Беларусь ва ўмовах заходніх санкцый плянуе рэалізаваць праекты ў сфэры імпартазамяшчэньня на $9 млрд. Пра гэта паведаміў журналістам у аўторак міністар эканомікі краіны Аляксандар Чарвякоў, інфармуе ТАСС.
«На сёньняшні дзень ужо прапанавана каля 170 імпартазамяшчальных праектаў на агульную суму каля 13 млрд рублёў (каля $5,1 млрд) інвэстыцый. З гэтага пулу праектаў мы выбралі найбольш значных 47 з аб’ёмам інвэстыцый каля 8 млрд рублёў (каля $3,1 млрд). Гэтыя 47 праектаў дазволяць нам стварыць прадукцыі больш як на $9 млрд імпартазамяшчэньня», — заявіў кіраўнік Мінэканомікі.
Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, краіна ў 2021 годзе сутыкнулася «зь беспрэцэдэнтнымі выклікамі» — гэта пандэмія і санкцыі, якія ўведзены адносна Беларусі. «У гэтых умовах, калі нам забараняюць свабодна гандляваць на рынках, прымусова разьдзіраюць сувязі, мы павінны шукаць тыя меры, якія дазваляюць нівэляваць выдаткі», — сказаў Чарвякоў.
Асаблівую значнасьць, паводле слоў Чарвякова, набывае ў гэтых абставінах «імпартазамяшчэньне як інструмэнт процідзеяньня санкцыям».
Міністар адзначыў, што на сёньняшнім пасяджэньні прэзыдыюму Саўміну будуць разгледжаны тыя прапановы, якія дадуць магчымасьць больш актыўна разьвіваць імпартазамяшчэньне і «стымуляваць прадпрыемствы» да гэтага. Сярод найбольш значных напрамкаў Чарвякоў назваў «павелічэньне лякалізацыі, разьвіцьцё тэхналягічных ланцужкоў, перапрацоўку мясцовай сыравіны, прыцягненьне малога і сярэдняга бізнэсу».
Тым часам старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі лічыць, што ўведзеныя нядаўна новыя санкцыі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады супроць беларускага рэжыму істотна ўдараць па беларускай эканоміцы ў пэрыяд свайго паўнавартаснага дзеяньня.
Ацаніць патэнцыйныя страты беларускай эканомікі пакуль досыць складана, бо не хапае інфармацыі пра дакладныя тэрміны старту некаторых абмежаваньняў, адзначае Леў Львоўскі.
Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў ЕЗЭ прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.
- 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
- Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
- Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ўшчамленьня грамадзянскіх свабод у рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
- Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.