Пасьля размовы з Мэркель Лукашэнка сабраў нараду аб мігранцкім крызісе і выказаў спадзеў на дапамогу ААЭ

абноўлена
Мігранты на беларуска-польскай мяжы перад загародай і шэрагам польскіх вайскоўцаў
Мігранты на беларуска-польскай мяжы перад загародай і шэрагам польскіх вайскоўцаў

Галоўнае — не дапусьціць сутыкненьняў, заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка 16 лістапада сабраў нараду наконт мігранцкага крызісу на мяжы.

«Нам зараз галоўнае — абараніць сваю краіну і свой народ, не дапусьціць сутыкненьняў. Я ведаю, што спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лягер ужо былі. Як і правакацыі, якія могуць прывесьці да сілавога канфлікту. Гэтага дапусьціць ні ў якім разе нельга. Нельга, каб гэтая так званая праблема стала разьвязваньнем гарачага супрацьстаяньня», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка выказаў спадзеў на дапамогу ва ўрэгуляваньні міграцыйнага крызісу на Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

«Кіраўніцтва гэтай краіны мае вялікі досьвед працы з уцекачамі, яны бралі ўжо ўдзел у разьвязваньні такіх пытаньняў у сьвеце і працавалі з тысячамі ўцекачоў», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, ААЭ гатовыя падставіць сваё плячо ва ўрэгуляваньні крызісу на мяжы і ён зьбіраецца пра гэта пагутарыць з кіраўніцтвам краіны.

Напярэдадні адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.

«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях», — паведаміла прэсавая служба Мэркель.

Паводле агенцтва БелТА, размова доўжылася 50 хвілін.

16 лістапада Лукашэнка сказаў, што даў Мэркель прапанову, як разьвязаць сытуацыю.

«Мы дамовіліся з Мэркель, што мы ня будзем пакуль пра гэта гаварыць канкрэтна. Яна папрасіла час, паўзу для таго, каб абмеркаваць гэтую прапанову зь сябрамі ЭЗ», — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што яны з Мэркель дамовіліся сазваніцца яшчэ раз. А таксама пра тое, што кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «будуць пастаянна ў кантакце і абмяркоўваць гэтыя пытаньні».

Што яшчэ сказаў Лукашэнка

  • Каля 5 тысяч мігрантаў, «у каго хоць самае малое парушэньне закону», беларускія ўлады за восень вярнулі назад.
  • «Мы не закрываем раты журналістам. Усякі прадстаўнік прэсы, беларускай і замежнай, можа прыехаць і весьці рэпартажы з усякага пункту дзяржаўнай мяжы».
  • «Пагражаюць новымі пакетамі санкцый і будаўніцтвам аж пяцімэтровай сьцяны, падумваюць пра поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусі. Калі ласка. Калі больш няма чым заняцца, мы не пярэчым».
  • «Дапусьціць эскаляцыі, як бы некаму гэтага ні хацелася, аж да гарачага сутыкненьня, мы ня можам».

У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.

Урад Польшчы праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.

Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.

​
XS
SM
MD
LG