Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне хацелі пасяліць да чалавека зь нізкім статусам». Музыку Ігара Банцэра чакае новы суд


Ігар Банцэр у судзе. Архіўгнае фота.

Рок-музыканта Ігара Банцэра выпусьцілі са штрафнога ізалятару пасьля 20 дзён пакараньня. Ён расказаў Свабодзе пра стан здароўя, суд наперадзе і магчымы дзень свайго выхаду на волю.

Ігар Банцэр адбываў частку пакараньня штрафным ізалятарам у горадзе Гарадок Віцебскай вобласьці. Стала вядома, за што менавіта яго двойчы пакаралі за апошні час.

Як Ігар Банцэр расказаў Свабодзе, што першыя 10 дзён яму далі, бо адмовіўся выконваць патрабаваньне адміністрацыі віцебскай «хіміі».

«Яны хацелі пасяліць мяне да чалавека зь „нізкім статусам“. Я адмовіўся. Яны знарок так хацелі зрабіць перад маім пераводам на „зону“ (у калёнію. — РС). Там я б ня здолеў камунікаваць з „нармальнымі пацанамі“, стаў бы „адсаджаным на кубак“ (ізаляваным ад іншых вязьняў паводле няпісанага турэмнага кодэксу. — РС). Перада мной у калёнію паляцела бы „малява“ (цыдулка. — РС) ад міліцыянтаў, што едзе чалавек зь „нізкім статусам“. Але я на гэта не пайшоў», — патлумачыў Ігар Банцэр.

Другое пакараньне яму выпісалі за тое, што ляжаў, а не сядзеў удзень на ложку, калі знаходзіўся на карантыне.

Палітвязень расказаў, што цяпер адчувае сябе кепска фізычна, бо ў штрафным ізалятары было вельмі холадна і бракавала ежы.

«У ШЫЗА дубак, няма ацяпленьня. То бок тэмпэратура амаль як на вуліцы, цяплей толькі ад таго, што надыхалі, і таму, што ветру няма. Пасьцельную бялізну і матрац на ноч выдаюць. Зь ежай там кепска, яна бывала непадагрэтая, няма вітамінаў, не дазволены перадачы з волі, няма кіпяцільніка. Да таго ж я вэгетарыянец, таму яшчэ менш калёрый і энэргіі. Пачаў есьці рыбу», — расказвае зьняволены.

24 лістапада Банцэра чакае новы суд у Віцебску, на якім разгледзяць ягоны перавод на больш жорсткі рэжым. Такі суд ужо прайшоў 29 верасьня, тады прынялі рашэньне аб ягоным пераводзе з «хіміі» у калёнію. Аднак пазьней высьветлілася, што паперы празь зьмены ў заканадаўстве аформілі няправільна (спаслаліся на 415 артыкул, які ўжо выключылі з Крымінальнага кодэксу). Таму цяпер правядуць новы суд.

Праз блытаніну ў дакумэнтах цяпер не зусім зразумела, калі рок-музыкант мае выйсьці на волю. 29 верасьня яму прызначылі адбываць 55 дзён у калёніі агульнага рэжыму. Калі б ён увесь час пасьля суду правёў у калёніі, то павінен быў бы выйсьці на волю ў канцы лістапада. Частку пакараньня Банцэр правёў у віцебскім СІЗА, дзе тэрмін ідзе ў паўтара раза хутчэй, то бок гарадзенец мог вызваліцца нават у пачатку лістапада. Чаму вязень яшчэ застаецца за кратамі, незразумела.

Калі выявілі памылку ў дакумэнтах, Банцэра вярнулі на «хімію», а адтуль накіравалі ў штрафны ізалятар у Гарадок. Цяпер ён зноў на «хіміі», чакае суду. Супрацоўніца «хіміі» вусна паведаміла Банцэру, што тэрмін ягонага зьняволеньня скончыцца сёлета 17 сьнежня.

Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён бязь ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасьля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна мэдычнае абсьледаваньне і лячэньне ў шпіталі.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG