Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё гэта не аб правах, а аб рэпрэсіях і ціску». Юрыст і праваабаронца пра ініцыятыву ГУБАЗіК аб пазбаўленьні грамадзянства


Выява багіні правасудзьдзя Фэміды пад гебрам Беларусі ў Вярхоўным судзе
Выява багіні правасудзьдзя Фэміды пад гебрам Беларусі ў Вярхоўным судзе

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі (ГУБАЗіК) палкоўнік міліцыі Андрэй Паршын паведаміў аб распрацоўцы заканадаўчых ініцыятыў.

У інтэрвію mlyn.by ён заявіў, што распрацоўваецца закон аб пазбаўленьні грамадзянства Рэспублікі Беларусь асобаў, якія прызнаныя вінаватымі ў зьдзяйсьненьні «асобных катэгорый злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці або прычыненьні цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, незалежна ад спосабу набыцьця грамадзянства».

Паводле палкоўніка Андрэя Паршына, такія дзеяньні неабходна прымяняць да асобаў, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці. У якасьці дадатковага пакараньня прапануецца агульная канфіскацыя іх маёмасьці.

«Тут ідзе гаворка пра тое, што нават немагчыма супаставіць з правамі чалавека»

Паводле юрыста Зьмітра Лаеўскага, такога кшталту ініцыятывы ня маюць нічога агульнага з правам.

«Можна які заўгодна закон прыняць — хоць пра тое, каб пазбаўляць жыцьця за іншадумства, але гэта ня права. Таму што права грунтуецца на такіх каштоўнасьцях, як правы чалавека і дэмакратыя. А тут ідзе гаворка пра тое, што нават немагчыма супаставіць з правамі чалавека, — кажа Зьміцер Лаеўскі. — Напрыклад, можна зрабіць закон пра тое, што канцэнтрацыйныя лягеры законныя. І што, хіба можна лічыць гэта правам? Натуральна, што не. Можна законам замацаваць досьледы над людзьмі, але гэты закон ня будзе мець прававой сутнасьці, таму што ён супярэчыць прынцыпам чалавечнасьці. Так што ня варта атаясамліваць закон з правам, асабліва ў нас».

Сёлета ў жніўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы ўказ, паводле якога можна пазбаўляць грамадзянства натуралізаваных беларусаў. Пазбавіць іх грамадзянства могуць з шэрагу прычын — тэрарызм, распальваньне нацыянальнай варожасьці, здрада дзяржаве, масавыя беспарадкі. Аднак гэта ня тычыцца тых, хто мае беларускае грамадзянства, бо нарадзіўся ў Беларусі.

Паводле 10-га артыкулу Канстытуцыі Беларусі, «ніхто ня можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права зьмяніць грамадзянства». Таксама Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека ААН прадугледжвае права на грамадзянства.

«У сучасных стандартах пад гэтым разумеецца, што нельга адвольна пазбаўляць грамадзянства чалавека. І ва ўсім сьвеце імкнуцца скараціць колькасьць людзей без грамадзянства, бо гэта менш эфэктыўны прававы статус чалавека. Ёсьць профільныя канвэнцыі аб безграмадзянстве, Беларусь іх не ратыфікавала, хаця абяцала гэта зрабіць летась. Тэарэтычна, трэнд такі, што чалавека ня могуць пазбавіць грамадзянства, калі яно ў яго адно», — кажа праваабаронца Наста Лойка.

«Гэта стварае яшчэ большае поле бяспраўя»

Паводле Насты Лойкі, цяпер па беларускім заканадаўстве могуць пазбаўляць грамадзянства чалавека, якога прыцягнулі да адказнасьці паводле нейкіх умоўна экстрэмісцкіх артыкулаў. Але ў тым выпадку, калі чалавек набыў гэтае грамадзянства не па нараджэньні.

«Мы тады крытыкавалі гэтыя зьмены ў заканадаўстве. І ГУБАЗіК ня хоча на гэтым спыняцца. Яны прапаноўваюць зараз, магчыма, і больш шырокія падставы, што можна будзе пазбаўляць любога чалавека грамадзянства. Але гэта стварае яшчэ большае поле бяспраўя. Гэта больш ідэалягічнае поле, а не прававое, — кажа Наста Лойка. — Маўляў, сапраўдныя грамадзяне — гэта тыя, якія думаюць і галасуюць так, робяць тое, працуюць там. А калі людзі ня ўпісваюцца ў гэты малюнак і маюць альтэрнатыўныя погляды, цяпер іх можна назваць паводле беларускага заканадаўства экстрэмістамі і ў розных формах абмяжоўваць іх правы. Сярод іншага яны мараць і пазбаўляць грамадзянства. Я думаю, што яны штучна сабе ствараюць працу, распальваюць варожасьць паводле палітычных поглядаў».

Наста Лойка лічыць, што ніводзін дзяржаўны орган не павінен выступаць з ініцыятывай, якая абмяжоўвае правы чалавека.

«Але я дапускаю, што зьмены ў такі бок магчымыя, бо ўжо шмат што мяняецца ў заканадаўстве пад запыт ГУБАЗіКу. Яны сёньня асноўны ідэалягічны орган, якія ажыцьцяўляе асноўныя рэпрэсіўныя захады. Пад іх патрэбы ўжо больш жорсткім зрабілі заканадаўства, таму гэта можа адбыцца, — кажа праваабаронца. — Тады ў іх будзе магчымасьць высылаць людзей. Хаця наўрад ці, калі яны чалавека пазбавяць грамадзянства, хоць адна краіна пагодзіцца прыняць гэтых людзей. Таму на практыцы іх мару выслаць усіх, хто ня згодны, будзе цяжка ажыцьцявіць. Але як інструмэнт ціску гэта можа спрацаваць і выклікаць яшчэ большую эміграцыйную хвалю. Усё гэта не аб правах, а аб рэпрэсіях і ціску».

«Гэта папраўдзе падзел на „правільных“ і „няправільных“ людзей»

Што да агульнай канфіскацыі маёмасьці, то паводле Зьмітра Лаеўскага, цяпер няма такога пакараньня, як канфіскацыя.

«Могуць толькі арыштоўваць маёмасьць дзеля пагашэньня нейкай маёмаснай шкоды. І ёсьць таксама „спэцыяльная канфіскацыя“ — яна тычыцца прадмета злачынства ці забароненых рэчаў (напрыклад, незаконная зброя і г. д.)», — кажа Лаеўскі.

Паводле Насты Лойкі, магчыма, улады пойдуць далей.

«Я дапускаю, што яны могуць прыдумаць усё што заўгодна. Гэта папраўдзе падзел на „правільных“ і „няправільных“ людзей. А зь няправільнымі можна рабіць усё што заўгодна», — кажа праваабаронца.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG