Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе: Сытуацыя зь мігрантамі можа перарасьці ў баявыя сутыкненьні


Бэн Годжэс
Бэн Годжэс

Ці варта Ўкраіне баяцца прамога ўварваньня войскаў РФ — у інтэрвію РБК-Украіна расказаў былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе, вядучы вайсковы экспэрт вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, генэрал Бэн Годжэс.

— Ці лічыце вы дзеяньні Расеі рэальнай пагрозай, ці «гульнёй мускуламі»?

— Я думаю, што ўзбраеньне (так на сайце. — РС) мігрантаў уздоўж мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй зьвязана з актыўнасьцю Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне і вакол яе. Гэта не супадзеньне. Гэта або прамацваньне, або дэстабілізацыя, або адцягваньне ўвагі, або ўсё вышэйпералічанае.

Высокапастаўленыя латвійскія чыноўнікі нядаўна сказалі мне, што яны разглядаюць гэта як мінімум як прамацваньне. Яны назіралі, як спэцслужбы Беларусі (ці РФ?) разьлічваюць час рэакцыі сілаў бясьпекі Латвіі на спробы ўварваньня мігрантаў. Яны таксама думаюць, што гэтыя дзеяньні могуць адцягваць увагу ад таго, што яны робяць ва Ўкраіне ці вакол яе.

Набліжаецца зіма, і газ — гэта сапраўды зброя, і ЭЗ баіцца, што Расея ці Беларусь адключаць яго тут у лістападзе-сьнежні. Таму Крэмль не адчувае ні стымулаў, ні ціску. Пуцін сказаў Мэркель усяго некалькі дзён таму, што ён ня будзе ўмешвацца і што ЭЗ павінен паразмаўляць наўпрост з прэзыдэнтам Лукашэнкам, што, вядома, немагчыма, паколькі большая частка Эўропы справядліва не прызнае яго законна абраным прэзыдэнтам Беларусі.

Горст Зээгофэр, міністар унутраных спраў Нямеччыны, адзначыў на мінулым тыдні, што за ўсім гэтым стаіць Крэмль. Крэмль мог бы спыніць гэта апоўначы, калі б захацеў. Тым ня менш ЭЗ ня будзе супрацьстаяць Крамлю, таму што для іх гэты памежны крызіс паміж Беларусьсю і Польшчай зьвязаны з газам больш, чым з абаронай межаў ЭЗ.

— Ці ёсьць інфармацыя, калі Расея можа пачаць масіраваную атаку? Як на гэта павінны рэагаваць заходнія партнэры: узмацненьнем санкцый, новымі пастаўкамі зброі, адпраўкай войскаў?

— Я б ня стаў абмяркоўваць якія-небудзь канкрэтныя выведныя дадзеныя, якімі могуць валодаць NATO або ўрад ЗША. Але ёсьць некалькі патэнцыйных момантаў і акалічнасьцяў, пры якіх канфлікт можа пачацца — па рашэньні Крамля.

Напрыклад, Сувальскі калідор — гэта ключавы момант. Гэты вузкі кавалак польскай і літоўскай тэрыторыі паміж Беларусьсю і Калінінградам мае стратэгічнае значэньне, таму што, як вы ведаеце, гэта сухапутная сувязь паміж нашымі балтыйскімі саюзьнікамі (Літвой, Латвіяй і Эстоніяй) і астатняй часткай NATO/ЭЗ. Калі б ён быў перакрыты або заблякаваны сіламі РФ і Беларусі, у нас узьнікла б сапраўдная праблема.

Існуе імавернасьць (але не непазьбежная) таго, што гэтая сытуацыя зь мігрантамі на мяжы Беларусі (якая цалкам створана намаганьнямі Беларусі і РФ) перарасьце ў сур’ёзную праблему, магчыма, з баявымі сутыкненьнямі. І тым часам Расея можа вырашыць, што яна павінна ўмяшацца з прычыны «гуманітарнага крызісу» ці чагосьці яшчэ, і ў працэсе «часова» зачыніць Сувальскі калідор зь дзьвюма яго аўтамабільнымі дарогамі і адной чыгункай. Гэта малаімаверна, але, на мой погляд, цалкам магчыма.

Галоўнае для NATO — і далей падтрымліваць адпаведны ўзровень трэніровак і гатоўнасьці, далей паляпшаць нашу здольнасьць бачыць і распазнаваць тое, што адбываецца падчас гэтай сытуацыі «гібрыднай вайны», усьведамляць, што пагроза існуе насамрэч, і падтрымліваць нашу цесную згуртаванасьць унутры Альянсу. Гэтая згуртаванасьць — наша найлепшая гарантыя, што канфлікт не пачнецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG