Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Міхаіл Чамурака ўцёк з «хіміі» і пакінуў Беларусь, Івулін даў інтэрвію з-за кратаў


Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота

На 6 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 888 чалавек. За кратамі на гэтых людзей працягваецца ціск з боку сілавікоў.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 26 лістапада палітзьняволены Міхаіл Чамурака, які адбываў пакараньне ў ваўкавыскай папраўчай установе, здолеў уцячы з Беларусі. Вядома, што Міхаіла шукала горадзенская міліцыя, паведамляе «Вясна».

Незадоўга да гэтага Міхаіл даведаўся, што на яго завялі новую крымінальную справу паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Цяпер Чамурака знаходзіцца за мяжой і ў бясьпецы.

Міхаіл Чамурака — актывіст з Дуброўна, асуджаны на тры гады «хіміі» у крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэксу). З 10 кастрычніка пачаў адбываць пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 29.

Івулін з-за кратаў: «Год павінен скончыцца на добрай ноце!»

"Раней я быў гонарам школы, а цяпер пад сьледзтвам«,— напісаў палітвязень, журналіст і футбаліст Аляксандар Івулін спартоваму парталу «Трыбуна» пра сваё знаходжаньне ў СІЗА.

«Хутка Новы год, а гэта значыць, што настае час цудаў. І вось-вось яны пачнуць спраўджвацца. Думаю, што 2021-ы павінен скончыцца на добрай ноце. Чаму не? Ну, а калі ня скончыцца, то значыць, тваё жаданьне яшчэ не аплачанае», — паіранізаваў Аляксандар Івулін.

На «Валадарцы» форварду «Крумкачоў» удалося паглядзець некаторыя матчы адборачнага цыклю да чэмпіянату сьвету, вось ягоныя высновы.

«Апошняе, што бачыў цалкам, гэта матч Харватыя — Расея. У той гульні харваты на галаву мацней былі, а эпічны мяч Кудрашова — увасабленьне ўсяго таго, што адбываецца з футболам у Расеі. Але і ў нас сытуацыя ня лепшая», — ацаніў ён узровень «саюзнага футболу».

Аляксандар Івулін таксама напісаў, што ня можа да канца ўсьвядоміць, наколькі рэзка зьмянілася ягонае жыцьцё.

«Я ў правінцыйнай сярэдняй школе — гэта пастаянныя вядзеньні разнастайных мерапрыемстваў, нейкія конкурсы самадзейнасьці і іншы рух. Ну і алімпіяды там усялякія-розныя. Карацей, гонар школы з усімі адпаведнымі наступствамі. А цяпер паўгода пад сьледзтвам. Прыкольна жыцьцё часам складваецца».

4 чэрвеня Аляксандра Івуліна асудзілі спачатку на 30 сутак арышту нібыта за сьцяг на вакне кватэры. Пазней яму прад’явілі абвінавачваньне паводле 342-га артыкулу КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і абралі меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
Нядаўна справу перадалі ў пракуратуру.

Падтрымаць палітвязьня лістом або тэлеграмай можна па адрасе:
Менск, вул. Валадарскага 2, 220030. Івуліну Аляксандру Мікалаевічу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG