Польшча пакуль не закрыла чыгуначнага пункту пропуску «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю

Атака мігрантаў на польскую мяжу. 16 лістапада 2021
Атака мігрантаў на польскую мяжу. 16 лістапада 2021

Такое пытаньне пакуль не разглядаецца, паколькі беларускія службы адвялі мігрантаў у Брузгах ад ваколіц мяжы.

Пра гэта ў нядзелю 21 лістапада паведаміў журналістам прэс-сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер.

Днямі Польшча выставіла беларускаму боку ультыматум, што закрые чыгуначны пункт пропуску ў Кузьніцы, калі сытуацыя зь мігрантамі не стабілізуецца.

Камэндант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага паведаміў у лісьце да старшыні Памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо, што польскі бок чакае стабілізацыі сытуацыі ў сувязі са знаходжаньнем нелегальных мігрантаў каля памежнага пераходу ў Кузьніцы да нядзелі, 21 лістапада.


У выніку беларускія службы вывелі мігрантаў ад пераходу і такім чынам выканалі ўмовы ўльтыматуму польскай памежнай службы, адзначае Polskieradio са спасылкай на словы прэс-сакратара ўраду Пятра Мюлера.

«Мы аналізуем тое, што адбываецца на польска-беларускай мяжы. У сувязі з тым, на гэты момант здаецца, што гэтыя патрабаваньні, накіраваныя ў бок Беларусі, выкананыя, магчыма, такога рашэньня прымаць і не давядзецца», — сказаў Мюлер у нядзелю 21 лістапада.

Ён падкрэсьліў, што далейшыя рашэньні будуць залежаць ад сытуацыі на мяжы, а ў выпадку эскаляцыі крызісу магчыма ўвядзеньне гандлёвай блякады на мяжы зь Беларусьсю.

«Гэта па-ранейшаму інструмэнт, які ўключае ў сябе шэраг палітычных і эканамічных рашэньняў, якія можна прымяніць да Беларусі. На гэты момант мы бачым, што сытуацыя ў канкрэтным месцы трохі зьмянілася, але ня будзем рабіць выгляд, што сытуацыя на польска-беларускай мяжы стабілізавалася», — сказаў Пётар Мюлер.

Аўтамабільны пункт пропуску ў Кузьніцы застаецца закрытым.

​
XS
SM
MD
LG