Аўтар публікацыі, ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі Дэкстэр Філкінс, наведаў Беларусь, сустрэўся зь лідэрамі і ўдзельнікамі пратэстаў 2020 году. Большасьць фактаў, якія падае Філкінс, вядомая наведнікам сайта Радыё Свабода, аднак ёсьць і новыя — напрыклад, абставіны выезду Сьвятланы Ціханоўскай зь Беларусі ў жніўні 2020-га.
Журналіст расказвае пра візыт Ціханоўскай і яе адваката Максіма Знака ў ЦВК 10 жніўня 2020 году, на наступны дзень пасьля выбараў. Ціханоўская і Знак мелі намер абскардзіць вынікі. Ля ўваходу стаяў кардон сілавікоў з аўтаматамі, а ўнутры іх чакалі двое мужчынаў, адным зь іх быў кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэй Паўлючэнка.
«Мужчыны сказалі Знаку адысьці, пасьля павялі Ціханоўскую ў цёмны пакой і зачынілі дзьверы. „Ваша кампанія скончаная“, — сказаў ёй Паўлючэнка. Яна прыгадвае, што яны далі ёй выбар. Яна магла сесьці ў турму, пакінуўшы сына і дачку на выхаваньне іншым. Або яна магла неадкладна пакінуць краіну; чакала машына. „Усё, пра што я магла думаць, гэта пра маіх дзяцей“, — сказала яна».
Калі празь некалькі гадзін Ціханоўскую выводзілі з будынку, яна ўбачыла на ўваходзе Знака. «Прабач, Макс», — пасьпела яна сказаць.
«Мужчыны вялі Ціханоўскую праз горад, міма натоўпаў пратэстоўцаў, некаторыя скандавалі яе імя, — піша The New Yorker. — Скандаваньне было такое гучнае, што вокны машыны, здавалася, вібравалі. „Паглядзі, што ты нарабіла“, — сказаў адзін з мужчынаў.
Празь некалькі хвілін яны прыехалі ў дом Ціханоўскай, і мужчыны сказалі ёй сабраць валізку. Там да яе далучылася Марыя Мароз, кіраўніца яе выбарчага штабу.
Жанчын пасадзілі ў аўтамабіль Мароз, Паўлючэнка заняў пасажырскае месца. Наперадзе і ззаду ішлі міліцэйскія машыны. Каля трэцяй гадзіны ночы прыехалі да мяжы зь Літвой, куды ўжо былі дастаўленыя двое дзяцей Марыі Мароз. Каля мяжы Паўлючэнка выйшаў з машыны і сказаў рухацца праз памежны пост, які ўжо, як выглядала, быў падрыхтаваны да іх прыбыцьця.
„Ціханоўская на імгненьне падумала, што яе могуць застрэліць, але машына працягвала рух, і яна прыехала ў Літву“, — піша The New Yorker.
На наступны дзень зьявіліся два відэазапісы Ціханоўскай.
«Яна выглядала змучанай, сумнай, зламанай, — заўважае аўтар публікацыі. — У першым, зробленым падчас затрыманьня ў Беларусі, яна сказала пратэстоўцам разысьціся па дамах, што пратэсты скончаныя. У другім, запісаным пасьля таго, як яна ўцякла з краіны, Ціханоўская была на волі, але гэты яе мэсыдж, як выглядала, ставіў канчатковую кропку. Яна сказала народу Беларусі, што пацярпела паразу. «Я думала, што гэтая кампанія сапраўды загартавала мяне і надала мне столькі сілаў, што я магла справіцца з чым заўгодна, — сказала яна, стрымліваючы сьлёзы. — Але я думаю, што я ўсё тая ж слабая жанчына, якой была заўсёды». Празь некалькі імгненьняў відэа пацямнела».
У публікацыі падаецца біяграфія як Сьвятланы Ціханоўскай, так і (сьцісьлей) Аляксандра Лукашэнкі (ён названы «былым дырэктарам сьвінафэрмы»), расказваецца пра сустрэчы Ціханоўскай з заходнімі палітыкамі і пра дзейнасьць яе штабу.
Аўтар публікацыі цытуе адказ Ціханоўскай на пытаньне, ці можа яна ўявіць, што барацьба з Лукашэнкам будзе працягвацца і празь пяць гадоў. «Я не магу гэтага ўявіць. Тое, што мае дзеці пражывуць пяць гадоў бяз бацькі, — цалкам не».
«Лукашэнка, падобна, асвоіўся надоўга, — завяршае Дэкстэр Філкінс публікацыю ў The New Yorker і цытуе выказваньні Ціханоўскай: — «Гэта можа працягвацца доўга — многія месяцы». Але Ціханоўская сьцьвярджае, што ягоная адміністрацыя была сьмяротна параненая і яе легітымнасьць не падлягае аднаўленьню: «Рэжым даў расколіну, і расколіна пашыраецца. Унутры ідуць працэсы, якіх мы ня бачым». Калі апазыцыя будзе ізаляваная ад радзімы, вырашальны ўдар можа быць нанесены знутры. «Рэжым у пастцы ўласных дзеяньняў — няма каго вінаваціць, — сказала яна. — Нехта з унутранага кола можа вырашыць, што час прыйшоў».