Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я жыў у байкоце апошнія 20 гадоў». Дыскусія пра пратэставае галасаваньне і байкот на канстытуцыйным рэфэрэндуме


Шэраг палітычных штабоў і грамадзкіх ініцыятываў выступілі з супольнай ініцыятывай, заклікам, каб беларусы ішлі галасаваць на канстытуцыйным рэфэрэндуме і выкрэсьлівалі абодва варыянты адказу. У чым хібы і ў чым перавагі такога пратэставага галасаваньня ў параўнаньні з байкотам? Ці зацікаўлены Лукашэнка ў высокай яўцы на рэфэрэндуме? Ці прадугледжаны ў пратэставым галасаваньні мэханізм спраўджваньня вынікаў галасаваньня? Які ідэальны вынік пратэставага галасаваньня і байкоту?

Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца кіраўнік юрыдычнага аддзелу Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Міхаіл Кірылюк і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык.

Кірылюк

  • Я пытаўся ў праціўнікаў ідэі прыходзіць на выбарчы ўчастак, якія ёсьць альтэрнатыўныя спосабы ўзьдзеяньня.
  • Я пачуў толькі — байкот.
  • Але байкот — гэта ня спосаб дзеяньня, гэта няўдзел.
Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк
  • У Беларусі былі самыя жорсткія рэпрэсіі хіба не з часоў Другой сусьветнай вайны.
  • Саджаюць беларусаў нават за «няправільны» колер шкарпэтак.
  • Як я магу на рэфэрэндуме прадэманстраваць, што я супраць — сабе, беларусам, міжнароднай супольнасьці і ўладзе?

Навумчык

  • Спачатку пра канстытуцыйнае становішча. Ніякага прававога ладу ў сучаснай лукашэнкаўскай Беларусі не існуе, усё вызначаюць сілавікі.
  • Лукашэнка можа ў якасьці Канстытуцыі прапанаваць, скажам, інструкцыю па выкарыстаньні кававаркі — і гэта абсалютна нічога ня зьменіць. Я мог бы нагадаць Лукашэнку, зь якім мы разам на пачатку 90-х былі ў Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савету, што тады праект Канстытуцыі рыхтаваўся тры гады, і першы раз быў апублікаваны для абмеркаваньня, калі не памыляюся, года за паўтара да прыняцьця.
  • Тут жа да рэфэрэндуму застаецца два месяцы — і амаль 10-мільённая краіна нічога пра гэтую Канстытуцыю ня ведае.
Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
  • Увогуле, Канстытуцыя на рэфэрэндумах у цывілізаваным сьвеце не прымаецца — бо па адным разьдзеле (скажам, фармаваньне мясцовых органаў улады) чалавек можа быць «за», а па другім (паўнамоцтвы прэзыдэнта, напрыклад) — ня згодны.
  • Але ўсё гэта абстракцыі.
  • У рэальнасьці ніякага канстытуцыйнага ладу ў сучаснай лукашэнкаўскай Беларусі не існуе.
  • Цяперашняя Канстытуцыя ў частках правоў грамадзянаў і вяршэнства закону не выконваецца.
  • Датычна стратэгіі паводзінаў апанэнтаў рэжыму на рэфэрэндуме. Калі мы кажам, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам, што ягоныя ўказы і прызначэньні нелегітымныя, — значыць, нелегітымны і так званы рэфэрэндум.
  • І як тады ўспрыняць заклік удзельнічаць у гэтым рэфэрэндуме, хай бы нават і пратэстава?
  • Калі вы прыйшлі на ўчасткі — значыць, вы a priori прызнаяце права Лукашэнкі прызначаць рэфэрэндумы. Гэта, канечне, яшчэ не легітымізацыя Лукашэнкі, але крок да яе.

Кірылюк

  • Я згодны зь Сяргеем, што ў Лукашэнкі цяпер няма ніякай легітымнасьці.
  • Мы ўпэўненыя, што большасьць беларусаў яго ня лічаць прэзыдэнтам.
  • Я нязгодны з думкай, што калі я іду галасаваць, я прызнаю яго ўладу над сабой.
  • У мяне няма ілюзіяў наконт таго, што Ярмошына падлічыць галасы сумленна.
  • Прыкмета ўлады — гэта наяўнасьць карнага апарату, апарату прымусу.
  • Дэ-факта ў Лукашэнкі апарат прымусу ёсьць.
  • У Ціханоўскай, якую я лічу легітымным прэзыдэнтам-электам, гэтага апарату няма.
  • Я магу альбо сказаць, што я нязгодны з такой сытуацыяй, альбо нічога не рабіць.
  • Заўсёды раней Лукашэнку ніколі не хвалявала, малая ці вялікая яўка.
  • Мэта Лукашэнкі на рэфэрэндуме — паказаць, што ніхто ня супраць яго.
  • Ён хоча прадэманстраваць Пуціну, што ён супакоіў пратэсты, што ён адзін здольны рабіць Беларусь спакойнай і ляяльнай Расеі.
  • Галасаваць на рэфэрэндуме як «за», гэтак і «супраць», — гэта адпавядае плянам Лукашэнкі.
  • Не прыходзіць на ўчасткі — гэта таксама адпавядае плянам Лукашэнкі.

Навумчык

  • Пры дыктатарскім рэжыме ў апазыцыі ня можа быць ідэальнай стратэгіі. І пратэставае галасаваньне, і байкот маюць свае мінусы.
  • Але, мне падаецца, у варыянце байкоту менш мінусаў. І адзін вялікі плюс: грамадзяне ня ўдзельнічаюць у спробе легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.
  • Мы ня можам гаварыць пра неэфэктыўнасьць байкоту з той простай прычыны, што ён ніколі ў Беларусі апазыцыяй не выкарыстоўваўся менавіта як стратэгія.
  • Але можна сказаць пра самы правальны варыянт удзелу. У 2004 годзе большая частка апазыцыйных партый на рэфэрэндум, які здымаў абмежаваньне на прэзыдэнцкі тэрмін, вылучыла стратэгію — «Прыйдзі і скажы яму «Не!». Людзі прыйшлі, сказалі «Не».
  • Але Ярмошына намалявала вялікую лічбу насупраць «Так».
  • Мы чуем ад прыхільнікаў пратэстнага галасаваньня: трэба людзям даць магчымасьць адчуць, што нас, праціўнікаў Лукашэнкі, па=ранейшаму большасьць. Але большасьць — гэта калі «Голас» пакажа, скажам, 3,5 мільёнаў тых, хто выкрасьліў абодва варыянты адказу ці не галасаваў за луккашэнкаўскі праект канстытуцыі. Іх будзе 3,5 мільёны? У самым лепшым выпадку, іх будзе мільён. А Лукашэнка скажа: Цудоўна! Мільён прагаласавалі супраць, гэта 22%, але 78% — за!
  • У жніўні 2020-а на менскія праспэкты выходзілі сотні тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўражвалі, а 16 жніўня выйшла, мне так падаецца, блізу мільёна — ня толькі ў гарадах, але і ў вёсках, дзе ніколі не выходзілі. Гэта ўражвала. Але рэфэрэндум — гэта іншае, цяпер іншая сытуацыя, такога відовішча, візуалізацыі такой ня будзе.

Кірылюк

  • Плятформа «Голас» добра спрацавала ў 2020 годзе, і яе вынікі былі прызнаныя ў дакумэнтах міжнародных інстытуцыяў.
  • Мы маем намер выкарыстоўваць і надалей гэтую плятформу.
  • Як мы будзем выкарыстоўваць «Голас» — пра гэта мы паведамім пазьней.
  • Калі Лукашэнка будзе сядзець на лаве міжнароднага суду, ён скажа: «Так, зьбівалі людзей, але ў мяне не было іншага выйсьця».
  • Каб схлусіць, яму непатрэбная нашая яўка.
  • Ён баіцца актыўнага палітычнага дзеяньня.
  • Плятформа «Голас» — вэрыфікаваны інструмэнт, і мы павінны яе выкарыстаць.

Навумчык

  • Калі адказваць на пытаньне (цяпер ужо тэарэтычнае, бо штаб Ціханоўскай заклікаў да пратэставага галасаваньня), якой была б ідэальная стратэгія байкоту, дык я бачу яе наступнай.
  • Для мяне няма сумневу, што Ціханоўская перамагла Лукашэнку, што яна 9 жніўня 2020 году была абраная прэзыдэнтам Беларусі, падабаецца яна каму ці не.
  • Яна б магла яшчэ раз пацьвердзіць, што Лукашэнка — нелегітымны прэзыдэнт, што ён ня мае права прызначаць рэфэрэндумы, што рэфэрэндум па Канстытуцыі незаконны, што яе прыхільнікі, усе, хто хоча аднаўленьня канстытуцыйнага парадку, ня будуць у ім удзельнічаць, проста ня пойдуць на яго.
  • І што Захад не павінен прызнаваць ягоных вынікаў.
  • І гэта была б лягічная, ясная і зразумелая ўсім пазыцыя.
  • Мне вельмі падабаецца фраза: «Калі хочаш расьсьмяшыць пана Бога — раскажы яму свае пляны на заўтра».
  • Гэтыя ацэнкі я даю зыходзячы з сытуацыі сёньняшняга дня.
  • Зусім магчыма, што за два месяцы ўсё зьменіцца, і тыя, хто сёньня за байкот — прапануюць ісьці галасаваць, альбо наадварот — Ціханоўская закліча байкатаваць рэфэрэндум.

Кірылюк

  • Безумоўна, мы ўлічваем досьвед «Народнага галасаваньня», ініцыяванага на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Зянонам Пазьняком.
  • Вось цытата Пазьняка таго часу: «Нельга адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, бо з боку рэжыму справа ідзе не аб законных выбарах, а аб захопе ўлады пры дапамозе выбараў. Пры адмаўленьні выбараў улада будзе захопленая».
  • Я згодны з тагачасным выказваньнем Пазьняка.
  • Тады не было Тэлеграму, не было такіх ІТ-тэхналёгіяў, тады немагчыма было вэрыфікаваць мільёны бюлетэняў і паказаць сапраўдную карціну галасаваньня.
  • Я бачыў у 2020 годзе на ўчастку, як шмат было людзей зь белымі стужкамі.
  • І гэта было адной з галоўных прычын, чаму людзі выйшлі на вуліцы абараніць свае галасы.
  • У Беларусі шмат людзей, якія пакутуюць ад цяперашняга рэжыму.
  • Мы зь Сяргеем змаглі зьехаць з краіны.
  • Сотні тысячаў зьехалі. Але мільёны засталіся. І мільёны нікуды ня змогуць зьехаць.
  • І ў мільёнаў людзей ёсьць пытаньне — што яны могуць зрабіць, каб спыніць гэта.
  • Я ня думаю, што сядзеньне дома будзе больш моцным палітычным дзеяньнем.
  • Я разумею, што ёсьць рызыка і ва ўдзеле.
  • Я размаўляў зь людзьмі ў Беларусі, некаторыя баяцца пайсьці на ўчастак і паставіць два крыжыкі.
  • Але ёсьць і тыя, хто пасьля гэтага году рэпрэсіяў гатовыя нешта зрабіць.
  • Ня трэба разьлічваць, што ў выніку нашай стратэгіі ў Беларусі ў адзін дзень зьменіцца ўлада.
  • Мы маглі разьлічваць на гэта ў 2020 годзе, цяпер — не.
  • Я разьлічваю, што прыйдзе шмат людзей і паставяць два крыжыкі, што шмат людзей зарэгіструюць сваё галасаваньне на «Голасе».
  • І мы прадэманструем сьвету, Лукашэнку, Пуціну, што большасьць беларусаў — супраць Лукашэнкі.
  • І нашыя аднадумцы ізноў убачаць, што яны большасьць.
  • Я жыў у байкоце апошнія гадоў 20.
  • Я не займаўся палітыкай, я займаўся бізнэсам, быў крызісным мэнэджарам, адвакатам.
  • Я байкатаваў гэтую сыстэму.
  • І зараз я атрымаў вынікі свайго выбару: я не магу вярнуцца ў Беларусь, мае дзеці ня могуць сустрэцца са сваімі родзічамі.
  • Я не жадаю больш байкоту. Я жадаю ўдзельнічаць.

Што было раней

  • 20 лістапада дэмакратычныя сілы апублікавалі плян на дзень галасаваньня наконт новай Канстытуцыі. Яны заклікаюць далучыцца да стратэгіі дзеяньняў, якую распрацавалі грамадзянскія ініцыятывы «Честные люди», Zubr, плятформа «Голас» пры ўдзеле Офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і Каардынацыйнай рады.
  • «„Рэфэрэндум“ заплянаваны на пачатак 2022 году. Гэтае мерапрыемства — злачынства і падман, якое мы, беларусы, ператворым у „вотум недаверу“ рэжыму. „Честные люди“, „Зубр“, „Голас“ заклікаюць прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным. Гэтае дзеяньне азначае, што мы ня згодныя з рэжымам і выступаем за ўсталяваньне законнасьці і стварэньне ўмоў для правядзеньня сумленных выбараў», — гаворыцца ў апублікаваным сёньня звароце.
  • Для таго каб зрабіць бюлетэнь несапраўдным, ініцыятары звароту прапануюць тры пункты:
  • У дзень галасаваньня прыйсьці на выбарчыя ўчасткі.
  • Паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных у бюлетэні варыянтаў.
  • Апусьціць бюлетэнь у скрыню для галасаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG