Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар пакаралі 4 гадамі зьняволеньня


Вольга Залатар
Вольга Залатар

Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар прызналі вінаватай у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве і пакаралі 4 гадамі пазбаўленьня волі.

Прысуд вынесла судзьдзя гарадзкога суду Менску Анастасія Папко. Падчас спрэчак бакоў пракурорка Жанна Баранава прасіла суд прызнаць віну Вольгі Залатар даказанай і агулам прыгаварыць яе да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Прысуд па просьбе Вольгі Залатар зачыталі цалкам, на гэта сышло каля 1,5 гадзіны.

Акрамя 4 гадоў калёніі, судзьдзя Анастасія Папко пастанавіла зьнішчыць белыя і чырвоныя балёнікі, якія фігуруюць у справе, а таксама дзіцячую ахоўную маску з малюнкам Чалавека-павука.

«У гэты момант было бачна, што Вольга засмуцілася», — піша ў Фэйсбуку Сяргей Мельянец, які прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду.

Паводле яго, пасьля заканчэньня суду людзі пачалі падбадзёрваць Вольгу Залатар, яна прыціскала рукі да грудзей, ківала галавой, усьміхалася. Сьвятар перахрысьціў, яна, у адказ, таксама перахрысьцілася, склала рукі ў жэсьце малітвы.

Суд над Вольгай Залатар быў закрытым. А падчас абвяшчэньня выраку, якое было адкрытым, стала вядома, што ў віну ёй закінулі кіраваньне «экстрэмісцкім фармаваньнем» dze.chat.

Блогер Антон Матолька, які насамрэч стаіць за «Дзе чатам», сьцьвярджае, што гэта — хлусьня. Вольга была адміністратаркай дваровага чата і арганізоўвала чаяваньні, прагулкі і канцэрты, але ня болей, кажа ён:

«Як чалавек, які ведае ўсіх, хто мае ці меў дачыненьне да праекту @dzechat, публічна заяўляю што Вольга Залатар ніколі не прымала ўдзел у кіраўніцтве сайтам dze.chat, не зьяўлялася валянтэрам праекту і ніколі ня мела кантактаў са мной ці з некім іншым з праекту», — сьцьвярджае Матолька, якога цытуе @euroradio.

Матолька мяркуе, што прысуд Вользе — 4 гады калёніі — відавочна матываваны палітычна.

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў «арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрыманьня 18 сакавіка да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах, але экспэрты агледзелі Вольгу ў ізалятары толькі больш як праз два тыдні пасьля затрыманьня. Сьледчы камітэт адмовіў Залатар у завядзеньні справы на ГУБАЗіК за катаваньні.

Суд па справе Вольгі Залатар пачаўся ў гарадзкім судзе Менску раніцай 15 лістапада, жанчына правяла ўжо 8 месяцаў за кратамі. Ёй прад’явілі абвінавачаньне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, паводле якіх ёй пагражала да 7 гадоў пазбаўленьня волі. На пачатку працэсу Вольга Залатар заявіла, што не прызнае сваёй віны па ніводным з артыкулаў абвінавачваньня.

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, увосень 2020 году Вольга Залатар некалькі разоў асабіста брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама была актыўнай арганізатаркай акцый у Ждановічах, дзе стала жыве з мужам і дзецьмі. Пры гэтым, па словах пракуроркі Баранавай, Вольга Залатар арганізоўвала акцыі з дапамогай нявызначанай тэхнікі і з удзелам нявызначаных асобаў. Таксама, паводле вэрсіі абвінавачваньня, Залатар зьбірала неабходныя для арганізацыі пратэстаў грошы і арганізавала дапамогу затрыманым удзельнікам акцый пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG