Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра яшчэ адну сьмерць мігранта на мяжы зь Літвой, вядома ўжо пра 16 ахвяр


Беларуска-літоўская мяжа. Архіўноае фота.
Беларуска-літоўская мяжа. Архіўноае фота.

Па стане на 29 лістапада вядома пра 16 ахвяр мігранцкага крызісу, які распачаўся летам гэтага году на межах Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай.

Цела яшчэ аднаго загінулага мігранта знайшлі на мяжы Беларусі зь Літвой, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Беларускае ведамства сьцьвярджае, што труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці з прыкметамі пабояў знайшлі 28 лістапада. Таксама пра чарговую сьмерць мігранта на нарадзе ў Мінабароны паведаміў Аляксандар Лукашэнка. Неўзабаве відэа з месца здарэньня апублікаваў Памежны камітэт.

На гэты момант вядома пра, як найменей 16 чалавек, якія загінулі за час мігранцкага крызісу.

Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс

4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.

7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.

22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.

12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.

22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.

27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.

28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.

Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.

Такім чынам, вядома пра сьмерць

• 13 мігрантаў на мяжы,
• 1 ненароджанага дзіцяці,
• 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG