Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек павінен быць адказны за сябе». Як Sex Education Day дапамагае людзям


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

13 лістапада онлайн і офлайн пройдзе V фэстываль сэксуальнай асьветы Sex Education Day. Яго заснавальніца Аліна Сельвясюк расказвае, чым ён дапамагае людзям, што будзе цікавага сёлета, а таксама — чаму трэба займацца сваім разьвіцьцём у такія змрочныя часы.

Сёлета на фэстываль зарэгістравалася ў два разы больш людзей, чым мінулым разам. Заснавальніца прызнаецца: раней перажывала, што наведнікаў будзе мала, але цяпер упэўненая, што ўсё пройдзе добра. Гэтым разам арганізаваць фэстываль было складаней, бо Аліна цяпер за мяжой.

«Увесь фэстываль — адна вялікая складанасьць, — сьмяецца Аліна Сельвясюк. — Бо кожны раз трэба карыстацца праграмамі, якімі ты да гэтага не карыстаўся, працаваць зь людзьмі, якіх ты ня ведаеш, і дэлегаваць абавязкі іншым, а я гэта наогул баюся рабіць. Шчасьце, што ў мяне ёсьць памочніца ў Менску, дзякуючы ёй усё адбылося».

Аліна кажа, што ў захапленьні ад каманды, якая працуе над фэстывалем.

«Для мяне было важна, каб людзі ня проста сабраліся, а каб ім разам было камфортна на пляцоўцы. Пасьля здымак падкасту, напрыклад, я ва ўсіх пыталася, ці зручна было ім, ці добра? Таму што калі людзям не камфортна разам, можна рабіць нешта крутое, але застанецца непрыемнае адчуваньне. Але ўсе так сышліся! Гэта проста магія!»

«Гэта дапамагае зразумець, што з табой адбываецца»

У праграме сёлетняга фэстывалю будзе больш інтэрактыву.

«Мы вырашылі акрамя адукацыйнага фармату даць крыху забаўляльнага, каб людзям было ня проста карысна, але і цікава. У нас зьявіўся падкаст. Гэта падобна да лекцыі, бо мы падрыхтавалі пытаньні сьпікеру, на якія ён павінен адказаць, тэмы, якія мы хочам захапіць. Пры гэтым зьявіўся чалавек, які можа ў любы момант спыніць сьпікера і задаць пытаньне. Гэта экспэрымэнт, паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але калі я адглядала відэа, я сьмяялася».

У офлайне будуць дзьве тэатральныя пастаноўкі.

«У першай хлопцы і дзяўчаты з Форум-тэатру бяруць гісторыі рэальных людзей і іх граюць. Напрыклад, нешта здарылася, да некага нехта прычапіўся ў грамадзкім месцы. І вось яны робяць такую інтэрактыўную пастаноўку з праблемай, далей стоп-кадар, а пасьля пэрформанс прайграюць да таго часу, пакуль глядач не прыходзіць да нейкага рашэньня, якое спыніць гэтую сытуацыю ці не дазволіць ёй адбыцца, дапаможа герою адчуваць сябе камфортна. Усё будзе адбывацца, пакуль мы цалкам не прыбяром з гісторыі гвалт».

Так удзельнікі могуць пражыць некалькі гісторый, адчуць сябе больш упэўненымі, прапрацаваць свае пытаньні.

«Я думаю, гэта дапамагае зразумець, што з табой адбываецца, калі такая гісторыя здараецца. Са мной было такое. Я ехала ў цягніку, сядзела каля вакна, людзей было вельмі шмат, і ў нейкі момант хлопец пачаў мяне чапаць. Я настолькі была ў шоку, у мяне быў такі страх, я не магла нічога вымавіць, ён ужо чапаў мяне за дупу. Тады я павярнулася і неяк паглядзела на яго, ён прыбраў руку, але потым пачаў зноў. Я не магла закрычаць, але моцна сьціснула руку. І быццам нічога ня здарылася, нехта скажа: „Нічога, цябе ж ня згвалцілі“. Але я да гэтага часу не магу дыхаць, калі пра гэта расказваю».

Статыстыка такіх гісторый вельмі дрэнная, кажа Аліна. Дзяўчына разумее, што тэмы няма на паверхні, але калі пачынаюць пра гэта гаварыць, людзі адкрываюцца. Таму будзе яшчэ адна пастаноўка — «Мой першы раз» ад Клюбу ананімных тэатралаў.

«Дзяўчаты з Клюбу знаходзяць людзей, якія гатовыя расказаць, як прайшоў іх першы раз. Яны зьбіраюць гісторыі, міміку, жэсты, як чалавек расказваў, як ён рухаўся. Дзяўчаты выходзяць на сцэну, сядаюць у крэсла і расказваюць ад імя гераінь, як гэта было выдатна і прыемна, ці як гэта было жудасна, гвалтоўна. Я ня ведаю, ці будуць наведнікі настолькі сьмелымі, каб выйсьці і падзяліцца сваім досьведам, але магчымасьць такая дакладна будзе».

«Калі вам сказалі глупства, ідзіце да іншага спэцыяліста»

Аліна кажа, што пасьля фэстывалю да яе зьвяртаюцца людзі па рэкамэндацыі.

«Калі я толькі пачынала рабіць фэстываль, нават ня думала, наколькі вялікая праблема з гінэколягамі. Але я магла здагадацца. Калі я прыходзіла ў падлеткавым веку да лекара, ён мяне нават не правяраў, падпісваў паперку і адпускаў. Мне аднойчы напісала дзяўчына, як схадзіла да неадукаванага гінэколяга, які паставіў ёй сьмяротны дыягназ. Я зразумела, што чалавек за пару дзён можа так сябе накруціць, што потым, нават калі яму і скажуць, што ён здаровы, ён ужо ў гэта не паверыць, бо будзе ў велізарным стрэсе. Таму я зьвярнулася да нашых сьпікераў, доктарак, да якіх ёсьць давер, і дамовілася на прыём для гэтай дзяўчыны. Адна наша сьпікерка тлумачыла, што калі вам сказалі глупства, ідзіце да іншага спэцыяліста, бо некампэтэнтных вельмі шмат».

Аліна адзначае, што нягледзячы на змрочныя часы, у якіх мы жывём, важна працягваць разьвівацца, даглядаць сябе, сачыць за здароўем. Калі канцэнтравацца выключна на зьнешніх фактарах, праблемах, то руху наперад ня будзе.

«Мой фэстываль пра тое, каб разьвіць, што ў нас унутры. Мы можам пачаць зь сябе і зьмяняць усё навокал. Можна колькі заўгодна глядзець на іншых людзей, разумець, што нешта ня тое адбываецца, але які сэнс, калі ты проста сядзіш, і ўсё? Вось ідзі, паглядзі на сябе ў люстэрка, вазьмі нейкую задачу, якую ты даўно адкладаў, і выканай яе. Дзеяньне нараджае дзеяньне. Пустата, прыпынак, паўза не нараджаюць нічога. Таму важна канцэнтраваць увагу на сабе, а не распыляцца».

Трансьляцыю фэстывалю можна глядзець тут

«Хочацца, каб людзі разумелі, чаго яны хочуць, а чаго не»

Аліна кажа, што за перапынак паміж чацьвёртым і пятым фэстывалем убачыла, як праект дапамагае людзям.

«У верасьні да мяне ў каманду прыйшла дзяўчына, якая расказала, што ўжо 4 месяцы ходзіць на цялесную тэрапію, на якую наважылася пасьля нашых лекцый. Яшчэ адна дзяўчына напісала, што выбрала кірунак працы дзякуючы фэстывалю. Людзі пачынаюць раіць кнігі, пра якія казалі сьпікеры на фэстывалі, расказваюць, што яны даведаліся. Яны дзеляцца інфармацыяй, якую я даю ў Instagram. Я бачу, што для іх гэта важна. Праз гэты праект я адчуваю сваю карысьць, магу чымсьці дапамагаць іншым людзям».

Гэтым праектам дзяўчына вырашае і свае ўнутраныя праблемы.

«Я пераходжу стэрэатыпныя межы, пачынаю ў чымсьці разьбірацца лепш і раблю сваё жыцьцё якасным. Сэксуальнасьць моцна зьвязаная з упэўненасьцю. Я станаўлюся больш упэўненай дзякуючы праектам, якія я раблю. Я бачу, што падобныя праблемы ёсьць і ў іншых людзей, таму я іх адпускаю і раблюся вольнай».

Аліна кажа, што робіць праект яшчэ і дзеля таго, каб людзі больш сьвядома ставіліся да сябе і да сытуацый, якія зь імі адбываюцца.

«Мне вельмі хочацца, каб людзі думалі, каб яны разумелі, што вакол іх адбываецца, чаго яны хочуць, а чаго не. Ведалі, што яны могуць адмовіць. Гэта пра крытычнае мысьленьне, пра сьвядомасьць, што я для сябе галоўны, і калі я не хачу спаць з гэтым чалавекам, то я знайду сілы сказаць яму „не“. Чалавек павінен быць адказны за сябе. Калі я пісала пост пра актыўную згоду, разумела, што гэта ня толькі пра сэксуальныя адносіны. Гэта шырэй, чым сказаць „не“ сэксу, гэта сказаць „не“, калі табе ўвогуле чагосьці ня хочацца».

Запісы лекцый і выступаў зь мінулых фэстываляў глядзіце наютуб-канале.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG