы Тыграю. 30 верасьня ўлады абвясьцілі некалькіх прадстаўнікоў гуманітарнай місіі пэрсонамі нон грата і выслаў іх, заявіўшы, што тыя ўмешваюцца ва ўнутраныя справы краіны. З тых часоў урад адвольна затрымаў некалькіх прадстаўнікоў этыёпскага офісу ААН, у цяперашні час 12 зь іх утрымліваюць пад вартай, у тым ліку 9 штатных супрацоўнікаў. Дзясяткі кіроўцаў грузавікоў, якія мелі перавозіць дапамогу ў Тыграй, таксама былі затрыманыя на некалькі дзён, а затым адпушчаныя.

Вайскоўцы змагаюцца з сэпаратысцкімі сіламі Тыграю на поўначы Этыёпіі ад лістапада 2020 году. У выніку канфлікту амаль 1,2 мільёна чалавек унутры краіны сталі перамешчанымі асобамі, больш за 70 000 уцяклі ў суседні Судан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG