Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што 60% апытаных беларусаў падтрымалі праект Канстытуцыі, які яшчэ не публікаваўся


Аляксандар Лукашэнка на трыбуне «ўсебеларускага народнага сходу», архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка на трыбуне «ўсебеларускага народнага сходу», архіўнае фота

Неўзабаве праект абноўленай Канстытуцыі вынясуць на ўсенароднае абмеркаваньне, спасылаецца на Аляксандра Лукашэнку праўладнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня».

«На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу», — сказаў Лукашэнка і заявіў, што, паводле «сацыялягічнага дасьледаваньня», нібыта 55-60% насельніцтва гатовыя прыйсьці на рэфэрэндум і падтрымаць праект Канстытуцыі. Пры гэтым праект Асноўнага закону яшчэ нідзе не надрукаваны, ягоныя дэталі малавядомыя.

«Калі мы добра папрацуем і апублікуем праект, раскажам пра навацыі, навошта мы прымаем гэтую Канстытуцыю, я ўпэўнены, нас падтрымаюць, як гэта было на пераломе ў сярэдзіне 1990-х. Таму я б вас папрасіў сустракацца зь людзьмі — у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у грамадзкіх аб’яднаньнях. Трэба актыўна выступаць у СМІ, расказваць. Адным словам, праяўляйце ініцыятыву», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да чальцоў Канстытуцыйнай камісіі.

Папярэдне было абяцана, што рэфэрэндум прызначаць на люты 2022 году, але дакладная дата не называецца. Сам Лукашэнка казаў, што гатовы ўзначаліць надзелены шырокімі паўнамоцтвамі «ўсебеларускі народны сход», а інстытут прэзыдэнцтва «перадаць маладым».

Лукашэнка чарговым разам падкрэсьліў, што «справа не ў асобах» і ён «ніякую Канстытуцыю пад сябе ня робіць».

Што абяцае Канстытуцыйная камісія

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.

Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня»:

«Мінулы 25-гадовы пэрыяд пацьвердзіў эфэктыўнасьць, абгрунтаванасьць і мэтазгоднасьць функцыянаваньня інстытуту прэзыдэнцтва, — сказаў Пётра Міклашэвіч. — І сёньня няма абʼектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня ў Беларусі на парлямэнцкую або парлямэнцка-прэзыдэнцкую».

Першае пасяджэньне Канстытуцыйнай камісіі адбылося 31 сакавіка. Тады ж быў зацьверджаны графік пасяджэньняў — двойчы на месяц. Усяго заплянавана 9 пасяджэньняў.

На другім пасяджэньні разглядалі рапановы аб мэтазгоднасьці зьмены ўзроставых цэнзаў грамадзян, увядзеньня гранічнага ўзросту для ўдзелу ў выбарах і заняцьця выбарных пасад.

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы па зьмене асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG