Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выдзеліць на разьвіцьцё «ДНР» і «ЛНР» звыш $12 млрд


Прарасейскі баявік на ўсходзе Ўкраіны, 2014
Прарасейскі баявік на ўсходзе Ўкраіны, 2014

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб гуманітарнай падтрымцы насельніцтва так званых «ДНР» і «ЛНР». Такое рашэньне, як гаворыцца ва ўказе, прынята «ў мэтах абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, аказаньня гуманітарнай падтрымкі насельніцтву асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны».

Ураду Расеі ў месячны тэрмін даручана зьмякчыць умовы допуску на расейскія рынкі тавараў, якія вырабляюцца ў раёнах, якія кантралююцца сэпаратыстамі. Гэтыя тавары змогуць браць удзел у дзяржзакупках. Таксама ўрад павінен прызнаць сэртыфікаты аб паходжаньні тавараў, якія выдаюць у гэтых раёнах.

У Крамлі лічаць неабходным спыніць зьніжэньне ўзроўню жыцьця ва ўмовах «эканамічнай блякады і пагаршэньня сытуацыі ў выніку распаўсюджваньня новай каранавіруснай інфэкцыі».

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што рашэньне аб аказаньні падтрымкі Пуцін прыняў, «кіруючыся агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага гуманітарнага права».

Журналісты Донбасс.Реалии (праект Радыё Свабода), якія вывучылі «Праграму паскоранага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця тэрыторый на 2022–2024 гады», якая трапіла да іх, высьветлілі, што ў наступныя тры гады Расея выдзеліць на разьвіцьцё «ДНР» і «ЛНР» больш за 900 млрд рублёў (звыш $12 млрд).

Міністэрства замежных справаў Украіны расцаніла гэтыя дзеяньня Расеі як «грубае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны, парушэньне ўкраінскага заканадаўства і нормаў міжнароднага права».

Як адзначаецца ў афіцыйнай заяве, такім чынам Расея зацягвае часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны ў свой эканамічны, палітычны, электаральны і інфармацыйны прастор.

«Падпісаньне ўказу супярэчыць абавязаньням Расеі паводле менскіх дамоўленасьцяў і дамоўленасьцяў у межах нармандзкага фармату, падрывае намаганьні Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны па аднаўленьні прадуктыўнай працы гэтых важных пляцовак для мірнага ўрэгуляваньня».

МЗС Украіны накіраваў з гэтай нагоды адпаведную ноту пратэсту ў МЗС Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG