«Уезд у Эўразьвяз магчымы толькі праз законныя памежныя пераходы, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўрапейскага Зьвязу — з наяўнасьцю візы ці шляхам працэдуры наданьня прытулку. Усякая інфармацыя, якая сьцьвярджае адваротнае, — памылковая і ёсьць чыстай дэзынфармацыяй.
Дарога ў Эўрапейскі Зьвяз не ляжыць празь Беларусь. Нашыя дэлегацыі ва ўсім сьвеце, асабліва ў найбольш пацярпелых краінах, даюць інфармацыю, каб пазьбегнуць інструмэнталізацыі людзей, каб людзі [не] былі ўзброеныя, каб людзі [не] былі падманутыя і выкарыстаныя ў якасьці інструмэнтаў з палітычнымі мэтамі. Гэта незаконна і бесчалавечна», — заявіў Бурэль.
«Адказнасьць за тое, што адбываецца, на 100 працэнтаў ляжыць на Беларусі. Мы можам пачаць вырашаць гэтую праблему, спыняючы паток людзей у Беларусь.
Тым, хто ўжо знаходзіцца ў Беларусі, трэба аказваць гуманітарную дапамогу. А тыя, хто ня мае права лічыцца ўцекачом, павінны быць вернутыя назад у краіны іх паходжаньня», — дадаў Бурэль.
15 лістапада міністры замежных спраў краін Эўразьвязу пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць уладаў Беларусі, адказных за міграцыйны крызіс.
Цяпер ЭЗ зможа перасьледаваць фізычных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў ЭЗ.
«Сёньняшняе рашэньне адлюстроўвае рашучасьць Эўрапейскага Зьвязу супрацьстаяць інструмэнталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсьліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — заявіў у сувязі з прынятым рашэньнем Жузэп Бурэль.