Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што санкцыі «працягнуць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці за яго пастаянныя напады на дэмакратыю, правы чалавека і міжнародныя нормы».
Прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі заявіла, што Злучаныя Штаты працуюць з Эўрапейскім Зьвязам і іншымі партнэрамі ў гэтым пытаньні.
«Мы па-ранейшаму заклікаем Расею непастрэдна выкарыстаць свой уплыў на рэжым Лукашэнкі, каб ён спыніў сваю жорсткую эксплюатацыю і прымус уразьлівых людзей», — сказала Псакі.
15 лістапада міністры замежных спраў краін Эўразьвязу пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць уладаў Беларусі, адказных за міграцыйны крызіс.
Цяпер ЭЗ зможа перасьледаваць фізычных і юрыдычных асобаў, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў ЭЗ.
«Сёньняшняе рашэньне адлюстроўвае рашучасьць Эўрапейскага Зьвязу супрацьстаяць інструмэнталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсьліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — заявіў у сувязі з прынятым сёньня Радай ЭЗ рашэньнем Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі.