Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што пачнуцца перамовы паміж прадстаўнікамі Эўразьвязу і Беларусі пра разьвязаньне сытуацыі зь мігрантамі. Таксама паведамляецца, што Мэркель данесла да Лукашэнкі просьбу старшыні Эўрапейскай камісіі Ўрсулі фон дэр Ляен пра абавязковы ўдзел у працэсе міжнародных арганізацый, якія займаюцца праблематыкай уцекачоў і мігрантаў.
Пазьней зьявілася кароткае паведамленьне на сайце нямецкага ўраду: «У другой тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам канцлер падкрэсьліла неабходнасьць пры падтрымцы Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН і Міжнароднай арганізацыі міграцыі і ў супрацоўніцтве з Эўракамісіяй забясьпечыць пацярпелым гуманітарную дапамогу і магчымасьці для вяртаньня».
Першы раз Аляксандар Лукашэнка і Ангела Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны, стэлефанаваліся 15 лістапада. Паводле прэс-службы Мэркель, яны «гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях».
Паводле агенцтва БелТА, размова доўжылася 50 хвілін. 16 лістапада Лукашэнка сказаў, што даў Мэркель прапанову, як разьвязаць сытуацыю.
«Мы дамовіліся з Мэркель, што мы ня будзем пакуль пра гэта гаварыць канкрэтна. Яна папрасіла час, паўзу для таго, каб абмеркаваць гэтую прапанову зь сябрамі ЭЗ», — заявіў Лукашэнка і адзначыў, што яны з Мэркель дамовіліся сазваніцца яшчэ раз. А таксама пра тое, што кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «будуць пастаянна ў кантакце і абмяркоўваць гэтыя пытаньні».
У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.
Урад Польшчы праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Ранейшае скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.
Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.