Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 540 затрыманьняў і судоў, плюс 65 палітвязьняў, новая сьмерць у СІЗА: рэпрэсіі ў Беларусі за красавік

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Беларусі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Беларусі

Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму паўсюдна і сыстэматычна парушаюцца, узровень рэпрэсій у дачыненьні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў застаецца на крытычна высокім узроўні, гаворыцца ў красавіцкім аглядзе праваабаронцаў «Вясны».

Праваабаронцы прааналізавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на канец красавіка 2024 году.

Рэпрэсіі ў Беларусі ў лічбах праваабаронцаў. Сьцісла:

  • На канец красавіка 2024 году ў Беларусі ў месцах зьняволеньня знаходзілася 1386 палітвязьняў, зь іх 166 жанчын. Акрамя таго, сама меней 1760 палітвязьняў ужо вызваленыя зь месцаў пазбаўленьня волі ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьменай меры стрыманьня і інш. — такім чынам, агульная лічба палітвязьняў з 2020 году набліжаецца да 3150 чалавек.
  • За красавік праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 65 чалавек (пры гэтым рэальна колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большая).
  • Агулам «Вясьне» вядома пра амаль 4950 асуджаных праз палітычна матываваныя крымінальныя справы.
  • Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў за рэалізацыю іх грамадзянскіх правоў: у красавіку «Вясьне» стала вядома прынамсі пра 541 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманьняў), зьвязаных з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам, і прынамсі пра 531 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе.
  • За красавік праваабаронцы даведаліся пра прынамсі 31 адміністрацыйны арышт і 45 штрафаў, якія прысудзілі беларусам; адзін раз прызначылі грамадзкія працы.
  • У берасьцейскім СІЗА 9 красавіка памёр Аляксандар Кулініч, які меў ішэмічную хваробу сэрца. Яго затрымалі 29 лютага ў Берасьці, абвінавачвалі ў «абразе Лукашэнкі». Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка.
  • Жыцьцё і здароўе шэрагу палітвязьняў, паводле зьвестак праваабаронцаў, знаходзіцца ў асабліва небясьпечным становішчы — праз агульны цяжкі стан здароўя (93 палітвязьні), інваліднасьць (16 чалавек), анкалягічныя захворваньні (вядома пра 5 палітвязьняў), сталы век (63 чалавекі), праблемы з псыхічным здароўем (10 чалавек) і наступствы празьмернага ўжываньня сілы пры затрыманьні (4 чалавекі).
  • Зь мінулага году па-ранейшаму няма зьвестак пра лёс шэрагу палітвязьняў. У рэжыме інкамунікада доўгі час утрымліваюць Марыю Калесьнікаву (з 15 лютага 2023 году), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага 2023 году), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка 2023 году), Ігара Лосіка (з 20 лютага 2023 году), Віктара Бабарыку (з 26 красавіка 2023 году) і некаторых іншых палітвязьняў.
  • На палітвязьняў працягваюць жорстка ціснуць у месцах зьняволеньня. Адна з найбольш жорсткіх мераў — падаўжэньне тэрміну пазбаўленьня волі. Паводле стану на 23 красавіка прынамсі 71 палітвязьня перавялі на турэмны рэжым, а яшчэ супраць 37 завялі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК.
  • Іншадумцаў надалей прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці за абразу прадстаўнікоў улады і Лукашэнкі, паклёп на яго, пашкоджаньне дзяржаўнага сьцяга і інш. Працягваецца актыўны перасьлед удзельнікаў масавых пратэставых акцыяў 2020 году. Беларусаў у тым ліку судзяць завочна ў рамках «спэцвядзеньня».
  • Праваабаронцы рэгулярна выяўляюць і дакумэнтуюць факты катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня падчас расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжаньня ў адміністрацыйным працэсе, а таксама перасьледу і пазбаўленьня волі з палітычных матываў.
  • Практыка публікацыі «пакаяльных відэа» паступова распаўсюджваецца ня толькі на палітычна матываваныя затрыманьні, але і на затрыманьні за выказваньне іншадумства ў шырокім разуменьні.

Падрабязную справаздачу праваабаронцаў зь фіксацыяй факту перасьледу беларусаў па стане на канец красавіка 2024 году можна пачытаць па спасылцы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG