Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы атрымалі некалькі прызоў на фэстывалі дакумэнтальнага кіно IDFA 2021


Вітаўтас Ландсбергіс і Сяргей Лазьніца

Галоўны прыз фэстывалю атрымаў фільм Сяргея Лазьніцы «Спадар Ландсбергіс» пра лідэра руху за незалежнасьць Літвы. Пераможцаў абвясьцілі 25 лістапада ў Амстэрдаме на афіцыйнай цырымоніі закрыцьця фэстывалю.

Фільм зьняты пры падтрымцы тэлеканалу «Настоящее время» і Літоўскага кінафонду.

У ім расказваецца пра распад Савецкага Саюзу і ролю, якую адыграў лідэр руху за аднаўленьне незалежнасьці Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Дзякуючы яму краіна стала першай дзяржавай, якая выйшла са складу СССР. 89-гадовы палітык прысутнічаў на паказе стужкі.

Сяргей Лазьніца — адзін з самых вядомых сучасных рэжысэраў, уладальнік прызоў Канскага і яшчэ дзясяткаў іншых прэстыжных кінафэстываляў сьвету як за дакумэнтальнае, так і за ігравое кіно. Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах, скончыў школу і першы ўнівэрсытэт — у Кіеве, вучыўся кінэматаграфіі ў Маскве, а жыве ў Нямеччыне. Звычайна яго называюць украінскім кінарэжысэрам.

«Мэтадычка», зьнятая Паўлам Мажарам, беларусам, які жыве ў Нямеччыне, названа найлепшым кароткамэтражным дакумэнтальным фільмам. Падчас працы над гэтым праектам рэжысэр ператварыў свой пакой у студыю, дзе праводзіў інсцэніроўкі працэсу выбіваньня зьвестак у сьведкаў.

Беларуска-расійская стужка пра маскоўскае мэтро «Куды мы едзем», над якой працаваў беларус Руслан Фядотаў, атрымала адразу дзьве ўзнагароды IDFA — за найлепшую работу апэратара і за найлепшы дэбютны поўнамэтраж.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG