Паводле справаздачы, на працягу сутак, лічачы ад 28–29 лістапада мінулага году, вайскоўцы эрытрэйскай арміі адкрывалі агонь па мірных жыхарах.
Гэтую інфармацыю пацьвярджаюць спадарожнікавыя здымкі і сьведчаньні некалькіх дзясяткаў відавочцаў, гаворыцца ў дакладзе. Там сказана, што побач зь дзьвюма цэрквамі ў Аксума, праўдападобна, разьмяшчаюцца масавыя пахаваньні. Як паведамляецца, салдаты проста на вуліцах забівалі мужчын і хлопчыкаў, а таксама чынілі масавыя рабункі.
Адзін зь мясцовых жыхароў расказаў праваабаронцам, што вайскоўцы застрэлілі шасьцярых членаў яго сям’і, у тым ліку 17-гадовага брата і 78-гадовага бацьку. Іншы відавочца паведаміў, што каля ягонага дому салдаты паставілі ў шэраг шасьцярых чалавек і расстралялі іх са сьпіны.
Рэгіянальны дырэктар Amnesty International па Ўсходняй і Паўднёвай Афрыцы Дэпразэ Мюнхэн назваў тое, што адбылося, маштабнымі злачынствамі супраць чалавечнасьці. Арганізацыя сабрала імёны больш як 240 ахвяраў, аднак не змагла цяпер незалежна пацьвердзіць канкрэтную колькасьць загінулых і абставіны здарэньня ў цэлым: у Тыграі няма інтэрнэту, таму атрымаць доступ да абʼектыўных зьвестак цяжка.
Трагічны інцыдэнт стаў часткай канфлікту, у якім з аднаго боку ўдзельнічаюць Эрытрэя і Этыёпія, а з другога — паўстанцы Народнага фронту вызваленьня Тыграя. Аксума — горад з насельніцтвам крыху больш за 60 тысяч чалавек — 19 лістапада мінулага году быў узяты этыёпска-эрытрэйскімі войскамі ў ходзе кровапралітнага наступу. Згаданыя вышэй падзеі адбыліся пасьля таго, як у канцы лістапада невялікая група апалчэнцаў атакавала базу салдат. Тыя адказалі акцыяй помсты супраць бяззбройных жыхароў.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com