Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых учора актывістаў і журналістаў апытвалі пра датычнасьць да «фінансаваньня пратэстаў»


Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, у якога 1 сьнежня праводзілі ператрус.

1 сьнежня па ўсёй Беларусі адбыліся затрыманьні і ператрусы, ініцыяваныя Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

У праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў, незалежных журналістаў забралі кампутарную тэхніку і пазьней вызвалілі пад падпіску пра неразгалошваньне матэрыялаў справы.

На Магілёўшчыне пасьля ператрусаў і канфіскацыі электронных носьбітаў інфармацыі супрацоўнікі ДФР затрымалі журналістаў Сяргея Няроўнага і Валерыю Лепешаву. Месяц таму да Сяргея Няроўнага ўжо прыходзілі зь ператрусам, забралі тэхніку і аштрафавалі нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У другой палове дня абодвух вызвалілі.

Ператрус у журналісткі Ларысы Шчыраковай у Гомлі доўжыўся каля 1,5 гадзіны, яго таксама праводзілі супрацоўнікі ДФР. Забралі тэлефон, апаратуру, флэшкі і цьвёрдыя дыскі, а пасьля дапыталі. Ларыса Шчыракова адмовілася адказваць на пытаньні, але яе ўсё роўна папярэдзілі пра адказнасьць за разгалошваньне матэрыялаў справы.

Ператрус быў і ў горадзенскай журналісткі Надзеі Віцінай. Яе затрымалі па справе «аб асабістым ліставаньні». Пазьней журналістку вызвалілі.

Акрамя таго, праваабаронцам вядома пра візыты да віцебскіх актывістаў Міколы Качурца і Ўладзімера Кійко, мазырскага праваабаронцы Ўладзімера Целяпуна, гомельскага чальца АГП Васіля Палякова, Алега Карбалевіча з Рэчыцы, магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля ды іншых.

Шукалі датычных да фінансаваньня і арганізацыі пратэстаў

З пазьнейшых сьведчаньняў вынікае, што ва ўсіх выпадках працавалі супрацоўнікі рэгіянальных падразьдзяленьняў упраўленьняў ДФР. Так, былы палітвязень Міхаіл Жамчужны расказаў, што пасьля ператрусу яго дапытвалі супрацоўнікі 3-га аддзелу ДФР па Віцебскай вобласьці.

«У асноўным шукалі гаджэты, кампутары, дакумэнты, якія б сьведчылі, што я зьяўляюся „арганізатарам экстрэмісцкіх фармаваньняў“, трымаю сувязь з замежжам, фінансую нейкім чынам. Нумары артыкулаў не запомніў, але паводле зьместу — гэта фінансаваньне і арганізацыя пратэстаў. Называлі прозьвішчы, якіх я ніколі ня чуў, запытвалі, на што жыву, хто дапамагае, хто мяне сустракаў з „зоны“, у якіх чатах знаходжуся. Канечне, разумелі, што зь мяне пасьля 11 гадоў адседкі нічога не даб’есься. Пратакол я не падпісваў, паказаньні не даваў, так і разышліся», — паведаміў Міхаіл Жамчужны.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:

  • «Белсат»
  • «Беларускі партызан»
  • Ex-press.by
  • By.tribuna.com
  • Tut.by
  • «Брестская газета»

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG