СК Беларусі завёў на польскіх памежнікаў справу «за злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва», палякі таксама вядуць сьледзтва

Мігранты кідаюць камяні ў польскіх сілавікоў
Мігранты кідаюць камяні ў польскіх сілавікоў

Па фактах беспарадкаў на мяжы, нападу на польскіх сілавікоў, спробаў зламаць агароджу і знаходжаньня ў памежнай зоне справы зь беларускага боку няма.

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, ягоная група працягвае працу на месцы здарэньня на тэрыторыі беларуска-польскай мяжы паблізу пункту пропуску «Брузгі» і на ім. Заведзена крымінальная справа на польскіх сілавікоў.

«За ноч сьледчымі ва ўзаемадзеяньні са спэцыялістамі УГКСЭ Горадзенскай вобласці праведзены агляд, падчас якога ў месцах прымяненьня спэцыяльных сродкаў, а менавіта сьлёзацечнага газу, вадамётаў, сьвятлашумавых гранат польскім бокам канфіскаваны шматлікія аб’екты, у тым ліку фрагмэнты мэталічных і палімэрных прадметаў ад боепрыпасаў, травяністай расьліннасьці і грунту, на якім засталіся сьляды рэчываў таксычнага і раздражняльнага дзеяньня.

Прызначаны экспэртныя дасьледаваньні, такіх як выбухатэхнічная, балістычная, судова-біялагічная, фізіка-хімічная і дактыляскапічная (экспэртызы), дапытваюцца пацярпелыя і сьведкі, канфіскаваны і агледжаны відэазапісы, якія тычацца прымяненьня польскім бокам спэцыяльных сродкаў», — расказалі ў Сьледчым камітэце.

У выніку Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 128 КК (злачынства супраць бясьпекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасьці, якія зьдзяйсьняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасьцю).

12 польскіх сілавікоў былі траўмаваныя падчас нападу мігрантаў

Па фактах нападу на польскіх сілавікоў, спробаў зламаць агароджу і знаходжаньня ў памежнай зоне крымінальнай справы зь беларускага боку няма. Але такую справу завялі ў Польшчы.

16 лістапада мігранты кідалі камяні ў польскіх ахоўнікаў мяжы, спрабуючы прарвацца зь Беларусі. У выніку ў Польшчы пацярпелі 12 чалавек, паведаміў галоўны камэндант паліцыі Яраслаў Шымчык у эфіры Polsatnews.

Яраслаў Шымчык заявіў аб тым, што пракуратура горада Саколкі пачала сьледзтва аб штурме польскай мяжы і нападах на супрацоўнікаў паліцыі.

Тады траўмы атрымалі 9 паліцыянтаў, 2 памежнікі і 1 вайсковец. Адна з параненых паліцыянтаў — жанчына, у яе траўма галавы. Такая ж траўма ў яшчэ аднаго паліцыянта. У іншых параненых — траўмы канцавін.

Яраслаў Шымчык лічыць, што людзі, якія спрабавалі прарваць мяжу, прайшлі навучаньне ў Беларусі, а сярод самых агрэсіўных зь іх былі супрацоўнікі беларускіх службаў. Доказам удзелу беларускіх сілавікоў у атацы Шымчык назваў і тое, што ў мігрантаў былі сьвятлашумавыя гранаты.

За сьмерці, пабоі, катаваньні і ўжываньне спэцсродкаў падчас разгону акцыяў пратэсту 2020 году ў Беларусі ніводнай крымінальнай справы не завялі.

​
XS
SM
MD
LG