Сайт Оrsha.eu заблякавалі па рашэньні пракуратуры

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра блякіроўку сайта Оrsha. eu паведамілі ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве па наглядзе за электрасувязьзю.

Рэдакцыя партала пакуль ня ведае дакладнай прычыны блякіроўкі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Раніцай 26 лістапада рэдакцыя паведаміла, што сайт парталe трэці дзень запар працуе са збоямі.

«Пакуль яшчэ рана казаць дакладна, што адбываецца, бо аніякіх папярэджаньняў з боку дзяржавы, што сайт нешта мог парушыць, не было. Але тэхнічна тое, што сайт не адчыняецца зусім, або адчыняецца не зь першага разу, найбольш падобна да таго, што сайт блякуюць нейкія дзяржаўныя структуры», — адзначылі ў рэдакцыі Оrsha.eu.

Рэдакцыя адзначыла, што ня спыніць працу, нягледзячы на часовыя нязручнасьці.

«Усё ж такі ў нас ня толькі самы папулярны сайт пра Воршу, але і старонкі ў сацыяльных сетках. Таму асноўны ўпор мы зробім зараз менавіта на іх. Вас таксама запрашаем далучацца да нашых старонак і выбраць тую сацыяльную сетку якая вам найбольш зручная»,— зьвярнулася рэдакцыя выданьня да сваіх чытачоў.

Галоўнага рэдактара Оrsha.eu Ігара Казьмерчака затрымлівалі сёлета ўлетку ў межах крымінальнай справы аб «псаваньні маёмасьці», якую потым закрылі. Казьмярчак — вядомы аршанскі палітычны і грамадзкі актывіст, праваабаронца, кіраўнік моладзевага аб'яднаньня «Зьвяз», якое ліквідавалі сёлета ў верасьні.

Да таго ж, Казьмярчак меў «Цудоўную краму», якая гандлявала беларускай нацыянальнай сымболікай і адзеньнем. У ліпені яе прымусова закрыла Міністэрства надзвычайных сытуацый.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Агулам праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў пра як найменей 270 зьліквідаваных недзяржаўных арганізацый зь ліпеня гэтага году.

​
XS
SM
MD
LG