Вывазны рэйс зь Менску ў Арбіль, які называлі заключным, перанесьлі на чацьвер

Беларуская віза ў пашпарце аднаго зь мігрантаў. Большасьць зь іх правяла ў Беларусі нашмат больш часу, чым віза была разьлічана
Беларуская віза ў пашпарце аднаго зь мігрантаў. Большасьць зь іх правяла ў Беларусі нашмат больш часу, чым віза была разьлічана

Менскі аэрапорт паведаміў, што рэйсу ў сталіцу ірацкага Курдыстану 30 лістапада ня будзе.

Раней рэйс плянаваўся, паколькі раней прызначаныя на 28 і 29 лістапада скасавалі. Напярэдадні прэс-сакратар Міністэрства міграцыі і перамешчаных асобаў Іраку Алі Абас Джахангір заяўляў, што рэйс 30 лістапада павінен стаць апошнім вывазным рэйсам зь Беларусі для мігрантаў.

Вывазам мігрантаў у Багдад і Арбіль займалася авіякампанія Iraqi Airways. Многія зь іх па вяртаньні на радзіму заявілі пра тое, што беларускія сілавікі мучылі іх голадам і смагай, зьбівалі і абражалі.

Як пазьней заявілі ў Iraqi Airways, рэйс для ірацкіх мігрантаў зь Менску ў Арбіль адклалі да чацьвярга. Мэта — набраць як мага больш пасажыраў на рэйс, паведамляе Zerkalo.io.

Раней упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Іраку паведамляла, што на мяжы паміж Літвой і Беларусьсю знаходзяцца каля 3000 мігрантаў 37 нацыянальнасьцяў. Прадстаўнік ААН Фірас Аль-Хаціб сказаў, што 60% (1500) зь іх складаюць іракцы.

Агулам у Ірак зь Беларусі вярнуліся 1876 грамадзян Іраку. Іншыя яшчэ застаюцца на беларускай тэрыторыі, куды іх запрасіў рэжым Лукашэнкі, які кіраўнікі Латвіі, Эстоніі, Літвы і Польшчы абвінавачваюць у гандлі людзьмі і «гібрыднай агрэсіі».

​
XS
SM
MD
LG