Эўразьвяз пашырыў юрыдычныя рамкі прымяненьня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

абноўлена
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу ў панядзелак, 15 лістапада, пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць уладаў Беларусі, адказных за міграцыйны крызіс.

Рада Эўразьвязу сёньня ўнесла папраўкі ў свой рэжым санкцый з улікам сытуацыі на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю, каб мець магчымасьць рэагаваць на інструмэнталізацыю людзей, якая ажыцьцяўляецца беларускім рэжымам у палітычных мэтах.

У рэжым санкцый былі ўнесеныя папраўкі на падставе рашэньня Рады і пастановы Рады ЭЗ, якія пашыраюць крытэрыі, на якіх могуць грунтавацца канкрэтныя вызначальныя рашэньні аб накладаньні санкцый.

Цяпер ЭЗ зможа перасьледаваць фізычных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў ЭЗ.

«Сёньняшняе рашэньне адлюстроўвае рашучасьць Эўрапейскага Зьвязу супрацьстаяць інструмэнталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсьліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — заявіў у сувязі з прынятым сёньня Радай ЭЗ рашэньнем Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі.

Сёньняшняе рашэньне, гаворыцца у афіцыйнай публікацыі на сайце Эўрапейскай рады і Рады ЭЗ, стала вынікам высноваў Эўрапейскай рады ад 21 і 22 кастрычніка 2021 году, у якіх лідэры ЭЗ заявілі, што яны ня прымуць ніякіх спроб трэціх краін выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах, асудзілі ўсе гібрыдныя атакі на межах ЭЗ і пацьвердзілі, што яны адкажуць адпаведна.

10 лістапада высокі прадстаўнік у зьнешняй палітыцы выступіў з заявай ад імя ЭЗ, у якой рэзка асудзіў рэжым Лукашэнкі за наўмыснае стварэньне пагрозы жыцьцю і дабрабыту людзей і распальваньне крызісу на зьнешніх межах ЭЗ у спробе адцягнуць увагу ад сытуацыі ў Беларусі, дзе «жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца».

Мяркуецца, што санкцыі будуць распаўсюджаныя на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як лічаць у Эўразьвязе, маюць дачыненьне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЭЗ.

Імаверна, пад пэрсанальныя санкцыі трапяць каля 30 беларускіх чыноўнікаў, датычных да крытычнай сытуацыі зь мігрантамі на мяжы.

Гэта будзе пяты пакет санкцыяў Эўразьвязу, папярэднія ўводзіліся ў кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году, а таксама ў чэрвені 2021.

  • Сытуацыя на беларуска-польскай мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада. Тады да мяжы зь беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія жадаюць перабрацца ў Эўразьвяз. Памежнікам і вайскоўцам удалося іх спыніць, тыя разьбілі лягер у раёне населенага пункту Кузьніца.
  • Улады Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам летам гэтага году, увялі ў раёнах уздоўж мяжы зь Беларусьсю надзвычайнае становішча, таксама было прынята рашэньне аб будаўніцтве капітальнай загароды на мяжы. Аднак гэтыя захады не дапамагаюць. Сотні выхадцаў з Сырыі, Іраку ды іншых краін Блізкага Ўсходу працягваюць спробы перасячы мяжу.
  • Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG