Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы — нямногія, каму пашанцавала». Мігранты пра брутальнае падарожжа зь Беларусі ў Эўропу


Мігранты зь Іраку ў лесе на польска-беларускім памежжы ў атачэньні сілавікоў, ілюстрацыйнае фота
Мігранты зь Іраку ў лесе на польска-беларускім памежжы ў атачэньні сілавікоў, ілюстрацыйнае фота

Журналісты The Moscow Times сачылі за падарожжам шасьці сырыйскіх мужчын зь Менску ў Нідэрлянды. Сырыйцы расказалі выданьню, што перажылі жахлівыя пакуты — іх зьбівалі, яны плылі праз балота, ня мелі ежы і вады.

«Беларусь была адзіным варыянтам, каб выбрацца зь пекла ў Сырыі»

Першы раз журналісты Moscow Times паразмаўлялі з групай з шасьці сырыйскіх уцекачоў каля гандлёвага цэнтру ў прыгарадзе Менску, дзе яны куплялі ваду і ліхтарыкі перад адпраўкай на мяжу з Польшчай. Праз 3 тыдні яны апынуліся ў галяндзкім горадзе Будэлі на поўдні краіны, у цэнтры ўцекачоў.

«Беларусь была нашым адзіным варыянтам прабрацца ў Эўропу і выбрацца з нашага пекла ў Сырыі», — кажа Валід, які належыць, як і ягоныя пяцёра сяброў, да друзскай этнічнай меншасьці. Хлопцы родам з гораду Ас-Сувайда, што недалёка ад мяжы з Ярданам.

Свае зьберажэньні мужчыны патрацілі на візы і білеты на самалёт да Менску. Адтуль селі на таксі да Горадні, дзе іх сустрэлі беларускія жаўнеры, якія перавялі іх церазь мяжу ў лясную буфэрную зону.

Па словах мігрантаў, беларускія жаўнеры неаднаразова штурхалі іх празь мяжу з Польшчай, тройчы пераразаючы калючы дрот у розных месцах, але кожны раз польскія жаўнеры хапалі іх і прымушалі адступаць. Па словах мужчын, штораз, калі яны вярталіся ў буфэрную зону, беларускія жаўнеры зьбівалі іх дубінкамі і галінамі дрэў.

Памежная служба Беларусі не адказала на запыт The Moscow Times наконт абвінавачаньняў у тым, што памежнікі зьбіваюць мігрантаў і спрабуюць дапамагчы ім перайсьці ў Польшчу.

«Яны глядзелі на мяне, палівалі зямлю вадой і сьмяяліся»

Пасьля трэцяй няўдалай спробы мігранты вырашылі разьбіць лягер ля другога ўчастка мяжы, але ледзь не патанулі, затрымаўшыся ў балоце па дарозе туды.

«Гэта быў самы страшны момант, — расказвае 24—гадовы Шадзі, дадаўшы, што ня ўмее плаваць. — Я думаў, што гэта канец».

На сёмы дзень у групы скончыліся ежа і вада, але польскія памежнікі па той бок калючага дроту адмовіліся ім дапамагчы.

«Яны глядзелі на мяне, палівалі зямлю вадой і сьмяяліся», — кажа 23-гадовы Одай і дадае, што іх не лічылі за людзей.

«Памежнікі стралялі, але мы працягвалі бегчы»

У роспачы мігранты вярнуліся да беларускіх жаўнераў і папрасілі яшчэ раз дапамагчы зь пераходам мяжы. Тады, кажуць мужчыны, іх сагналі ў цесныя фургоны разам з прыкладна 200 іншымі мігрантамі і павезьлі на поўдзень, да памежнага пераходу недалёка ад Берасьця.

Там беларускія жаўнеры пабудавалі драўляны мост церазь мяжу і сказалі мігрантам уцякаць, нават калі яны пачуюць стрэлы, прыгразіўшы зьбіваць тых, хто паверне назад.

Калі Валід і яго сябры перасеклі мяжу, польскія ахоўнікі стралялі ў паветра, але яны працягвалі бегчы. Яны страцілі адзін аднаго ў хаосе, але здолелі ўзьяднацца ля невялікай чыгуначнай станцыі і кажуць, што яны — «нешматлікія шчасьліўчыкі», якім разам удалося дабрацца туды.

«Лукашэнку было б добра, каб мы проста памерлі ў тым лесе»

У Польшчы сырыйскі кантрабандыст, які займаецца перакідам людзей і зь якім яны зьвязаліся раней у Менску, адвёз іх на кансьпіратыўную кватэру ў Нямеччыне. Там яны пераночылі, а на наступную раніцу іхні асыстэнт адвёз іх на захад да мяжы Нямеччыны зь Нідэрляндамі.

Адтуль яны патрапілі ў галяндзкі горад Вэнло і там найперш накіраваліся ў паліцыю, каб пачаць працэс рэгістрацыі на атрыманьне прытулку.

Нягледзячы на тое, што ім так пашанцавала, мужчыны адмаўляюцца дзякаваць Лукашэнку за тое, што ён даў ім магчымасьць трапіць у Эўропу празь Беларусь.

«Лукашэнку было б добра, каб мы проста памерлі ў тым лесе. Ён не клапаціўся пра нас. Мы ўсё гэта зрабілі самі», — сказаў Валід.

Паводле прадстаўніка Нідэрляндзкай рады па справах уцекачоў, арганізацыі, іх шанцы застацца і атрымаць статус уцекача добрыя.

Агулам у Нідэрлянды беларускім шляхам прыехала досыць няшмат мігрантаў — хаця дакладную лічбу назваць немагчыма, афіцыйна зарэгістраваліся ў лістападзе 53 чалавекі.

Большасьць мігрантаў, якія патрапляюць у ЭЗ, просяць прытулак у Нямеччыне — там фэдэральная паліцыя зафіксавала 10648 чалавек, якія нелегальна дабіраліся праз Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG