Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перастаў абнаўляцца сайт «Беларускі партызан», які ўлады прызналі «экстрэмісцкім»


Сайт выданьня «Беларускі партызан»
Сайт выданьня «Беларускі партызан»

У Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаныя каля 300 інтэрнэт-рэсурсаў.

30 лістапада каля 10:00 перастаў абнаўляцца сайт «Беларускі партызан».

Напярэдадні стала вядома, што сам сайт і ўсе ягоныя сацсеткі трапілі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі.

Раней «Беларускі партызан» выдаліў свой ТГ-канал, калі суд прызнаў яго экстрэмісцкім. Такі крок рэдакцыя патлумачыла жаданьнем не падстаўляць сваіх чытачоў, у якіх могуць знайсьці «экстрэмісцкую» падпіску.

Рашэньне прызнаць сайт «экстрэмісцкім» прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля, які ў ліпені прызнаў «экстрэмісцкімі» сайт і сацыяльныя сеткі тэлеканалу «Белсат». Цяпер такая ж пастанова выйшла пра «Беларускі партызан», піша сайт «Беларускі партызан»

«Мы ўпэўненыя, што свабода меркаваньняў ня можа лічыцца экстрэмізмам. Мы ўпэўненыя, што згода ў грамадзтве не дасягаецца праз забароны і цэнзуру. Мы будзем думаць, што рабіць далей», — адказалі ў рэдакцыі «БП».

Тыдзень таму «экстрэмісцкай» стала ўся прадукцыя рэдакцыі «Нашай нівы». Двое супрацоўнікаў выданьня, галоўны рэдактар Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу маркетынгу Андрэй Скурко, ужо некалькі месяцаў знаходзяцца ў турме ў палітычна матываванай справе.

Таксама ў лістападзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ўлады абвясьцілі прадукцыю інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Сайт інфармацыйнай кампаніі Naviny.online таксама не абнаўляецца ад моманту прызнаньня яго прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG