Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пахавалі ненароджанае дзіця мігранткі. Маці ў цяжкім стане ў шпіталі


Памерлых мігрантаў на сваіх могілках хаваюць падляскія татары.

На мусульманскіх могілках у падляскай вёсцы Багонікі пахавалі дзіця, якое памерла ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці. Раней ягоную маці ад мяжы даставілі ў шпіталь, дзе ў яе і здарыўся спарон. Ненароджанага сына бацькі хацелі назваць Халікары. Яго маці цяпер у цяжкім стане ў шпіталі, а бацька і пяцёра іншых дзяцей — у часовым прытулку для мігрантаў.

Гэта ўжо чацьвёртае мігранцкае пахаваньне ў Багоніках.

У нядзелю 21 лістапада ў Багоніках пахавалі 37-гадовага мігранта Мустафу Махамэда, цела якога знайшлі недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, у ваколіцах вёскі Гарадок 19 верасьня, паведаміў польскі тэлеканал tvn24. Вядома, што мужчына памёр ад пераахаладжэньня.

На тым жа месцы раней адбыліся яшчэ два пахаваньні — 19-гадовага сырыйца і мужчыны, цела якога знайшлі каля мяжы, але ягоную асобу вызначыць не ўдалося.

Пахаваньне зацягнулася празь дзеяньні пракуратуры, а таксама ўскрыцьцё трупа. У сваю чаргу, амбасада Емэна шукала кантакт зь сям’ёй загінулага.

«Гэта мусульманскія могілкі, і гэтыя могілкі зьяўляюцца месцам спачыну ўсіх мусульман з усяго сьвету, незалежна ад таго, выхадцы зь Емэну, Судану ці нашыя татары — няважна, хто, важна, што гэта мусульмане — тады мы бяромся за такі абавязак. У прыватнасьці, я як кіраўнік мусульманскай рэлігійнай грамады ў Багоніках займаюся рэлігійнымі пытаньнямі, а потым выконваю гэтую рытуальную частку», — сказаў імам Аляксандар Алі Базарэвіч.

16 лістапада падляскія татары пахавалі цела сырыйца, які патануў у Бугу. Пахаваньне 24-гадовага сырыйца Ахмэда арганізавалі мусульмане рэлігійнай грамады з Багонікаў. Менавіта на Падляшшы кампактна пражываюць прадстаўнікі татарскай меншасьці. Інфармацыю пра пахаваньне перадалі сям’і нябожчыка.

Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс

4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.

7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.

22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.

12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.

22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.

27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.

28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.

Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.

Такім чынам, вядома пра сьмерць

• 13 мігрантаў на мяжы,
• 1 ненароджанага дзіцяці,
• 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG