Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніком Інтэрполу абралі генэрала, якога абвінавачваюць у катаваньнях. Якія стасункі Інтэрполу зь Менскам


Новым прэзыдэнтам Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрполу) абраны генэральны інспэктар міністэрства ўнутраных спраў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, генэрал-маёр Ахмэд Насэр Аль-Раісі.

Пра яго абраньне Інтэрпол паведаміў 25 лістапада ў Твітэры.

Аль-Раісі абраны прэзыдэнтам арганізацыі на чатырохгадовы тэрмін. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Кім Чон Яна з Паўднёвай Карэі.

Крытыкі Ахмэда Насэра Аль-Раісі, як паведамляе Deutsche Welle, называюць яго прыхільнікам агрэсіўных сілавых ведамстваў, якія паддаюць апанэнтаў уладаў адвольным арыштам і катаваньням. Як мінімум у пяці краінах супраць яго пададзены судовыя пазовы ў сувязі з абвінавачаньнямі ў катаваньнях.

Паводле зьвестак брытанскага выданьня The Daily Maíl, Аль-Раісі датычны да катаваньняў брытанскага навукоўца Мэт’ю Геджэса, затрыманага ў ААЭ у 2018 годзе паводле ілжывага абвінавачаньня ў шпіянажы. У зьняволеньні яго ўтрымлівалі ў кайданах, пазбаўлялі сну і прымушалі прымаць розныя мэдычныя прэпараты. Пазьней навуковец падаў супраць чатырох чыноўнікаў ААЭ, у тым ліку Аль-Раісі, судовы пазоў аб пакрыцьці шкоды ў памеры 350 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

  • Штаб-кватэра Інтэрполу знаходзіцца ў францускім Ліёне, арганізацыя існуе на ўнёскі 195 дзяржаў-чальцоў. Улады ААЭ ня толькі плацяць узносы (у 2019 годзе — каля 243 тысяч эўра, што склала 0,425 працэнта бюджэту Інтэрполу), але і з 2015 году актыўна ахвяруюць вялікія сумы грошай на карысьць арганізацыі, што выклікае падазрэньні ў спробах купіць у ёй уплыў, адзначае Deutsche Welle.
  • Паводле ініцыятывы ByPol, шэраг запытаў беларускага боку наконт міжнароднага вышуку Інтэрпол адхіліў з прычыны відавочнага палітычнага падтэксту справаў. Так было, у прыватнасьці, у выпадку вышуку палітычных дзяячак Сьвятланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай. За падобныя запыты беларускаму прадстаўніцтву Інтэрполу вынесьлі папярэджаньне і ў выпадку паўтору сытуацыі сяброўства Беларусі ў арганізацыі могуць прыпыніць.
  • Са свайго боку Беларусь адхіліла некалькі міжнародных запытаў Інтэрполу аб выдачы падазраваных у крымінальных справах. У прыватнасьці, адмовілася выдаць брата зьбеглага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева Жаныбека Бакіева і ўкраінскага банкіра Віктара Братко з атачэньня таксама зьбеглага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
  • Трэцяга кастрычніка сёлета беларусы зь Ліёну, Парыжу, Ансі і Грэноблю пікетавалі штаб-кватэру Інтэрполу ў Ліёне, каб заклікаць іх спыніць супрацоўніцтва зь менскім рэжымам. Нагодай паслужыла сытуацыя зь беларускім актывістам Макарыем Малахоўскім, якога затрымалі ў Польшчы, бо сілавікі зь Беларусі ўнесьлі яго ў базу міжнароднага вышуку Інтэрполу. Малахоўскага выпусьцілі ў той жа дзень, аднак беларусы Францыі выйшлі на пікет, каб надалей прадухіліць такія выпадкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG