Мінабароны Польшчы: Беларускія службы ўначы ламалі агароджу на мяжы

З боку польскага памежнага пераходу «Кузьніца» ўзмацнілі загароду
З боку польскага памежнага пераходу «Кузьніца» ўзмацнілі загароду

Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што беларускія службы пад покрывам ночы зьнішчаюць агароджу, каб мігранты маглі нелегальна перайсьці мяжу.

Відэа з чалавекам у камуфляжы, які вырывае слуп агароджы, міністэрства апублікавала ў твітэры.

Агароджа месьціцца ўжо на польскай тэрыторыі, таму чалавек у форме зь беларускага боку парушыў мяжу.

15 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі 224 спробы пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску. Яны таксама паведамілі, што 100 чалавек спрабавалі прарвацца з Камянецкага раёну празь мяжу адной групай, але няўдала.

Мігранты на памежным пераходзе «Брузгі» ў 10:23 16 лістапада
Мігранты на памежным пераходзе «Брузгі» ў 10:23 16 лістапада

У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня. У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.

Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.

Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.

Польскія памежнікі ўсталёўваюць дадатковыя элемэнты агароджы ў Кузьніцы, вечар 15 лістапада
Польскія памежнікі ўсталёўваюць дадатковыя элемэнты агароджы ў Кузьніцы, вечар 15 лістапада

​
XS
SM
MD
LG