Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка панаракаў, што зь ім і Макеем на Захадзе ня хочуць гаварыць пра мігранцкі крызіс. Эўразьвяз адказаў фактамі

абноўлена

Мігранты і сілавікі, ілюстрацыйнае фота
Мігранты і сілавікі, ілюстрацыйнае фота

Кантактныя асобы ад Эўразьвязу, якія маюць працаваць над вырашэньнем крызісу зь мігрантамі, не выходзяць на сувязь, заявіў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Караніка і свайго памочніка ў гэтым рэгіёне Юрыя Караева.

«Чакаю, калі Эўразьвяз адрэагуе на 2 тысячы ўцекачоў у нас у лягеры. Я прасіў, каб яны іх забралі. Мэркель паабяцала, што разгледзяць праблему. Нічога не разглядаюць, кантактныя асобы на сувязь не выходзяць. Наш міністар замежных спраў ім тэлефануе: „Давайце працаваць у гэтым ключы!“ — „Ды мы ў службовай выправе, яшчэ недзе“. У гэтай сувязі: ня трэба нікога чакаць. Адмовіліся — значыць, ім уезд сюды будзе закрыты. Самі справімся з тымі людзьмі, калі іх Нямеччына не забярэ. Куды дзявацца? Але мы павінны патрабаваць ад немцаў, каб яны іх узялі», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён папярэдзіў заходніх палітыкаў, у прыватнасьці польскіх, пра «наступствы пагрозаў», якія апошнім часам агучваюцца ў адрас Беларусі.

«Вы, напэўна, чуеце, што раздаюцца пастаянна пагрозы з боку гэтых дзікіх палітыкаў і кіраўнікоў Польшчы: мяжу закрыем, Кузьніцу закрыем, памежны пераход чыгуначны. Я ў гэтым пляне толькі магу сказаць: закрываць — калі ласка. Калі зручней, закрывайце. Але трэба перш падумаць, як яны будуць мець зносіны з Расеяй, Кітаем, наогул з Усходам. Паедуць праз Данбас? А там хлопцы рэзкія, яны іх хутка адстрояць», — прыгразіў Лукашэнка, адзначыўшы, што Беларусь ня хоча супрацьстаяньня на фоне крызісу.

Рэакцыя Эўразьвязу

Эўразьвяз падтрымлівае кантакты зь беларускімі ўладамі ў пытаньнях рэпатрыяцыі мігрантаў. Аб гэтым заявіў на сёньняшнім брыфінгу прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана.

Паводле Стана, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль двойчы размаўляў зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімірам Макеем за апошнія сем дзён. Таксама адбыліся некалькі размоваў паміж функцыянэрамі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і чыноўнікамі беларускага МЗС ніжэйшага рангу.

«На нашу думку, зносіны ідуць дакладна ў адпаведнасьці з тым, пра што мы гаварылі: мы шукаем магчымасьць для тэхнічных перамоваў паміж агенцтвамі ААН і беларускімі партнэрамі з мэтай дапамогі і спрашчэньня рэпатрыяцыі людзей, якія апынуліся ў Беларусі», – дадаў Стана.

Ён удакладніў, што адна з размоваў адбылася ў пятніцу. Абмяркоўваліся пытаньні лягістыкі, пасьля гэтага кантакты працягнуліся.

Пры гэтым Стана зазначыў, што «зазвычай мы не камэнтуем тое, што кажа спадар Лукашэнка, таму што шмат што з гэтага ніяк не зьвязана з рэальнасьцю».

Польшча пакуль не закрыла чыгуначнага пункту пропуску «Кузьніца»

Такое пытаньне пакуль не разглядаецца, паколькі беларускія службы адвялі мігрантаў у Брузгах ад ваколіц мяжы. Пра гэта ў нядзелю 21 лістапада паведаміў журналістам прэс-сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер.

Днямі Польшча выставіла беларускаму боку ультыматум, што закрые чыгуначны пункт пропуску ў Кузьніцы, калі сытуацыя зь мігрантамі не стабілізуецца.

Камэндант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага паведаміў у лісьце да старшыні Памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо, што польскі бок чакае стабілізацыі сытуацыі ў сувязі са знаходжаньнем нелегальных мігрантаў каля памежнага пераходу ў Кузьніцы да нядзелі, 21 лістапада.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG