Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, як рэжым спадзяецца кампэнсаваць страты ад санкцый


Дзьмітры Крутой

Афіцыйны Менск разглядае цану на расейскі газ у 2022 годзе на ўзроўні $128,5 за 1 тыс. Куб. як адну з крыніц пакрыцьця санкцыйных страт, заявіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Крутой.

Гэтую заяву, паводле ТАСС, Крутой зрабіў у інтэрвію праграме «Пытаньне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь-1».

«Калі на эўрапейскіх рынках газ сёньня каштуе больш як $1 тыс., а ў нас — $128,5, гэта вялікая канкурэнтная перавага. І, вядома, гэта адна з крыніц рэсурсаў пакрыцьця нейкіх санкцыйных страт, калі мы гаворым аб дабаўленай вартасьці, аб пэўных выдатках», — сказаў Крутой.

Таксама Дзьмітры Крутой заявіў, што «ў наступным годзе з улікам таго, што першы энергаблёк атамнай станцыі будзе працаваць на поўную магутнасьць, прагназуецца эканомія газу ў аб’ёме 1,8 млрд. куб. м». «Калі пераводзіць у грошы, гэта прыкладна $200-250 млн. Гэта значыць па сутнасьці толькі эканомія на газе ў наступным годзе перакрые ўвесь адмоўны эфэкт па санкцыйных пазыцыях у гандлі з Эўрапейскім саюзам».

Беларусь прагназуе страты ад санкцый для энэргетычнага і хімічнага экспарту ў суме $350-300 млн, заявіў Крутой.

«Па той групе, якая знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе, паводле ацэнак экспэртаў, гэта прыкладна $250-300 млн у год. Гэта, у першую чаргу, энэргетычная і нафтахімічная група, дзе плянуецца зьніжэньне паставак», — сказаў Крутой.

Паводле чыноўніка, Беларусь у наступным годзе будзе цалкам забясьпечана нафтавай сыравінай, а адрыхтоўка кантрактаў на пастаўкі амаль завершана. «Па нафце кантракты практычна падпісаныя на наступны год, ніякіх пытаньняў па нафтаваму рынку таксама ня будзе», — заявіў Крутой.

Паводле яго слоў, «аб’ём [паставак нафты ў 2022 годзе] на ўзроўні гэтага года». «У бюджэце закладзены больш кансэрватыўны сцэнар — перапрацоўка нафты ў аб’ёме 12,5 млн тон. Але мэтавы сцэнар — 16-17 млн тон, частка будзе пастаўлена чыгуначным транспартам, частка — трубаправодным. Два нашы заводы будуць у наступным годзе ў поўным аб’ёме забясьпечаныя нафтай, ніякіх пытаньняў няма», — сказаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Тым часам, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі лічыць, што нядаўна ўведзеныя новыя санкцыі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады супроць беларускага рэжыму істотна ўдараць па беларускай эканоміцы ў пэрыяд свайго паўнавартаснага дзеяньня.

Ацаніць патэнцыйныя страты беларускай эканомікі пакуль досыць складана, бо не хапае інфармацыі пра дакладныя тэрміны старту некаторых абмежаваньняў, адзначае Леў Львоўскі.

Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў ЕЗЭ прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП

Новыя абмежаваньні чатырох уплывовых гульцоў сусьветнай эканомікі, дадае Львоўскі, адчувальна пагаршаюць нэгатыўны эфэкт. Паводле яго, агулам гаворка можа ісьці пра мільярды даляраў.

2 сьнежня Эўразьвяз увёў пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Менску. У той жа дзень уступілі ў дзеяньне новыя санкцыі ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі.

Пад новыя санкцыі ЭЗ трапілі:

  • Ігар Кручкоў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў спэцназу Дзяржаўнага памежнага камітэту;
  • Анатоль Лапо, генэрал-лейтэнант, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь;
  • Канстанцін Моластаў, начальнік Горадзенскай памежнай групы;
  • Павал Харчанка, начальнік Полацкай памежнай групы;
  • Ігар Гутнік, начальнік Берасьцейскай групы аховы;
  • Аляксандар Давідзюк, кіраўнік Лідзкага памежнага атраду;
  • Максім Бутранец, кіраўнік Смаргонскага памежнага атраду;
  • Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі;
  • Сяргей Епіхаў, судзьдзя Менскага раённага суду;
  • Ігар Любавіцкі, судзьдзя Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь;
  • Сяргей Гіргель, старшы пракурор Генэральнай пракуратуры;
  • Валянціна Кулік, судзьдзя Вярхоўнага суду;
  • Андрэй Пракапук, выканаўчы дырэктар у фінансавых расьсьледаваньнях Дзяржкантролю;
  • Ігар Маршалаў, дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю;
  • Ганна Сакалоўская, судзьдзя Калегіі Вярхоўнага суду ў грамадзянскіх справах;
  • Марат Маркаў, кіраўнік тэлеканала АНТ;
  • Дзьмітры Карсюк, судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Беларусі.
  • аавіякампанія «Белавія»;
  • турыстычная фірма «Цэнтаркурорт»;
  • турыстычнае агенцтва «Оскартур»;
  • гатэль «Мінск»;
  • гатэль «Плянэта»;
  • Асобная служба актыўных мерапрыемстваў (АСАМ);
  • авіякампанія Cham Wings Airlines (Сырыя);
  • пашпартна-візавы цэнтар VIP Grub (Турэччына);
  • «Гродна Азот» і ягоная філія «Гродна Хімвалакно»;
  • «Беларусьнафта»;
  • «Белшына».

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG